Ці адаптаваліся беларусы да вайны ў суседзяў? Размова з псіхолагам пра тое, як захаваць псіхіку ў крызісных сітуацыях


«Белсат» пагутарыў з Вольгаю Падольскай, якая працуе клінічным псіхолагам у Сан-Францыска, ЗША.

Даведка
Вольга Падольская, клінічны псіхолаг (Сан-Францыска, ЗША). Фота для «Белсату»

– Першая рэакцыя беларусаў на вайну ва Украіне – паніка. Людзі імкнуліся ўцячы з краіны, назапасіць запалкі і цукар. Ці нармальна гэта?

– Трывога ў такой сітуацыі абсалютна апраўданая. Два суседы ўступілі ў вайну. І робіцца ясна, што Беларусі таксама шмат чаго пагражае. Там трывога апраўданая. Паніка адрозніваецца ад трывогі некантраляванасцю: паніка дэструктыўная. І ў паніцы чалавек пачынае задыхацца, здзяйсняе недарэчныя рухі, мітусіцца. У гэтай сітуацыі паніка, хутчэй, шкодзіць, чымся дапамагае. Трэба старацца ў паніку не ўпадаць, бо яна ў сітуацыі нават ваенных дзеянняў прыводзіць да яшчэ больш негатыўных наступстваў.

– А як у такіх рэаліях захаваць нервы?

– У будыстаў ёсць такая канцэпцыя: быць тут і цяпер. Наш мозг не вельмі разлічаны на тое, каб адрозніваць прадказанае ад ужо здзейсненага. І калі мозг прадказвае, што вайна магчымая, то цела пачынае рэагаваць так, нібыта вайна ўжо здарылася. І ў гэтым выпадку нам трэба вярнуцца ў цела. Каб не было панікі, трэба вярнуцца ў «тут і цяпер». Паглядзець, напрыклад, што я цяпер сяджу на крэсле, вакол мяне кнігі, і бомбы не выбухаюць, я магу спакойна дыхаць, я магу пайсці папіць вады ці зʼесці штосьці смачнае. Дзеля гэтага існуе так званая тэхніка «5-4-3-2-1». Да прыкладу, трэба знайсці пяць прадметаў аранжавага колеру вакол сябе, пасля гэтага зрабіць чатыры рухі, панюхаць тры нейкія пахі, зʼесці дзве нейкія рэчы з пэўным густам. Гэта значыць, даць целу адчуванні, якія вернуць яго ў «тут і цяпер». Вяртацца ў цела – самае важнае, што можна параіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці ў залі чакання на вакзале ў Львове, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

– Што адбываецца цяпер з людзьмі? На якой яны стадыі?

– Цяпер так званая стадыя рэзістэнтнасці. Да прыняцця яшчэ вельмі далёка. Спачатку ўзнікае стрэсавы адказ, востры стрэс, пасля чаго надыходзіць стадыя рэзістэнтнасці, калі чалавек проста можа супраціўляцца гэтаму стрэсу. Груба кажучы, ён да яго прызвычайваецца. Гэтая стадыя не бясконцая. І калі стрэс працягваецца доўга, то гэта так званае прызвычайванне развальваецца. У гэтай сітуацыі альбо ўзнікае прыняцце, альбо надыходзіць стадыя дэкампенсацыі, калі чалавек пачынае саматызавацца: любая жывая істота пачынае саматызавацца, і ў выніку можа памерці. Проста памерці ад стрэсу. Людзі, у каго мацнейшая нервовая сістэма, яны ўвойдуць у стадыю адаптацыі. Гэта значыць, пачнуць жыць, як быццам гэта і ёсць нармальнае іхнае жыццё. Іншыя асобы, у каго нервовая сістэма слабейшая, былі траўмы, – гэтыя людзі стануць дэкампенсавацца, яны пачнуць хварэць фізічна. У выніку стрэсу мы чакаем павелічэння хворых людзей, не толькі хворых псіхалагічна, але і на фізічныя хваробы. Гэта можа быць язва страўніка, скураныя хваробы, хваробы страўнікавага тракту, сардэчныя – інфарктаў, на жаль, даводзіцца чакаць.

– А калі адбываецца кропка падзелу на гэтыя дзве галіны?

– Тут няма строгіх часавых межаў. Высокаадаптыўныя людзі прыходзяць у норму досыць хутка. Вось тое, што датычыць мышэй: мышы гінулі за два тыдні стрэсу. Што да людзей, тут няма такіх строгіх межаў. Відавочна, што людзі больш адаптыўныя за мышэй. Гэта значыць, няма гаворкі пра два тыдні. Мы, магчыма, гаворым пра два месяцы, а для кагосьці гэта паўгода. Гэта вельмі індывідуальна.

– Як пераключыць сваю ўвагу? Як захаваць псіхіку?

– Па-першае, абмяжоўваць чытанне інфармацыі. Наогул хавацца ад інфармацыі нельга, бо яна важная, у тым ліку для прыняцця рашэнняў, але дастаткова пачытаць нейкія паблікі ці навінавыя стужкі цягам паўгадзіны, максімум гадзіны. Трэба абмежаваць чытанне навінаў. Другое, што мы робім, – вяртаемся ў цела. А потым наступае трэці этап – ацэнка і прыняцце рашэння. Вы кажаце: а што ж мне рабіць у сітуацыі, якая склалася? Асабіста мне. Тут трэба цвяроза ацаніць рызыкі, якія ёсць. І так, у шмат якіх выпадках будзе абсалютна апраўданы, напрыклад, ад’езд з краіны. Бо вы ацэньваеце рызыкі зацягвання вашай дзяржавы ў вайну як высокія. Важна прыняць рашэнне, бо лекамі ад трывогі і панікі ёсць дзейнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст супраць расейскага ўварвання ва Украіну ля амбасады Расеі ў Вашынгтоне. 25 лютага 2022 года.
Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News

– Якія заканамернасці вы заўважылі ў паводзінах людзей, якія цяпер не на вайне?

– Вельмі часта бачу сітуацыі, калі чалавек начытаўся навінаў і пачынае рэагаваць значна больш агрэсіўна, эмацыйна, чым нават людзі, якія застаюцца непасрэдна ў месцах баявых дзеянняў. Гэтага дапускаць не трэба. Неабходна пераключаць увагу з навінаў: любавацца кветкамі, пупышкамі, захадамі сонца, выкарыстоўваць крэмы, чысціць зубы, прымаць ванну з пенай. Гэта значыць, усяляк радаваць сябе, не забывацца, што жыццё працягваецца. Не ўпадаць вось у гэты эмацыйны стан, калі ты начытаўся навінаў і пачынаеш сваё раздражненне, злосць, агрэсію, страх несці далей. Не трэба памнажаць дэструктыўных эмоцыяў. Выказвайце, калі ласка, эмоцыі канструктыўна.

Фота
Фотастудыя, фітнес-клуб, тэатр лялек. Дзе і як Львоў размяшчае перасяленцаў з усей краіны
2022.03.24 09:00

АМ belsat.eu

Стужка навінаў