Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Днём Волі


Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з нагоды 104-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР.

«Aд імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі хачу павіншаваць вас з Днём Волі, угодкамі таго слаўнага 25 сакавіка, калі наш народ абвясціў пасля больш стагоддзя няволі, што ён «скінуў апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці», – сказала ў звароце Івонка Сурвіла.

Івонка Сурвіла прыгадала аднаўленне незалежнасці на пачатку 1990-х: «Пасля таго як бальшавікі зноў адабралі ў нас нашую дзяржаву, мы 70 гадоў змагаліся, каб яе аднавіць. І мы аднавілі яе! 25 жніўня 1991 года была абвешчаная незалежнасць Рэспублікі Беларусь».

«На жаль, былы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зноў уцягнуў наш край у няволю. Ён прадаў яго, каб захаваць сваю ўладу. І нашаму беднаму народу зноў трэба змагацца за волю, – працягвае старшыня Рады БНР. – Але так, як мы здолелі захаваць наш край на працягу тысячы гадоў ад нападаў з боку нашага ўсходняга ворага, здолеем гэта зрабіць і гэтым разам. Маем доўгі досвед змагання за волю. Прыйшоў час, калі гэты досвед нас зноў выратуе».

У сваім звароце Івонка Сурвіла заклікае беларусаў да еднасці:

«Давайце выйдзем шчыльнымі радамі, так, як сёння выйшлі нашыя браты-ўкраінцы. І пакажам свету – так, як паказалі ў 2020 годзе на вуліцах нашых гарадоў, – што мы адважны і волялюбны народ і што мы маем не меншае права, чым нашыя суседзі, жыць у сваёй вольнай і незалежнай дзяржаве.

Прэтэнзіі на яе з боку нашага ўсходняга суседа – гэта спроба абрабаваць нас так, як ён рабаваў столькі разоў ужо ў нашай гісторыі. Аднак мы выжылі дзесяць стагоддзяў – выжывем і цяпер.

Дык віншую ўсіх нас з Днём Волі! Давайце разам, ува ўсім свеце, належна адзначым гэтае найбольшае нашае нацыянальнае свята! Давайце адзначым яго з верай у нашую перамогу! Жыве Беларусь!» – завяршае свой зварот старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Hавiны
«Прагнаць чужынцаў са сваіх гарадоў». Ціханоўская звярнулася да беларусаў да Дня Волі
2022.03.24 20:48

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў