Спорт па-за палітыкаю vs спорт дзеля міру. Ці маюць спартовую будучыню алімпійскія чэмпіёны ў Беларусі?


Менеджар міжнародных стасункаў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў цвердзіць у інтэрв’ю «Белсату»: дзейныя алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету ўжо паставілі крыж на сваёй карʼеры.

Размаўляем пра перспектывы беларускіх спартоўцаў у цяперашніх палітычных умовах.

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
На здымку – прадстаўнік НАК Анатоль Котаў. Варшава, Польшча. 21 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

– Я б выставіў наперад сцвярджэнню «спорт па-за палітыкаю» найбольш важны і красамоўны аргумент: спорт – дзеля міру. Ад гэтага павінныя найперш адштурхоўвацца ўва ўсім свеце. Калі гэтага міру няма, то не ўратуюць заклікі не перамяжоўваць спорту з палітыкаю. Калі справа дайшла да відавочнага канфлікту, да братазабойчай і абсалютна бессэнсоўнай вайны, то гэта ўжо не палітыка. Гэта дыктатарскія амбіцыі лідара таталітарнага рэжыму. І для спартоўцаў, адпаведна, як і для ўсіх, гэта не палітыка, гэта тэст на здаровы сэнс, выбар паміж дабром і злом. Пасля 2020 года мы ўвогуле не маглі зазначаць, што спорт па-за палітыкаю. Бо сітуацыя была справакаваная менавіта палітычным крызісам у Беларусі і кранулася яна ў тым ліку спорту найвышэйшых дасягненняў. Відавочна, што нашыя атлеты вельмі залежныя ад дзяржавы. І калі ад яе адварочваюцца, выказваючы сваё меркаванне, то трацяць фінансаванне і магчымасць выступаць. Бо на спаборніцтвы заяўкі дасылаюць менавіта нацыянальныя федэрацыі. Цяпер мы бачым такі зыход, што тыя, хто падтрымаў дзяржаўную палітыку, аўтаматычна пазбавіліся ўдзелу ў міжнародных стартах, а на вялікае, яшчэ дзейныя алімпійскія чэмпіёны ці чэмпіёны свету тым самым аднамомантна паставілі крыж на сваёй далейшай кар’еры.

– Якія цяпер першачарговыя мэты Беларускага фонду спартовай салідарнасці, калі ўсё, за што змагаліся летась і ў пачатку гэтага года, практычна вырашылася само сабою, і беларускі спорт разам з расейскім адлучаны ад цывілізацыі?

– Мы ўсталявалі больш сталы кантакт з нашымі ўкраінскімі калегамі. Тлумачым, што ёсць спартоўцы, якія былі адхіленыя ад спаборніцтваў, але не міжнароднымі арганізацыямі, а ўладаю сваёй краіны з палітычных прычынаў: не падтрымалі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яны два гады змагаліся за свабоду ў Беларусі і ўсцяж вельмі адкрыта выказваюць сваю цвёрдую пазіцыю. Мы знайшлі паразуменне. Украінцы нам дапамогуць у спробах аднавіць удзел такіх беларускіх спартоўцаў у чэмпіянатах свету, этапах Кубка свету і чэмпіянатах Еўропы, якія, у сваёй большасці, будуць кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў – 2024 у Парыжы ды зімовай Алімпіяды – 2026 у італьянскіх Мілане і Картына-д’Ампэцца.

Hавiны
«Свет падзяліўся на людзей і расейцаў». Легенда беларускага футболу Аляксандр Хацкевіч выказаўся пра вайну
2022.03.25 14:49

Калі не клапаціцца пра сумленных атлетаў, якія яшчэ не страцілі формы, то цягам некалькіх гадоў, магчыма, аднаго-двух алімпійскіх цыклаў будзе цяжка знайсці, па-першае, канкурэнтаздольных спартоўцаў, а па-другое, няпроста тлумачыць, што яны былі яшчэ зусім маладзенькія, калі разгортваліся гэтыя падзеі, і ад гэтых людзей нічога не залежала. Тэарэтычная магчымасць таго, што будуць асобна дапускаць спартоўцаў Беларусі і Расеі ёсць. Пакуль у нейтральным статусе. І Беларускі фонд спартовай салідарнасці паставіў перад сабою задачу: тыя, хто адкрыта выступіў супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне і хто пацярпеў за сваю пазіцыю, не павінныя быць пазбаўленыя права выступаць у міжнародных турнірах. Мы разумеем, што наперадзе яшчэ вельмі доўгі шлях, але ўжо просім падтрымання ад украінскага спорту. І ўсё кажа пра тое, што мы яго атрымаем. Бо там таксама ведаюць, што не ўсе расейскія ці беларускія спартоўцы падтрымалі дзеянні ўладаў. Ёсць тыя, хто застаўся чалавекам. Тут паўстае іншае пытанне: ці Беларусь і Расея пагодзяцца на тое, каб іх спартоўцы выступалі пад нейтральным сцягам. Наколькі мне вядома, міністэрствы спорту і Беларусі, і Расеі зрабілі ўнутраныя распараджэнні, каб той, хто будзе выступаць нейтральна, быў пазбаўлены фінансавання цалкам. Але наш фонд ужо мае добры досвед матэрыяльнай дапамогі вольным спартоўцам.

Марш герояў
Канстанцін Якаўлеў, галоўны трэнер гандбольнай камады «Віцязь».
Фота: Белсат

Акрамя таго, БФСС працягвае збіраць інфармацыю пра выпадкі далейшай дыскрымінацыі беларусаў з нашай галіны. І ўжо не толькі ў Беларусі, а за яе межамі. І гэтых выпадкаў нашмат больш. У прыватнасці «Трыбуне» стала вядома, што прадстаўнікі тэнісу, бегу і аматары аўтаспорту, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь праз пагрозу гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі, трапілі пад санкцыі ўжо ў Польшчы. Гэта ў асноўным зусім маладыя спартоўцы. Ім забаранілі браць удзел у спаборніцтвах нават пры наяўнасці гуманітарных візаў. Такія выпадкі таксама фіксаваліся сярод маладых тэнісістаў, футбалістаў, картынгістаў. І мы ўжо выходзім на польскія нацыянальныя федэрацыі па відах спорту і далей звернемся да Міністэрства спорту з запытам і канкрэтнымі прыкладамі падобных выпадкаў.

– Беларускі фонд спартовай салідарнасці звяртаўся ва УЕФА з просьбаю расследаваць відавочныя парушэнні статуту Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў у беларускім футболе і атрымаў адмову. Але падаў скаргу на УЕФА ў Міжнародны спартовы арбітражны суд у Лазане, за што той спагнаў 22,5 тысячы еўраў. Які лёс гэтага звароту?

– Справа непрыстойна зацягнулася. Прычыны невядомыя. Але прынамсі мы маем канкрэтную дату разгляду – 28 красавіка. Юрысты нашага фонду ўпэўненыя ў станоўчым зыходзе гэтага кейсу на карысць здаровага сэнсу. Трэба падкрэсліць, што УЕФА і ФІФА адлучылі ад міжнародных спаборніцтваў клубы і зборныя толькі Расеі. Беларусь, хаўрусніца Расеі ў ваеннай агрэсіі, застаецца па-за межамі такога пакарання і можа гуляць, напрыклад, у Лізе нацыяў, хіба што на нейтральнай тэрыторыі і без заўзятараў. Такую недамеру віцэ-прэзідэнт УЕФА паляк Збігнеў Бонек патлумачыў наступным чынам: «УЕФА даводзіцца прымаць рашэнні, якія абараняюць нашую арганізацыю ад вышэйшых уладаў. Бо ўсе пакараныя потым паведамляюць у незалежныя суды. У выпадку з Расеяй Міжнародны спартовы арбітражны суд нават два разы разглядаў хадайніцтва Расейскай Федэрацыі, але абодва разы іх адхіліў. Была б мая воля, я б выкінуў і Беларусь разам з Расеяй з усіх спаборніцтваў».

Прынамсі асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» ўжо цяпер цяжка знайсці супернікаў нават на таварыскія двубоі. Са скрыпам дамовіліся на матчы з Індыяй і Бахрэйнам, пры тым, што іх нацыянальныя федэрацыі давялося доўга ўгаворваць.

26 сакавіка ў Варшаве пройдзе Марш вольных беларусаў. Сярод іх будуць і спартоўцы: Аляксандра Герасіменя, Крысціна Ціманоўская, Сцяпан Папоў, Яўген Мазура ды іншыя.

Інтэрв’ю
Дар’я Далідовіч працягне спартовую карʼеру як будучая біятланістка
2022.03.20 15:45

АП belsat.eu

Стужка навінаў