Што пачытаць і паглядзець у Дзень Волі, калі пра БНР вы ведаеце не вельмі шмат


Калі сёння ў вас не святочны настрой ці настрой святочны, а з бел-чырвона-белым сцягам выходзіць не час, то вось вам варыянты, як адзначыць Дзень Волі, прыдбаўшы больш ведаў пра заснавальнікаў Беларускае Народнае Рэспублікі і падзеі, што леглі ў падмурак нашай самасвядомасці.

Што пачытаць?

«Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы. З гэтага насамрэч можна пачынаць свой шлях да знаёмства з гісторыяй таго перыяду. Гэты архіўны раман праглынаецца за дзень, а спампаваць бясплатна можна тут.

«Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі» таксама падрыхтаваў Сяргей Шупа, але гэтае чытво ўжо для тых, хто гатовы паставіць на паўзу сваё жыццё і выправіцца ў захапляльную гістарычную вандроўку. «Архівы БНР» – публікацыя архіўных дакументаў, якія захоўваюцца ў фондзе № 582 Дзяржаўнага архіву Літвы. У гэтых дакументах – гісторыя спробаў стварыць незалежную беларускую дзяржаўнасць пасля Першай сусветнай вайны ў шырокім кантэксце. Падзеі адбываюцца ў Беларусі, Украіне, Літве, Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі. Збор з двух тамоў прапампуе вашыя веды да ўзроўню сур’ёзнага знаўцы. Вельмі раім.

«Шляхамі БНР» – зборнік, прысвечаны лакальнай гісторыі Беларускае Народнае Рэспублікі. Дзевяць гісторыкаў з усёй краіны расказалі пра месцы, звязаныя з абвяшчэннем беларускае дзяржаўнасці і барацьбою за незалежнасць. Кнігу можна выкарыстоўваць як даведнік пра памятныя адрасы БНР у гарадах Беларусі. Тут вы таксама знойдзеце адказ на пытанне, чаму сталіцаю стаўся менавіта Менск.

Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: Белсат

Калі хочаце паглядзець на гісторыю краіны праз гісторыю чалавека? Бярыцеся за «Вінцэнт Жук-Грышкевіч. 25 сакавіка: успаміны з Менску, Будслава, Вільні, Прагі, савецкай турмы». Гэта ўспаміны 6-га старшыні Рады БНР у эміграцыі ды ветэрана арміі Андэрса, які ваяваў супраць нацыстаў у Азіі, Афрыцы ды Заходняй Еўропе. У 1918 годзе аўтару споўнілася ўсяго 15. Кніга цікавая тым, што расказвае не пра падзеі стогадовай даўніны, а пра далейшую традыцыю святкавання даты абвяшчэння незалежнасці БНР.

Яшчэ адна вартая ўвагі гісторыя чалавека – «Генерал, які дайшоў да Беларусі. Жыццяпіс Кіпрыяна Кандратовіча». Кніга будзе цікавая аматарам біяграфіяў, краязнаўцам і прафесійным гісторыкам, а таксама ўсім чытачам, якія цікавяцца беларускаю мінуўшчынаю.

Гэты спіс – абавязковы для вывучэння. Але працягваць пералік вартых увагі выданняў можна яшчэ доўга.

Вы ведаеце, хто такі Раман Скірмунт? Калі пакуль не, пачытайце пра чалавека, які намагаўся зрабіць беларускую гісторыю ХХ стагоддзя гісторыяй не з Леніным, Машэравым, Лукашэнкам, а гісторыю з Сапегамі, Радзівіламі і Скірмунтамі.

Аб’ектыў
Раман Скірмунт: паважаны сярод чужых, недаацэнены сярод сваіх
2018.05.26 23:20

А вось Клаўдзій Дуж-Душэўскі – нібыта чалавек з сучаснасці! Ягоная гісторыя вельмі натхняльная і падобная да цяперашніх актыўных беларусаў, якія ўкладаюцца напоўніцу для нашай агульнай перамогі. Пачытайце і падзівіцеся, на чыіх плячах трымалася Беларуская Народная Рэспубліка тады.

Гісторыі
Клаўдзій Дуж-Душэўскі – чалавек, які ўмеў здзіўляць
2021.04.08 20:41

І трошачку сучаснай магіі! Тут можаце пабачыць айцоў-заснавальнікаў як жывых людзей. І каротка даведацца пра некаторых з іх.

Hавiны
Як маглі б выглядаць айцы – заснавальнікі БНР
2021.03.01 17:46

Што паглядзець?

Калі няма часу і натхнення на вялікую колькасць літараў, то выдаткуйце 7 хвілінаў, каб паглядзець гэтую карацельку ды мець агульнае ўяўленне, што ж мы сёння святкуем.

Абвяшчэнне БНР – гэта не справа аднаго дня, а доўгі і складаны працэс. Калі хочаце арыентавацца ў асноўных падзеях таго перыяду, зірніце выданне праграмы «Мова Нанова» з кандыдатам гістарычных навук Валянцінам Мазецам.

О, а калі вы даўненька не шпацыравалі па Горадні, то вам сюды: не толькі пабачыце гістарычныя мясціны, звязаныя з БНР, а яшчэ і багата чаго даведаецеся.

Загадкі беларускай гісторыі
Год 1918. Беларуская Народная Рэспубліка адбылася
2018.03.26 20:00

Калі вы яшчэ не закаханыя ў спадара Івана Луцкевіча, то гэта часова: аж пакуль не пагледзіце пра яго фільм. Гэта, напэўна, самае вартае відэа з нашага спісу.

Лабірынты
Пра што шкадаваў заснавальнік БНР, паміраючы на руках каханай?
2019.04.07 22:35

А што было, калі б? Так, умоўны лад гісторыі не ўласцівы, але паразважаць пра тое, як бы мы жылі, калі б не было абвяшчэння БНР, вельмі карысна для адчування значнасці падзеяў ды ўчынкаў, якія могуць падавацца наіўным ідэалізмам і нежыццяздольнымі намаганнямі.

Калі вы ўсё яшчэ задаяцеся пытаннем, чаму дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі называем Днём Волі, то вам па гэтай спасылцы: усё паслядоўна растлумачана.

Што за Трэцяя ўстаўная грамата, нашто яна была патрэбная і на што паўплывала? За 15 хвілінаў вы даведаецеся, як 25 сакавіка 1918 года ў Менску Рада БНР ухваліла Трэцюю ўстаўную грамату, у якой абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць Беларусі.

А як дзяржавы тагачаснай Еўропы адрэагавалі на з’яўленне Беларускай Народнай Рэспублікі? Натуральна, былі не толькі прыхільнікі беларускае незалежнасці, але і тыя, хто горача аспрэчваў нашае права на самастойнасць.

Intermarium
БНР: сябры і ворагі. Глядзіце прэм’еру праграмы «Intermarium»
2018.03.25 22:00

Што яшчэ?

Калі вас абмінуў наш тэст раней, то паспрабуйце свае сілы цяпер! А калі вы яго ўжо праходзілі, то не будзе лішнім паназіраць за ростам вашых ведаў пра БНР.

Тэст
У Беларусі была мяжа з Нямеччынаю? Ці віталі беларусы Гітлера? Тэст з простымі пытаннямі пра БНР
2021.03.25 10:00

А вы ўжо ведаеце тэкст гімну БНР? Калі так, то ўключайце і спявайце разам з Вольным хорам! Калі ж пакуль не, то вось вам тэкст:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны свой прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, смелы

Наш беларускі вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі,

На бой – усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й убачыць той,

Хто смее нам нясці прымусы

І першы выкліча на бой.

Браты, да шчасця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы народзім

Жыццё Рэспублікі сваёй!

Hавiны
Нацыянальны гімн. Святочны падарунак беларусам ад «Вольнага хору» і «Белсату»
2021.01.01 00:05

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў