«Не беларускі народ ваюе супраць Украіны, а дыктатар, які трымае яго ў няволі». Размова з Івонкай Сурвілай


104 гады таму, раніцай 25 сакавіка 1918 года, была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер у гэты дзень беларусы святкуюць Дзень Волі. Пра значэнне гэтага свята на фоне рэпрэсіяў у Беларусі, вайны ва Украіне, пра тое, як у такіх умовах адзначаць Дзень Волі, «Белсат» паразмаўляў са старшынёй Рады БНР у выгнанні Івонкай Сурвілай.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Фота: radabnr.org

«У сваім жыцці я адзначала Дзень Волі 73 разы. Часам вельмі сціпла»

– Спадарыня Івонка, як вы лічыце, якое значэнне Дзень Волі мае для беларусаў у сітуацыі, калі любы выхад на вуліцы з адпаведнай сімволікай амаль стоадсоткава пацягне за сабой затрыманне? Як, на ваш погляд, адзначаць гэты дзень у такіх умовах?

– Выхад на вуліцы з нагоды Дня Волі заўсёды меў на мэце перадусім прыгадаць свету, што мы – вольны народ, які абвесціў сваю незалежнасць і дасюль яе цэніць і ёй ганарыцца. Таму кожная дэманстрацыя – гэта, безумоўна, вельмі каштоўнае мерапрыемства. Але ва ўмовах, калі за гэта можна страціць волю, а нават жыццё, на маю думку, трэба абмяркоўваць, як мы можам адзначыць нашае вялікае свята і не даць нагоды сілавікам нас катаваць.

У сваім жыцці я адзначала Дзень Волі, калі не памыляюся, 73 разы. Часам вельмі сціпла, калі нашая грамада збіралася, толькі каб прыгадаць наш вялікі дзень. Часам наадварот – вельмі ўрачыста. У гэты дзень мы заўсёды стараліся нагадаць сабе і іншым, што ніякая імперыя не была вечнай і што мы таксама дачакаемся лепшай будучыні для сваёй Бацькаўшчыны.

– А як вы плануеце святкаваць сёлета?

– Праз «Zoom» з нашай грамадой у Таронта, якая будзе адзначаць свята ў рэлігійна-грамадскім цэнтры. Беларусы з іншых гарадоў – Атавы, Эдмантану – далучацца онлайн. Пачнецца святкаванне з божай службы за беларускі народ, пасля будзе прывітанне, уключна з маім зваротам. Пасля – даклад на тэму дня, канцэрт і абед. Усё гэта ў святочнай атмасферы. Я ўжо другі раз буду прысутнічаць на свяце праз «Zoom».

Інтэрв'ю з Івонкай Сурвілай
У 2020 годзе «Белсат» адмыслова накіраваўся ў Канаду дзеля сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Глядзіце і чытайце ў інтэрв’ю Сяргея Падсасоннага пра гісторыю ейнага жыцця, дзейнасць Фонду дапамогі дзецям Чарнобылю ў Канадзе, пошукі дарогі да Беларусі, а таксама развагі пра сённяшнюю Беларусь.
Фота: Белсат

«Каб выйсці з прыгнёту, кожны беларус мусіць зразумець – ад яго залежыць будучыня Беларусі»

– Яшчэ некалькі гадоў таму стагоддзе БНР у Беларусі можна было адзначыць канцэртам і мітынгам са сцягамі ў горадзе, няхай і на сцісла акрэсленай пляцоўцы. Цяпер гэта зусім немагчыма, і ўвогуле, напэўна, маем ці не найгоршую сітуацыю са свабодай за апошнія 28 гадоў. Ці згодныя Вы з тым, што цяперашняе становішча ў Беларусі можна называць акупацыяй?

– Як бы гэта ні было балюча прызнаць, але наш незалежны край зноў уцягнуты ў няволю, і толькі таму, што гэта было выгадна аднаму чалавеку. Суцяшэнне адно: нас ніхто не можа абвінаваціць у злачынствах гэтага чалавека і ягонага спонсара ў Маскве. Але трэба, каб пра гэта ведала ўсё чалавецтва. У прыватнасці, як мага болей трэба цяпер пісаць і заяўляць на ўвесь свет, што не беларускі народ ваюе супраць Украіны, а дыктатар, які яго трымае ў няволі. Трэба даводзіць да ведама, што Лукашэнка ні ў якім выпадку не мае права прадстаўляць беларускі народ.

– Што мы можам сёння зрабіць, каб выйсці з гэтай няволі? Ці гэта магчыма высілкамі толькі адных беларусаў, ці нам патрэбная міжнародная дапамога?

– Каб выйсці з прыгнёту, трэба, каб кожны беларус зразумеў, што ад яго залежыць будучыня Беларусі. Так, як нашыя браты-ўкраінцы зразумелі, што ад кожнага з іх залежыць, ці перамогуць яны агрэсара, ці не. Безумоўна, нават у найлепшых умовах без дапамогі звонку цяжка бараніцца перад у дзясятак разоў мацнейшым ворагам. Але цывілізаваны свет не адмовіць нам у дапамозе, калі будзе бачыць, што мы змагаемся за нашыя правы, а не за «нацыянальныя інтарэсы» варожага нам суседа.

У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Вольны чалавек змагаецца за ідэалы, у канцлагеры задача – выжыць»

– Ёсць такое меркаванне, што ўсе, хто мог у Беларусі змагацца за волю, ці ў турмах, ці з’ехалі, і што лепш бы не было тых масавых пратэстаў у 2020 годзе, бо цяпер у Беларусі як ніколі патрэбныя актыўныя людзі, а іх няма, і няма каму змагацца. Ці згодныя вы?

– Ці хтосьці сапраўды можа паверыць, што людзі, якія дагэтуль не далучаліся да пратэстаў, раптоўна пайшлі б бараніць свой край у выпадку патрэбы? Яны перачакалі спакойна і мітынгі, і рэпрэсіі, а цяпер маюць адвагу абвінавачваць тых, хто змагаўся ды цяпер пакутуе ў турмах або быў змушаны эміграваць. Мае героі – гэта тыя, што былі на вуліцах Менску ў жніўні 2020 года.

– Украінцы папракаюць беларусаў, што мы баімся дручкоў і содняў арышту, у той час як яны, украінцы, выходзяць на пратэсты пад кулі. Як вы думаеце, ці праўда беларусы такія баязліўцы, а ўкраінцы – смелыя? Ці маюць рацыю тыя, хто кажуць, што цяпер пратэст у Беларусі – гэта як пратэст у канцлагеры і ў прынцыпе немагчымы, а ўкраінцы проста не разумеюць сітуацыі?

– Гэта праўда, што цяпер пратэст у Беларусі – гэта як бунт у канцлагеры. Украінцы яшчэ не пазналі ў гэтым стагоддзі канцлагераў і таму не ведаюць, што гавораць. Для вольнага чалавека абсалютна нармальна змагацца за свае ідэалы, за Бацькаўшчыну. Чалавеку ў канцлагеры трэба толькі выжыць. Беларусы цяпер пад ботам крывавага дыктатара, яны мусяць кожны дзень рабіць выбар між жыццём і смерцю.

«Не магу дараваць Лукашэнку, што ўцягнуў наш народ у вайну»

– Што вы думаеце пра гэтую плынь негатыву, што цяпер ідзе ў дачыненні беларусаў? Ці мусім мы адчуваць сябе вінаватымі, адказнымі за ўдзел нашай краіны ў вайне?

– Адчуваць сябе вінаватымі ні ў якім выпадку мы не можам. Але нашым заданнем цяпер зноў стала даказваць свету, што Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ і што не народ наш з’яўляецца агрэсарам, а ўзурпатар улады з дапамогай суседняга спонсара. Беларусы – гасцінныя і мірныя, і адзінае нашае жаданне – жыць мірна і спакойна на нашай уласнай прыгожай зямлі, у згодзе з нашымі добразычлівымі суседзямі.

Міжрэгіянальны цэнтр прафесійна-тэхнічнай адукацыі з першых дзён вайны прымае перасяленцаў, якіх размяшчае ў інтэрнаце вучэльні. Тут жыве больш за сто асобаў. Львоў, Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

– Спадарыня Івонка, як вы асабіста перажылі навіну пра пачатак вайны ва Украіне і пра тое, што ракеты ляцяць у тым ліку з нашай тэрыторыі?

– Як і ўсе мы, не магу дараваць Лукашэнку, што прадаў наш край свайму дзікаму апекуну, толькі каб захаваць уладу! Недаравальна, што ўцягнуў народ у вайну, робячы з нас у вачах свету не толькі агрэсараў, але і ваенных злачынцаў. Мы войнаў не зносім не толькі таму, што зашмат прыйшлося іх перажыць ды ад іх пацярпець, але і таму, што мы спакойны і міралюбны народ. Але хто цяпер у гэта паверыць…

Фота
«Сама сплю ў гатэлі». Беларуска з Любліна аддала свой дом пад прытулак для ўцекачоў
2022.03.13 11:29

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў