Голас беларускіх палякаў. Анджэй Пачобут ужо год за кратамі


Польскі журналіст з Горадні, сябра Галоўнай управы Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут быў затрыманы год таму. За «рэабілітацыю нацызму» яму пагражае 12 гадоў турмы. «Белсат» падвёў вынікі года рэпрэсіяў супраць журналіста.

Анджэй Пачобут.
Фота: Белсат

Анджэй Пачобут цягам гадоў быў голасам польскай меншасці ў Беларусі: пісаў аб праблемах, патрэбах і дасягненнях. Не маўчаў, калі пераследавалі палякаў. Ужо год ён і Анджэліка Борыс застаюцца сімваламі рэпрэсіяў супраць палякаў з боку беларускага рэжыму.

Сакавік 2021 года: паляванне на палякаў

Чарговы эпізод рэпрэсіяў супраць польскіх лідараў у Беларусі пачаўся ў сакавіку 2021 года, хаця пераслед нацыянальных меншасцяў у розных формах і ступенях інтэнсіўнасці адбываўся з пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

28 лютага 2021 года ў Берасці ў Польскай сацыяльнай школе cкаўтаў адзначылі Дзень выклятых жаўнераў. Гэта сталася падставаю для высылання з Беларусі польскага консула ў Берасці Ежы Тымафеюка 10 сакавіка і затрымання дырэктаркі школы Ганны Панішавай 12 сакавіка.

Абноўлена
У Берасці затрымалі дырэктарку Польскай школы
2021.03.12 16:14

Нягледзячы на ​​тое, што берасцейская школа належала да арганізацыі, не звязанай з непрызнаным рэжымам Саюзам палякаў у Беларусі, беларускія спецслужбы пачалі правяраць іншыя польскія школы. У Лідзе настаўнікаў выклікалі на допыты. Анджэліка Борыс, якая ўзначальвала Саюз палякаў у Беларусі, выступіла з заяваю, што «цяпер проста надышла чарга» рэпрэсіяў супраць польскай меншасці.

23 сакавіка ў Горадні затрымалі і саму кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі. Анджэй Пачобут як ейны блізкі паплечнік і журналіст увесь вечар спрабаваў высветліць, за што схапілі Анджэліку Борыс. Толькі ўначы ён атрымаў інфармацыю, што яе вінавацяць у арганізацыі незаконнага збору – традыцыйнага кірмашу Казюкі ў Горадні.

На наступны дзень польскую лідарку асудзілі на 15 содняў арышту.

25 сакавіка пачаўся з затрымання Анджэя Пачобута і дзвюх актывістак польскай меншасці – Ірэны Бярнацкай з Ліды і Марыі Цішкоўскай з Ваўкавыску. Разам з раней затрыманымі Ганнаю Панішавай і Анджэлікаю Борыс іх перавялі ў СІЗА № 1 Менску, сумнавядомую Валадарку.

Беларускія праваабаронцы прызналі ўсіх пяцярых палітвязнямі.

Красавік 2021 года: абвінавачанні ў «рэабілітацыі нацызму»

1 красавіка Анджэю Пачобуту і Марыі Цішкоўскай афіцыйна выставілі абвінавачанне паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Напярэдадні абвінавачанні былі выстаўленыя Ганне Панішавай, а на наступны дзень – Анджэліцы Борыс і Ірэне Бярнацкай. Гэтыя працэсы ў Беларусі назвалі «польскаю справаю».

Генеральная пракуратура абвінаваціла іх у «распальванні нацыянальнай, этнічнай або рэлігійнай варожасці» і «рэабілітацыі нацызму», за што ім пагражала ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Як паведамілі ў Генпракуратуры, Саюз палякаў у Беларусі з 2018 года нібыта арганізоўваў імпрэзы, прысвечаныя выклятым жаўнерам, якіх рэжым лічыць злачынцамі.

Дзейнасць польскага незалежнага падполля на Гарадзеншчыне была сферай інтарэсаў і даследаванняў Анджэя Пачобута. У тым жа месяцы генпракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што пракуратура будзе шукаць польскіх ваенных злачынцаў часу Другой сусветнай вайны.

Анджэй Пачобут.
Фота: Lukasz Dejnarowicz / Forum

Травень 2021 года: следчыя закручваюць гайкі

Усю першую палову месяца не было ніякай інфармацыі пра польскіх палітвязняў рэжыму Лукашэнкі. Сем’і арыштаваных польскіх актывістаў паведамілі медыям, што доўгі час не атрымлівалі лістоў.

Спадарыня Аксана, жонка Анджэя Пачобута, паведаміла, што адміністрацыя СІЗА не прымала лістоў ад Анджэя, напісаных на польскай мове ейнаму сыну, а следчы адмовіў ёй у хадайніцтве аб спатканні з мужам.

14 траўня Саюз палякаў у Беларусі паведаміў, што абвінавачваным падоўжылі ўтрыманне пад вартаю яшчэ на тры месяцы – да сярэдзіны жніўня.

18 траўня дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы паведаміла, што польскім актывістам прапанавалі вызваленне ў абмен на дэпартацыю з Беларусі. Анджэліка Борыс адмовілася.

У другой палове траўня польскіх актывістаў перавялі ў следчую турму ў Жодзіне. Яны апынуліся ў перапоўненых, брудных і вашывых камерах.

Чэрвень 2021 года: Пачобут у няволі хварэе на COVID-19

2 чэрвеня нечакана апынуліся ў Польшчы Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава, якія падпісалі згоду на перавод пад хатні арышт. Фактычна іх дэпартавалі з Беларусі без магчымасці вяртання – у краіне яны па-ранейшаму мелі статус абвінавачваных. Іхнае вызваленне стала вынікам дзеянняў польскай дыпламатыі.

Анджэй Пачобут і Анджэліка Борыс не падпісалі дакументаў, якія ім далі следчыя, і засталіся ў няволі. 5 чэрвеня Аксана Пачобут паведаміла, што ейны муж прызнаны турэмнай адміністрацыяй «схільным да экстрэмізму». Такі статус надаецца шмат якім палітвязням. У выніку яны зазнаюць узмоцнены кантроль з боку адміністрацыі.

11 чэрвеня Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) паведаміла, што Анджэй Пачобут за кратамі захварэў на COVID-19. Ад іншых зняволеных і тых, хто выйшаў на волю, вядома, што каронавірус там шырока распаўсюджаны, зняволеным часта не надаюць належнай медычнай дапамогі.

Артыкулы
«Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі
2021.06.23 20:05

Ліпень 2021 года: «кожны крок – гэта крок да Горадні»

Пасля таго як Анджэй Пачобут ачуняў ад COVID-19, ён зноў апынуўся ў душнай шматлюднай камеры. У інтэрв’ю Польскаму радыё ягоная жонка падкрэсліла, што баіцца за сэрца мужа: у следчай турме няма ўмоваў для аздараўлення, а як «экстрэміст» ён павінен быў штогадзіну адзначацца перад ахоўнікамі. У турме таксама адсутнічаюць асноўныя дыягнастычныя прыборы, напрыклад, ЭКГ.

У канцы месяца сябры вязня зноў атрымалі ад яго лісты, якія мелі заспакаяльны тон. У іх Анджэй Пачобут прызнаўся, што цяжка пераносіў хваробу, але пакуль не адчуў пабочных эфектаў інфекцыі ды спадзяецца, што так і застанецца:

«Сэрца яшчэ, дзякуй Богу, нармальна працуе. Спадзяюся, маё здароўе мацнейшае, чымся я думаў».

Журналіст таксама паведаміў, што стараўся як мага больш займацца фізкультурай у камеры і шмат хадзіць:

«Я прыдумаў так: кожны крок – гэта крок да Горадні. Гэта вельмі матывуе».

У апошняй камеры, дзе ён сядзеў, можна было зрабіць толькі 4 крокі ў адзін бок, але ён хадзіў некалькі гадзінаў на дзень:

«Кожны крок – і ты бліжэйшы да дому. Гэта матывуе! Я ведаю, што мяне вывезлі далёка і павязуць яшчэ далей, але калі ты не здаешся і будзеш крочыць далей, то рана ці позна дабярэшся дадому, да нашага каралеўскага гораду».

Жнівень 2021 года: месяц без інфармацыі з-за кратаў

Увесь месяц інфармацыі пра стан Анджэлікі Борыс і Анджэя Пачобута не было. Сям’я дзялілася зместам ліставання з палітвязнямі, адвакаты сутыкаліся з вялікім ціскам, запалохваннем і прымусам да маўчання праз шэраг пісьмовых абавязкаў.

25 жніўня – праз пяць месяцаў пасля затрымання Анджэя Пачобута – Польскае агенцтва друку паведаміла, што польскія актывісты застануцца пад вартаю яшчэ на тры месяцы.

Верасень 2021 года: Пачобут адмаўляецца прасіць памілавання ў Лукашэнкі

Анджэй Пачобут атрымаў ад Юрыя Васкрасенскага, былога апазіцыйнага актывіста, які далучыўся да рэжыму, прапанову прасіць памілавання ў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі «Белсату», журналіст атрымаў тры лісты ад памагатага беларускага рэжыму. Юрый Васкрасенскі паведамляў, што будзе дамагацца ягонага вызвалення.

Тым часам Анджэй Пачобут заявіў адвакату, што нікога не ўпаўнаважыў выступаць у сваіх інтарэсах, у тым ліку Васкрасенскага, бо займаецца сваймі справамі сам.

Артыкулы
Васкрасенскі тройчы пісаў палітвязню Пачобуту, абяцаў дамагацца вызвалення. Пачобут супраць
2021.09.10 15:25

Кастрычнік 2021 года: лісты на польскай мове не праходзяць цэнзуры

Жонка зняволенага Аксана падзялілася ў Facebook урыўкамі з ліста, які атрымала ад мужа. Анджэй Пачобут дзякуе за падтрыманне, якое можна адчуць нават за сценамі турмы ў Жодзіне, і просіць прабачэння за тое, што лісты, якія ён піша сябрам, хутчэй за ўсё, не праходзяць цэнзуры.

Аксана Пачобут напісала ў Facebook, што Анджэю дазволілі ліставацца толькі з ёй. Улады не дазвалялі яму нават ліставацца з бацькам і сынам. Прычына? Яны пісалі адно аднаму толькі па-польску. Ён перадаваў прывітанне і дзякаваў усім, каму неабыякавы ягоны лёс. Пісаў, што «пэўныя сігналы і адгалоскі падзеяў» прымушаюць яго адчуваць падтрыманне.

Асабліва выдзяляецца адна фраза з ліста Анджэя:

«Спадзяюся, што лёс палякаў з Беларусі нікога не пакіне абыякавым і кожны паляк будзе абараняць гонар герояў Арміі Краёвай».

Лістапад 2021 года: следчыя дасюль не могуць знайсці доказаў

2 лістапада абаронца Анджэя Пачобута Аляксандр Бірылаў паведаміў, што атрымаў ліст з Міністэрства юстыцыі Беларусі, быццам ягоная «кваліфікацыя не адпавядае патрабаванням заканадаўства». У адваката ёсць паўгода на выкананне ўсіх рэкамендацыяў міністэрства, пасля чаго ён павінен прайсці пераатэстацыю. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Да гэтага часу ў шэрагу абаронцаў беларускіх апазіцыянераў ужо адабралі ліцэнзіі адвакатаў.

У канцы лістапада Анджэю Пачобуту і Анджэліцы Борыс працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю яшчэ на тры месяцы.

«Следчыя дасюль не могуць перадаць матэрыялаў крымінальнай справы супраць палякаў у суд, што можа сведчыць пра цяжкасці ў зборы доказаў віны арыштаваных або пра неабходнасць змяніць кваліфікацыю іх дзеяння на тую, якую, з гледзішча следства, будзе лягчэй даказаць», – сцвердзіў партал znadniemna.pl.

Снежань 2021 года: Каляды за кратамі

Снежань адзначыўся шматлікімі акцыямі салідарнасці з Анджэлікай Борыс і Анджэем Пачобутам. Саюз палякаў у Беларусі правёў акцыю напісання віншавальных паштовак для рэпрэсаваных. Паводле іх інфармацыі, такіх паштовак сабралі каля паўсотні.

21 снежня ўпаўнаважаны польскага ўраду ў справах польскай дыяспары і палякаў замежжа Ян Дзедзічак заахвоціў далучыцца да акцыі падтрымання зняволеных рэжымам Лукашэнкі актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі.

Інфармацыя ад палітвязняў не даходзіла да грамадскасці.

Студзень 2022 года: рэжым забараняе партал палякаў у Беларусі

4 студзеня партал Znadniemna.pl занеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі Беларусі на падставе рашэння суда ў Берасці ад 30 снежня. Гэта азначае, што распаўсюд яго зместу лічыцца правапарушэннем, а аўтары матэрыялаў могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

З 24 студзеня сайт Znadniemna.pl перастаў адкрывацца ў Беларусі. Неабходна выкарыстоўваць VPN.

Інфармацыя пра Анджэя Пачобута і Анджэліку Борыс не даходзіла да медыяў.

Hавiны
У Беларусі заблакавалі доступ да сайту Саюзу палякаў
2022.01.24 11:12

Люты 2022 года: новы этап «польскай справы»?

15 лютага беларускія спецслужбы затрымалі намесніцу кіраўніка Саюзу палякаў у Беларусі ў справе культуры. У той жа дзень яе вызвалілі. Рэната Дземянчук да гэтага часу мела статус сведкі ў«польскай справе».

Яна апекавалася шматлікімі польска-беларускімі культурніцкімі ініцыятывамі, як падкрэсліваюць грамадскія актывісты з Горадні. Нашыя гарадзенскія карэспандэнты не выключалі, што затрыманне Дземянчук можа быць новым этапам атакі на Саюз палякаў у Беларусі і яго сябраў.

16 лютага міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей падчас канферэнцыі пра беларуска-расейскія вучэнні распавёў пра актывістаў польскай меншасці, якія застаюцца пад вартай 11 месяцаў. Ён сцвярджаў, што Анджэліка Борыс і Анджэй Пачобут па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў няволі «праз дзеянні польскага боку». Таксама заявіў, што на просьбу польскага боку Міністэрства замежных справаў Беларусі запытала ў «кампетэнтных органаў» пра іхнае здароўе, і падкрэсліў: «іхнаму здароўю нічога не пагражае», хоць раней сваякі Анджэлікі Борыс казалі пра сур’ёзнае пагаршэнне ейнага стану і неабходнасць шпіталізацыі.

Дыпламат таксама заявіў, што ў дачыненні арыштаваных існуюць «дамоўленасці паміж спецслужбамі» Беларусі і Польшчы. Паводле яго, іх павінны былі вызваліць, як Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву, але «гэтага не адбылося праз дзеянні польскага боку».

Сакавік 2022 года: зняволенню не відаць канца

Пра польскіх актывістаў інфармацыі практычна няма. Звязацца з імі можна толькі праз традыцыйныя лісты і адвакатаў, але яны таксама зазнаюць вялікі ціск і вымушаныя маўчаць.

Вядома, што ў Анджэлікі Борыс сур’ёзныя праблемы са здароўем, а ейны стан пагоршыўся ў выніку вельмі дрэнных умоваў утрымання. Аб праблемах са здароўем Анджэя Пачобута неаднаразова распавядала ягоная жонка Аксана.

22 сакавіка Аксана Пачобут паведаміла ў Facebook, што перастала атрымліваць лісты ад мужа. Ейных лістоў, сцвярджае Анджэй, яму таксама не перадаюць, хаця яна піша яму кожны дзень. Паводле Аксаны, усе астатнія зняволеныя ў камеры атрымліваюць карэспандэнцыю.

Пасля года зняволення нішто не сведчыць пра хуткае вызваленне польскіх актывістаў. Таксама невядома, калі пачнецца суд у «польскай справе».

Анджэй Пачобут і Анджэліка Борыс – толькі двое з 1100 палітвязняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

ПЯ/belsat.eu

Стужка навінаў