Апошні цвік у труну Лукашэнкі. Колькі войска ён можа адправіць супраць Украіны?


Лукашэнка загадаў украінскім дыпламатам пакінуць Беларусь. Украіна ў гэты час кажа пра магчымае ўварванне на сваю тэрыторыю з боку Беларусі. Лукашэнка маўчыць і, падаецца, чакае адмашкі. А можа, усё ж сапраўды да апошняга адцягвае непазбежнае?

Украіна чакае адкрытага ўварвання беларускай арміі на сваю тэрыторыю. Пра гэта 20 сакавіка паведаміла ўкраінскае Міністэрства абароны. Пазіцыю Украіны ў эфіры нашага тэлеканалу выказаў мэр Жытоміру Сяргей Сухомлін.

Сяргей Сухомлін, мэр Жытоміру, Украіна:

«Нашыя ўзброеныя сілы даўно да гэтага гатовыя. Гэта нашая тэрыторыя. Вы ж разумееце, што ўсе каардынаты, усе дарогі артылерыяй прыстрэленыя. Гэта не ваенная таямніца. Гэта нашая зямля, таму я думаю, што як толькі нага салдата пераступіць нашую мяжу, яны атрымаюць дастаткова жорсткі адпор. І настроі могуць змяніцца пасля гэтага ў самой Беларусі, калі пойдуць труны з беларускімі салдатамі. Ужо не будзе страху перад дручкамі. Я думаю, што гэта можа быць апошнім цвіком у вечка труны дыктатара».

Лукашэнка ж ні на заявы, ні на адкрыты адказ Украіны не рэагуе. Зноў распачынае ўлюбёную гульню – нейтралітэт – і заяўляе:

«Я ніколі ніякіх ваенных дзеянняў не падтрымліваў і ніколі не буду падтрымліваць, каб вы разумелі і ведалі. Ні з боку Расеі, ні з боку Японіі, ні з боку Украіны, ні з боку Амерыкі. Вайна непрымальная».

Вось так выглядае нейтральная пазіцыя Лукашэнкі ў дачыненні вайны ва Украіне, якую развязаў гэтак званы «старэйшы брат» Пуцін. З першых дзён з боку Беларусі ідуць ракетныя абстрэлы ды авіяналёты расейскіх войскаў.

Пры гэтым ва Украіне ўпэўненыя: беларускія вайскоўцы не хочуць браць удзелу ў вайне. Дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арэстовіч нават называе дакладную лічбу: супраць нібыта 60 %. Такую думку выказвае і беларускі палітолаг Валер Карбалевіч:

«Галоўная прычына, чаму беларускія войскі не ўдзельнічаюць у гэтай вайне, – тое, што вайна вельмі не папулярная ў беларускім грамадстве. Гэта відавочна і без сацыялагічных апытанняў. Хаця сацыялагічныя пытанні гэта пацвярджаюць. Прычым не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне не толькі праціўнікі Лукашэнкі, але і ягоныя прыхільнікі. І я думаю, што ў асяроддзі наменклатуры, нават у асяроддзі сілавікоў няма вялікага жадання браць удзел у гэтай вайне. Асабліва сярод вайскоўцаў. Каму хочацца ісці паміраць невядома за што…»

Акрамя таго, Лукашэнка баіцца больш жорсткіх санкцыяў. Бо цяпер у гэткай сітуацыі разлічваць на дапамогу Расеі ў выглядзе матэрыяльнай кампенсацыі наўрад ці варта, лічыць Валер Карбалевіч. Плаціць Расея бадай не можа, але адтэрмінаванне ў крэдытах дала аж на 6 гадоў.

Працягвае Валер Карбалевіч:

«Я б не рабіў прамой сувязі паміж адтэрмінаваннем у выплаце крэдытаў і пытаннем удзелу беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне. Думаю, што вось гэтыя эканамічныя ільготы з боку Расеі – падзяка за тую пазіцыю, якую заняла Беларусь у гэтай вайне: фактычна падтрымання Пуціна, фактычна памагатага агрэсара. Беларусь – адзіны саюзнік у гэтай вайне, адзіны. Больш ні адна краіна свету не падтрымала Расеі справамі».

Даследнік Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў лічыць, што Пуцін увогуле не прасіў дапамогі Лукашэнкі, інакш у яго проста не было б выбару і беларускія жаўнеры ўжо былі б на тэрыторыі Украіны:

«Што да пяхоты, я думаю, мы ўсе гаворым пра тое, што пяхота пачне браць удзел у канфлікце. Мы павінны разумець, што ўсё-такі прафесійнай арміі ў Беларусі няма. Ёсць, вядома, пэўная колькасць кантрактнікаў, тых, хто рыхтаваўся, але ў іх няма баявога досведу. У іх няма ніякага досведу ўдзелу ў такога роду кампаніях, і нават тыя вучэнні, у якіх яны балі ўдзел, гэта ўсё-такі вучэнні абарончага характару.Таму мы нават не ведаем, колькі могуць паслаць: 10 тысячаў, 15… Гэта ўсё баявыя часткі, якія Беларусь мае».

Пры гэтым армія Лукашэнкі асноўны ўнёсак ужо зрабіла: беларуская ваенная інфраструктура цалкам уцягнутая ў канфлікт. Але выглядае на тое, што Лукашэнка да апошняга цягне час.

Рыгор Ніжнікаў, Фінскі інстытут міжнародных справаў:

«Я думаю, што Лукашэнка, зыходзячы з ягонага характару і таго, як ён сябе паводзіў усё сваё прэзідэнцтва, гатовы толькі браць удзел: дзе трэба, заехаць на белым кані і выступіць. Гэта значыць выказацца прыгожа, «як я перамог» і «дзякуй усім, што выбралі мяне ў якасці вашага кіраўніка». А дзе трэба будзе сапраўды пэцкаць рукі, дзе, умоўна кажучы, паўстае пытанне выжывання ягонага рэжыму, ён выдатна разумее на гэты момант усе рызыкі. Таму гэта ягоная бравада, маўляў, зойдзем ва Украіну за 48 гадзінаў, возьмем Кіеў, а потым можам не спыніцца да Ла-Маншу… Цяпер, я думаю, ён выдатна разумее, што не ўсё так проста. Што, калі ён увяжацца ў гэты канфлікт, наступствы непрадказальныя. Гэта значыць, ён можа нават не дасядзець да канца свайго цяперашняга так званага тэрміну».

Беларусь высылае 12 украінскіх дыпламатаў. За 72 гадзіны яны абавязаныя пакінуць краіну. У сусветнай палітыцы гэта нядобры знак: гэтак робяць, калі краіна рыхтуецца да адкрытага канфлікту. ЗША эвакуявалі сваіх дыпламатаў з тэрыторыі Беларусі яшчэ ў канцы студзеня.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Peter Kovalev; Sergei Bobylev / TASS / Forum

 

Стужка навінаў