Як праз нейрасеткі аднаўляюцца старыя здымкі


Праграміст і аматар гісторыі Руслан Чатырко заняўся старымі фота, бо пабачыў, як за мяжою людзі рабілі партрэты з гравюры ці скульптуры.

«Было б цікава з нашых гістарычных дзеячаў, Ягайлы ці іншых, такое зрабіць», – прызнаўся Руслан.

Ён узяўся за выявы гістарычных асобаў, якія цікавыя яму самому. Каго апрацоўваць, Руслан абірае на ўласны густ:

«Некаторых дзеячаў я абыходжу, а працую з тымі, хто мне бліжэйшы. Бо не маю мэты ўсіх-усіх зрабіць. Гэта маё хобі, але хацелася, каб быў нейкі плён. Вось у «Arche» ўзялі здымак Каліноўскага, і гэта класна».

 

 

Алгарытм працы такі: нейронная сетка бярэ зыходную выяву і павялічвае яе памер, потым знаходзіць у базе «StyleGAN» твар, які пры змяншэнні да зыходнага памеру будзе выглядаць як першапачатковая выява. Пасля атрымання «піксельнага» зыходніка дадатак аналізуе выяву і павышае яе выразнасць, а таксама спрабуе «дамаляваць» дэталі, якіх не хапае.

А вынік вельмі ўражвае, асабліва калі ўлічыць якасць зыходнага здымка. Таксама не варта забывацца, што гэта толькі варыянт магчымага аблічча, а не стоадсоткавы партрэт, бо першапачаткова і ў працэсе працы былі ўнесеныя шматлікія хібнасці, якія не дазваляюць лічыць выяву стоадсоткава дакладнай.

Здымкі Руслан у асноўным бярэ з інтэрнэту:

«У мяне няма доступу да архіваў. Але з’явіліся людзі, якія дасылаюць архіўныя фота. У мяне ёсць здымак Каліноўскага, дзе ён стаіць у пакоі. Ён ёсць у інтэрнэце, але часцяком ужо апрацаваны».



Руслан мае на думцы рабіць і каляровыя здымкі:

«Нейронныя сеткі пакуль што робяць шмат хібаў. І на Каліноўскім бачна, што магло быць і лепей. Так што гэта пакуль прамежкавыя варыянты. Некаторыя здымкі я дапрацоўваю рукамі сам».

Пасля таго як Руслан праганяе выявы праз нейронныя сеткі, ён выкладае іх у агульны доступ: «У мяне ёсць мара, каб гэтыя палепшаныя выявы можна было выкарыстоўваць потым. І ў друку, і нейкія прамацыйныя ролікі рабіць. Ці калі б «Беларусьфільм» быў лепшы, то мог бы здымацца актор, а на яго б на камп’ютары накладаўся твар гістарычнай асобы. Хаця гэта, вядома, нашмат складанейшая праца, і трэба каманда і грошы. Але гэта ўсё магчыма. Тут усё абмяжоўваецца толькі фантазіяй».

Дакладнасць выніку залежыць некалькі чыннікаў: як падае святло, палажэнне галавы, ці ёсць барада, акуляры і іншае. Таксама ўплываюць налады, якія Руслан задае нейрасетцы. Гэтак, Эмілію Плятэр ён зрабіў за 3 хвіліны.

Колькі тыдняў таму Руслану зрабілі замову: «Чалавек папрасіў аднавіць здымкі з уласнага архіву, і за некалькі дзён мы аднавілі ўсё ягонае сямейнае дрэва. І ён пытае, колькі гэта будзе каштаваць. А я нават не ведаю, як за такую працу браць грошы. Паглядзеў, колькі ў фотаатэлье просяць, і здзівіўся. Нічога сабе там заламалі кошт! То я і прапанаваў таму чалавеку даць столькі, колькі ён хоча. Я магу і за бясплатна зрабіць, але і ад грошай не адмоўлюся».

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў