Як махляры ў сферы нерухомасці абкрадваюць беларусаў?


Імгненна застацца без зберажэнняў і жытла. У гэткай сітуацыі апыналіся тысячы беларусаў, падманутых на долевым будаўніцтве. У 2013 годзе гэта нібыта скончылася. Урад прыняў законы, якія павінны былі раз і назаўсёды зліквідаваць масавае махлярства ў будаўніцтве жытла.

Але ў гэтым расследаванні мы выявілі новыя схемы, пры дапамозе якіх нядобрасумленныя прадаўцы кватэраў працягваюць ашукваць людзей, нягледзячы на, здавалася б, непрабівальныя новыя законы. Сярод ускосных выгадаатрымальнікаў ад махлярскіх схемаў – рэспектабельныя бізнесоўцы і асобы з найбліжэйшага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

Чаму злачынцам зручней адседзець тэрмін за кратамі, чым аддаць скрадзенае?

У 2016 годзе Валерыя Шэўчык пастанавіла купіць кватэру ў доме № 9 на вуліцы Смаргоўскі тракт. Будаўніцтва блізілася да фіналу, і свабодных кватэраў у забудоўніка «Белбудмантаж» ужо не было. Знаёмая Валерыі параіла звярнуцца да «Капінбуду», падрадніка, што выконваў працы на тым аб’екце. Кватэры ў гэтым доме падраднік атрымаў у кошт аплаты будаўнічых работаў, гэта распаўсюджаная практыка.

У офісе «Капінбуду» Валерыя падпісала дамову з Андрэем Краўчанкам, які назваўся ўласнікам кампаніі, і з дырэктарам Міхаілам Барсуковым. Папера называлася папярэдняю дамовай куплі-продажу аб’екту нерухомасці.

Такі дакумент не трапляе пад абавязковую рэгістрацыю ў Менскім гарвыканкаме. Але гэта Валерыю – юрыстку з адукацыі – не збянтэжыла, бо аб’ект, у якім яна хацела набыць кватэру, быў прызнаны даўгабудам і апынуўся пад кантролем выканкаму сталіцы. Гэтая акалічнасць для жанчыны сталася гарантыяй.

«Дом на кантролі Менгарвыканкаму – даўгабуд, ён быў ува ўсіх навінах. Учыніць там нейкае злачынства насмеліцца нейкі не вельмі дальнабачны чалавек», – думала Валерыя, падпісваючы дамову.

На рахунак «Капінбуду» жанчына пералічыла больш за $ 40 тысячаў. А праз паўгода, у лютым 2017-га, даведалася: акрамя яе, грошы за гэтую ж кватэру Барсукову і Краўчанку пералічылі яшчэ некалькі пакупнікоў.

«Была створаная група дольнікаў у «Вайбэры». І людзі пісалі, каму якая кватэра належыць. Проста правяралі спісы. І я бачу, што пад нумарам маёй кватэры адзначанае іншае прозвішча», – адзначае Валерыя.

Дольнікі пачалі звяртацца ў праваахоўныя органы, але ў крымінальнай справе ім адмаўлялі. Расследаванне пачалі толькі ў студзені 2018-га. Следства цягнулася амаль паўтара года.

Каб вывесці скрадзеныя грошы з рахунку «Капінбуду», кіраўнік кампаніі праводзіў гэтак званыя сходы заснавальнікаў у складзе самога сябе і выдаваў сабе або Барсукову пазыкі. Потым гэтыя грошы ашуканцы здымалі ў банку.

Мы знайшлі былога дырэктара «Капінбуду» і такога ж былога сябра Андрэя Краўчанкі – Міхаіла Барсукова, які таксама праходзіў у крымінальнай справе, аднак за краты не трапіў. Вось як Міхаіл тлумачыць, куды траплялі грошы дольнікаў, якія ён здымаў у банку:

«Звычайна як: ну, заробкі трэба выдаць работнікам. Заедзь, знімі, бухгалтэрыя падрыхтуе дакументы. Ну, я заязджаў, здымаў і ўсё яму аддаваў. І ён ужо далей камандаваў. Прыязджалі работнікі, якім рэальна патрэбныя былі грошы, і ён ужо хадзіў раздаваў. Як там што далей? Усю фінансавую дзейнасць ён вёў сам, нікому асабліва нічога не паведамляў. Як, куды, што… Я ж не налічваў заробкаў. Мая справа была – зняць-аддаць».

За махлярства Андрэй Краўчанка атрымаў 10 гадоў турмы. Аднак фактычна інтарэсаў грамадзянаў не абаранілі нават пасля прысуду: скрадзеных грошай ім не вярнулі. Хутка будзе два гады, як махляр за кратамі, ідзе пяты год, як ахвяры застаюцца ні з чым.

Поўны тэкст расследавання даступны ў фарматах pdf, mobi, epub.

belsat.eu

Стужка навінаў