Кіраўнік МЗС Латвіі забараніў 118 беларускім чыноўнікам уезд у краіну


Міністр замежных справаў Эдгар Рынкевіч пастанавіў забараніць 118 грамадзянам Беларусі ўезд у Латвію на нявызначаны тэрмін. Гэтае рашэнне ўзгодненае з міністэрствамі замежных справаў Эстоніі і Літвы, паведамляе МЗС Латвіі.

Міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.
Фота: радыё «Свабода»

У спіс увайшлі начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч, сын начальніка менскага АМАП Арцём Балаба, кіраўнік абласнога АМАП Сяргей Бялькевіч, прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава і ейны муж, працаўнік ГУБАЗіК Дзяніс Чамаданаў, афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту па Менску Кацярына Гарлінская ды іншыя.

Агулам у спісе – 118 работнікаў органаў унутраных справаў і юстыцыі. Усім ім забаронена заязджаць у Латвію.

«Гэтыя афіцыйныя асобы бралі ўдзел у жорсткім здушэнні мірных пратэстаў пасля непрызнаных Еўразвязам прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года», – паведамляюць у МЗС Латвіі.

На гэты момант санкцыі Латвіі ўведзеныя ў дачыненні 277 службовых асобаў з Беларусі.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў