Дзесяцёх футбольных фанатаў затрымалі ў Маладзечне за тое, што падчас жнівеньскіх падзеяў яны… проста стаялі

Жыхароў Маладзечанскага раёну ўзростам ад 18 да 42 гадоў «вылічылі» аператыўнікі ГУБАЗіК МУС і мясцовага крымінальнага вышуку, паведамляе прэс-служба ведамства.

Паводле заявы, увечары 9 жніўня ў Маладзечне затрыманыя мужчыны «бралі ўдзел у пратэстах на цэнтральнай плошчы гораду: станавіліся ў счэпку і не рэагавалі на неаднаразовыя папярэджанні пакінуць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».

То бок 10 чалавек былі змешчаныя ў ІЧУ праз тое, што яны проста стаялі. Нягледзячы на тое, што стаяць нават у счэпцы законам не забаронена, следчыя «далі праўную ацэнку дзеянням затрыманых» і прызналі іх падазронымі ў крымінальнай справе за арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх.

Пры вобшуках «у фігурантаў знайшлі фанацкую і пратэставую атрыбутыку, мабільныя тэлефоны з фота- і відэаматэрыяламі пра іхную пратэставую дзейнасць».

AB, belsat.eu

Hавiны