Адбываецца ператрус у рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі


У рэдакцыю пры Саюзе палякаў у Беларусі прыйшлі з ператрусам. Забіраюць газеты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», а таксама камп’ютары і абсталяванне.

Газета «Głos znad Niemna».
Фота: belarus-votes.lphr.org

Раніцаю 25 сакавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых асобаў арганізацыі.

Артыкулы
Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні старшыні Саюзу палякаў у Беларусі
2021.03.25 10:20

Вядома, што каля васьмі чалавек прыйшлі з ператрусам да гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, сябра Саюзу палякаў у Беларусі. Працэс здымалі на камеру, магчыма, для далейшых прапагандысцкіх сюжэтаў. Пасля трох гадзінаў ператрусу ў журналіста забралі ўсю тэхніку, два ноўтбукі і цвёрдыя дыскі, сем старых тэлефонаў. Таксама сканфіскавалі літаратуру на польскай мове, бэйджы з канферэнцыяў, усе польскамоўныя дакументы, уключаючы паперы дачкі, узнагароды з «GrandPress».

Адвакату журналіста прыехаць не дазволілі. Пасля ператрусу Анджэя Пачобута забралі на допыт.

Акрамя Пачобута, ператрусы адбыліся ў дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай, а таксама ў польскай грамадскай школе і сядзібе Саюзу палякаў у Горадні.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў