«Уначы давялося хавацца ў бамбасховішчы». Вядоўца «Белсату» і актор Міхась Зуй – пра сітуацыю ў Львове


Вядоўца гумарыстычнай праграмы «ХайТак», актор Купалаўскага тэатру Міхась Зуй, які з сям’ёю цяпер у Львове, паведаміў «Белсату», што сітуацыя ў горадзе спакойная, але ўначы давялося хавацца ў бамбасховішчы.

«Насамрэч у Львове становішча нармальнае. Калі б не навіны, то падавалася б, што горад жыве ў штатным рэжыме. Адно што не працуюць некаторыя крамы і чэргі ёсць да банкаматаў», – расказаў Міхась Зуй.

Актор распавёў, што ўначы ў горадзе гучалі сірэны, і яму з жонкаю ды дзецьмі давялося хавацца ў бамбасховішчы. Мяркуе, што сірэны ў Львове ўлучылі праз бамбаванне расейскімі войскамі гораду Роўна, што за 200 кіламетраў.

«Народ стрымана мужны. Усе займаюцца сваймі справамі. Робяць больш прыдатнымі бамбасховішчы. І дапамогу беларусам, у прынцыпе, я на сабе адчуваю, нягледзячы на тое, што з беларускага боку навала таксама ў бок Украіны ідзе. То бок атмасфера пакуль што спакойная ўдзень, уначы – троху больш нервовая», – расказаў Міхась Зуй.

Досыць мужна і спакойна ўспрымаюць, паводле яго, сітуацыю і дзеці. Пытаюцца, ці пойдуць яшчэ раз у бамбасховішча.

«Дзеці, можа, у іншых сітуацыях паводзяць сябе гарэзліва, але не цяпер. Можа, не разумеюць да канца, што адбываецца. Яны бачаць, у прынцыпе, досыць спакойны горад, толькі сірэны – гэта не вельмі прыемна», – адзначае вядоўца гумарыстычнай праграмы «ХайТак».

Міхась Зуй плануе вывозіць сямʼю ў бяспечнае месцы – на Захад, але пакуль яго стрымліваюць заторы на дарогах і чэргі на памежных пераходах.

«Наколькі я ведаю, з Кіева былі страшэнныя коркі, нават па сустрэчнай паласе машыны ехалі, і нашыя знаёмыя дабіраліся цэлыя дзень і ноч. І на мяжы таксама, наколькі ведаю, коркі кіламетраў па дзесяць. Нам кажуць, што чакаць пераходу трэба да двух дзён», – расказаў Міхась Зуй.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, 24 лютага з Украіны праз памежныя пераходы заехалі ў Польшчу 29 тысячаў чалавек.

Паводле Памежнай службы Украіны, увечары 24 лютага чарга да пункту пропуску «Ягодзін» складала да 550 машынаў. Каля 250 аўтамабіляў чакала сваёй чаргі на мяжы са Славаччынаю, больш за 350 аўтаў – на мяжы з Вугоршчынаю, каля 600 – на выезд у Румынію.

Hавiны
Нават без візы і пашпарта: суседзі Украіны адкрываюць свае межы для ўцекачоў
2022.02.25 10:35

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў