Цісканіна і шмат маленькіх дзяцей. Украінскія жанчыны распавядаюць, як пераходзілі мяжу


Валанцёры фонду «Humanosh» уноч з 24 на 25 лютага здолелі забраць з украінска-польскай мяжы 13 чалавек: дзвюх маці з пяццю дзецьмі і яшчэ адну сям’ю, якая ўчора ўцякла з Кіева. Цяпер людзі ў бяспецы ў Варшаве. Жанчыны распавялі «Белсату» пра зборы і хуткія ўцёкі ад вайны.

Уцякачка з Украіны Ірына Грыгараш, якая пешшу з дачкой і сынам перайшла мяжу Украіны з Польшчай у ноч з 24 на 25 лютага 2022 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Васіліна Сабова з Новага Раздолу, што ў Львоўскай вобласці, расказывае, што з сям’ёй сабраліся выяжджаць 24 лютага а 9-й раніцы, але змаглі рушыць толькі а 1-й начы, бо не было чым ехаць.

«Званілі таксоўцам, а яны кажуць, што па пяць гадзінаў стаяць у чэргах, не могуць заправіць аўтаў. Але знайшлі аўтамабіль, які пагадзіўся давезці да мяжы. Не атрымалася… Мы 7 кіламетраў ішлі да мяжы, бо нельга было ані праехаць, ані прайсці.

Катажына Скопец, заснавальніца фонду «Humanosh» разам з уцякачкай з Украіны Васілінай Сабовай падчас стрыму «Белсату». Усяго фонд «Humanosh» у ноч з 24 на 25 лютага 2022 года забраў з мяжы 13 асобаў.
Фота: ЮШ / Белсат

Знайшоўся добры чалавек, які ўвесь дзень падвозіў маці з дзецьмі. І вось мы стаялі ў жывой чарзе. Нам сказалі, што з дзецьмі да трох гадоў можна без чаргі. У мяне былі на руках яшчэ двое дзяцей знаёмых».

Ірына Грыгораш кажа, што на мяжы вельмі шмат людзей з маленькімі дзецьмі.

«Нас прапусцілі з дзецьмі, але там усе з маленькімі дзецьмі. Мы стаялі 4–5 гадзінаў. Дзеці плакалі вельмі моцна і вельмі шмат. Польскую мяжу хутчэй прайшлі. Усё мелі з сабой, давалі дзецям ваду, але пасля немагчыма было даваць, так нас сціснула ў чарзе.

Уцякачка з Украіны Васіліна Сабова, якая пешшу з дачкой перайшла мяжу Украіны з Польшчай у ноч з 24 на 25 лютага 2022 года.
Фота: ЮШ / Белсат

У Львоўскай вобласці яшчэ ўчора не было чуваць выбухаў, але ў Кіеве ўсе нашыя знаёмыя з сутарэнняў у сутарэнні ўцякаюць. Вельмі цяжка хавацца. Нібыта ёсць спіс адрасоў, дзе ёсць бамбасховішча, але ніхто не ведае, дзе яны, у якіх будынках. Не ведаю, колькі гэта працягнецца.

Спадзяюся, праз некалькі тыдняў вернемся дадому. Спачатку нам казалі не панікаваць. Мы жылі звычайна, але тут пачалося. Я плакала ўвесь дзень учора. Ніхто нічога не ведае. Трымаем кулакі за нашых вайскоўцаў».

Фота
«Страшна, калі пачнецца марадзёрства». Рэпартаж з польскага вакзалу, дзе сустракаюць уцекачоў
2022.02.25 13:39

belsat.eu

Стужка навінаў