Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве сілавікам. Сведку забойства пасадзілі на 10 гадоў


Сведка забойства Генадзя Шутава – Аляксандр Кардзюкоў – у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: «Белсат»

У судзе Берасцейскай вобласці скончылі разглядаць справу Аляксандра Кардзюкова, сведкі забойства Генадзя Шутава. Як і патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца, яго пакаралі 10 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Кардзюкова 2642 рублі 80 капеек за правядзенне экспертыз.

Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве сілавікам без прызначэння пакарання.

Першапачаткова Аляксандра Кардзюкова вінавацілі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Мужчыну пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК РБ).

11 жніўня падчас пратэстаў у Берасці спецназавец з Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў застрэліў мінака Генадзя Шутава. Аляксандр Кардзюкоў быў сведкам гэтага эпізоду. Яго затрымалі праз некалькі дзён.

Hавiны
Сведку забойства Генадзя Шутава хочуць пасадзіць на 10 гадоў
2021.02.19 16:45

Кардзюкоў сказаў у судзе, што з сабой у яго быў адрэзак трубы для самаабароны – на ўсялякі выпадак. Яны з Шутавым сядзелі на парапеце і назіралі. Потым падышлі да вайскоўцаў, запыталі, што адбываецца, і Гаўрылаў штурхнуў Шутава. Кардзюкоў «даў здачы».

Але пацярпелымі прызналі не Кардзюкова і нябожчыка Шутава, а сілавікоў – капітана Рамана Гаўрылава і прапаршчыка Арсенія Галіцына.

Дзяржаўны абвінаваўца Генадзь Буры запатрабаваў для Кардзюкова 10 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Святлана Крамянёўская яго падтрымала. Пацярпелыя таксама пагадзіліся з такім пакараннем.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў