У Берасці агучылі першыя выракі ў «карагоднай справе». Нікога не апраўдалі


Суд па «справе карагодаў» у Берасці.
Фота: Белсат

25 лютага ў судзе Берасцейскай вобласці вынеслі вырак першым дзесяці асобам, якіх вінавацілі паводле крымінальнай справы за пратэставы карагод на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў 13 верасня. Нікога не пакаралі пазбаўленнем волі.

Усе 10 чалавек былі прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).

25-гадовая настаўніца замежных моваў Марына Глазава і Яраслаў Ярашук атрымалі па 1,5 года «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), 20-гадовая студэнтка філфаку БДУ Марына Сірэцан – год.

Яшчэ сямі ўдзельнікам працэсу прысудзілі звычайную «хімію» (абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу): Мікалаю Федарэнку, Яўгену Калпачыку, Аляксею Якубуку, Віктару Дзенісенку і Віталю Літвіну – па 1,5 года, Максіму Жараву і Вадзіму Варановічу – па 2.

«Карагодную справу» распачалі пасля падзеяў 13 верасня 2020 года. Тады на пратэстах у Берасці людзі вадзілі карагоды, а сілавікі ўпершыню са жніўня ўжылі вадамёты. Усяго ў гэтым працэсе каля 50 абвінавачваных.

ЯП belsat.eu

 

Стужка навінаў