Штаб Бабарыкі шукае новы офіс. Стары арандаваў Васкрасенскі

У тэлеграм-канале штабу Віктара Бабарыкі, які меў намер стацца кандыдатам на прэзідэнта, з’явілася аб’ява пра пошук новага офісу для арганізацыі.

«Наш былы офіс на Харужай мы не зусім па сваёй волі перадалі ў карыстанне тым, каму, мабыць, больш патрэбна, але нам не шкада.

Мы поўныя сілаў, ідэяў і намераў. Мы любім усе раёны Менску, але зручней нам будзе размясціцца ў цэнтры. Нас шмат (большасць), але пакуль нам досыць утульнага памяшкання на 150–200 квадратных метраў. Гэта можа быць оўпэнспэйс, але мінімум з адною перагародкай.

Будзем удзячныя, калі вы параіце ці прапануеце свае квадратныя метры. Разам – пераможам! І знойдзем офіс для штабу таксама разам», – паведамляецца ў допісе.

Раней штаб Віктара Бабарыкі месціўся ў будынку на вуліцы Харужай у сталіцы. Пасля там жа быў аб’яднаны штаб. З восені тое ж памяшканне арандуе Круглы стол дэмакратычных сілаў, якім кіруе Юрый Васкрасенскі.

Віктара Бабарыку вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу. Раней у судовым паседжанні ў ягонай справе абвесцілі перапынак на два тыдні. Пасля гэтага ў тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» адпусцілі з-пад варты, бо меру стрымання змянілі на хатні арышт, але ягоны адвакат гэта зняпраўдзіў.

ЯП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны