Расейскія і літоўскія мытнікі сканфіскавалі буйныя партыі беларускіх цыгарэтаў


Мытныя службы Расеі і Літвы паведамілі пра затрыманне буйных партыяў кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі.

Цыгарэты, сканфіскаваныя ў Расеі.
Фота: customs.gov.ru

Больш за 20 тысяч пачкаў цыгарэт з акцызнымі маркамі Беларусі выявілі ў мяхах з дэкаратыўнаю дранкай работнікі балтыйскай мытні. Санкт-пецярбургская фірма экспартавала ў Нямеччыну 19,5 тоны тавару «дранка драўняная дэкаратыўная з іглічных пародаў драўніны».

Падчас агляду кантэйнера былі выяўленыя нехарактэрныя зацямненні. Пры выкрыцці 40-футавага кантэйнера мытнікі выявілі больш за 1000 папяровых рудых мяшкоў. Унутры ўпаковак былі чорныя поліэтыленавыя пакеты з пачкамі цыгарэтаў «NZ» з акцызнымі маркамі Беларусі. Агулам выяўленыя 20 тысяч пачкаў цыгарэт.

Сканфіскаваныя ў Літве цыгарэты.
Фота: lrmuitine.lt

Таксама кантрабандныя цыгарэты знайшлі ў цяжкавіку «Iveco», якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Ён прыбыў на памежны пераход Райгорад 18 лютага. Кіроўца заявіў, што перавозіў 22 тоны бетонных блокаў з Беларусі ў віленскую кампанію. Аднак высветлілася, што блокі былі проста імітацыяй грузу. З блокаў утварыліся полыя схованкі, у якіх былі тысячы пакетаў кантрабандных цыгарэтаў. У некаторых сховішчах замест цыгарэтаў быў заліты бетон, каб замаскаваць розніцу ў вазе.

Паводле папярэдніх ацэнак, знайшлі не менш за 100 000 пачак беларускіх цыгарэт «Minsk Superslims» і «NZ Gold». Іх кошт з абавязковымі падаткамі складае каля € 355 тыс. Кіроўцу арыштавалі на месяц.

Hавiны
У Польшчу не ўпусцілі рэкорднай партыі кантрабандных цыгарэт з Беларусі
2021.02.22 14:08

Раней паведамлялі, што на польскай мяжы затрымалі кантрабанду з 1,8 мільёна пачкаў беларускіх цыгарэтаў коштам каля $ 7,5 мільёна. Гэта самая буйная спроба кантрабанды цыгарэтаў, сарваная на памежных пераходах Польшчы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў