Прысуд бацьку і сыну з Бабруйску пакінулі без зменаў. Іх пасадзілі за «гвалт» над сілавікамі


Алена Букас, жонка вязня Ігара Букаса і маці Алега Букаса. Магілёў, Беларусь. 25 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Сёння, 25 лютага, у Магілёўскім абласным судзе разглядалі апеляцыйную скаргу ў справе бацькі і сына з Бабруйску – 54-гадовага Ігара і 24-гадовага Алега Букасаў. Вырак пакінулі без зменаў.

У лістападзе 2020 года Ігар і Алег Букасы былі асуджаныя паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»). Бацька атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, сын – 2 гады агульнага рэжыму.

Летась 10 жніўня Букасы сутыкнуліся з міліцыянтамі. Мужчыны заступіліся за кіроўцу, якога хацелі аштрафаваць за адсутнасць тэхнічнага агляду. Ігара Букаса міліцыянт паваліў на зямлю, прыставіў дручок да шыі. Сын паспрабаваў абараніць бацьку, тады затрымалі і яго.

Інтэрв’ю
Бацьку душыў дубінкай «чалавек у чорным», сын заступіўся – абодвум пагражае да 6 гадоў за кратамі. Аповед бабруйчанкі
2020.08.20 11:38

У Алега засталіся жонка і 8-месячная дачка. У дзяўчынкі хворае сэрца, да трох гадоў трэба зрабіць аперацыю. У абласным судзе адвакат рабіў акцэнт на стане здароўя дзіцяці, але суд не прызнаў гэтага змякчальнымі абставінамі. Вырак пакінулі без зменаў.

Бацька і сын цяпер у СІЗА № 5 Бабруйску. Абодвух паставілі на ўлік як схільных да экстрэмізму. Мужчыны распавядаюць сваякам, што нават у душ іх водзяць у кайданках.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў