Неймаверныя беларусы Канады не спыняюцца сёмы месяц


Беларусы Канады. Фота з уласнага архіву

Аляксандра Несцярчук нарадзілася ў Менску, але праз палітычныя падзеі з’ехала з Беларусі больш за 13 гадоў таму. Яна распавяла «Белсату», як жывуць і змагаюцца нашыя землякі ў Канадзе.

Аляксандра прызнаецца, што ніколі не была выбітнай актывісткай, і ўся ейная пратэставая гісторыя пачалася з прапановы мужа паехаць прагаласаваць:

«У нас адна амбасада, у Атаве. А з Ванкувэру туды ляцець больш за чатыры тысячы кіламетраў. І з намі ляцела цэлая кампанія беларусаў, якія не пашкадавалі 2000 долараў, каб паехаць прагаласаваць».

Беларуска пастанавіла назіраць за выбарамі:

«У амбасадзе з мяне пасмяяліся, бо трэба сабраць 10 подпісаў беларусаў у маёй акрузе, якія тут жывуць і якія мяне вылучаюць назіральніцаю. Яны лічылі, што тут беларусаў я не знайду ўвогуле, а я сабрала подпісы за два дні: паставіла на вушы ўсю расейскамоўную супольнасць тут – і высыпалася мора беларусаў».

Аляксандра была трэцяю назіральніцаю і бавіла час пад дзвярыма, але адзін з назіральнікаў трапіў усярэдзіну:

«У нас працаваў экзітпол. Я там была з 19:00 да 22:00. Мы былі ў шоку. Думалі, што прыйдзе чалавек 50, а прагаласавалі 352. З ранку стаяла чарга чалавек пяцьсот. Людзі бралі з Таронта аўтобусы, каб прагаласаваць. Паводле маіх адчуванняў, прыехалі больш за тысячу».

Пра пачатак пратэстаў у Беларусі Аляксандра згадвае:

«Мы глядзелі на гэты жах на тэлефонах і ўжо ў самалёце дадому пачалі прыдумляць, што будзем рабіць. 14 жніўня зладзілі пікет, а 16-га ўжо стварылі Незалежны канадскі штаб і каардынуем дзейнасць адзінаццаці вялікіх гарадоў. Тры некамерцыйныя ўстановы і розныя ініцыятывы. Самая вялікая акцыя была ў Дзень чорных стужак, 25 жніўня».

Яшчэ больш салідарнасці

«Мы шмат думалі, чым яшчэ можам дапамагчы. У беларускай дыяспары тут заяўленыя каля 20 тысяч асобаў, актыўных тысячаў пяць. Уяўляеце, якая сіла? Нават тыя, хто з’ехаў дваццаць гадоў таму, усталі, узялі сцягі і пайшлі. Мы самі былі прыемна здзіўленыя колькасцю неабыякавых людзей», – адзначыла нашая суразмоўніца.

Сваю пазіцыю выказвалі беларусы не толькі ў вялікіх гарадах, а і ва ўсёй краіне:

«У Брытанскай Калумбіі ёсць мястэчка Мішн, там жывуць 40 тысяч асобаў і тры сям’і беларусаў. І яны так націснулі на ўласную супольнасць і на свайго чальца парламенту, што ён адмыслова прамаўляў у парламенце аб беларускім пытанні».

У правінцыі Саскэтчэўан ёсць свае легенды пратэсту:

«Гэта проста поле пасярод Канады. І адтуль нам патэлефанаваў хлопец Віталь, кажа, што не ведае, як рабіць пікет, бо ў іх там адзін дом на два кіламетры. Ён запрасіў у «Фэйсбуку» на акцыю 4 чалавекі, а да яго прыйшлі 30. І ён стаўся зоркаю мясцовага тэлебачання, бо там ніколі нічога не адбываецца, а тут раптам акцыя пратэсту на 30 чалавек!»

Пікет у канадскі мароз.
Фота: @belaruscanada2020

«Таксама мы пісалі ліст Макею, калі беларусы замежжа заявілі, што яго не прызнаюць. Той ліст падпісалі жыхары 681 гораду з 50 краінаў. Так, гэта таксама мы рабілі», – з усмешкаю згадала Аляксандра.

Палітычны кірунак

Актывісты працуюць з дзяржаўнымі прадстаўнікамі:

«У нас было некалькі петыцыяў. Першая – пра непрызнанне вынікаў выбараў. Актывізавалася Згуртаванне беларусаў Канады, старшыня Алена Лявончанка каардынавалася з Украінскім кангрэсам тут, і яны разам тэлефанавалі ў МЗС у беларускім пытанні. Тут палітыкі зацікаўленыя рабіць тое, што просіць народ, каб іх перавыбралі на наступны тэрмін. І Канада была адна з першых краінаў, якая не прызнала выбараў у Беларусі. А потым не прызнала і інаўгурацыі».

Беларуская дыяспара ў Канадзе.
Фота: @belaruscanada2020

Потым актывісты прасоўвалі ўжо агульную петыцыю пра непрызнанне выбараў, з патрабаваннем спыніць гвалт, расследаваць катаванні ды выпусціць палітычных вязняў:

«У нас была даволі падрабязная петыцыя. Агулам мы даслалі тры: у Міністэрства замежных справаў, у парламент і прадстаўнікам Канады ў ААН».

Разам са згуртаваннем беларусаў «Васількі» актывісты Незалежнага штабу ды іншыя адмыслоўцы накіравалі ліст у Міжнародны крымінальны суд:

«Мы хацелі, каб суд узяў спецыяльную крымінальную юрысдыкцыю і крымінальную справу завялі на ўказ галоўнага пракурора, а не праз накіраванне з Рады Бяспекі ААН. Пад гэтым лістом мы сабралі 37 тысяч подпісаў за тры тыдні. У снежні суд прыняў на разгляд наш зварот. Гэта можа цягнуцца гадамі, але ў нас ёсць гістарычны дакумент, што наш зварот разглядалі».

Яшчэ адну петыцыю зарэгістравалі на сайце парламенту:

«Калі петыцыя набірае больш за 500 подпісаў, то гэтае пытанне абмяркоўваюць парламентары. Нашая петыцыя набрала 1000 менш як за два тыдні. Яны яе разгледзелі, стварылі парламенцкую групу «Сябры Беларусі», якая ўжо будзе кансультавацца з намі і працаваць над стратэгіяй».

Беларуская супольнасць у краіне настолькі моцна ўплывае на палітычны парадак дня, што новы міністр замежных справаў Канады Марк Гарно анансаваў новы пакет дапамогі беларусам памерам 2,25 мільёна долараў на беларускія дэмакратычныя праграмы.

Фінансавае падтрыманне беларусаў

«Мы жывём у Канадзе і добра адчуваем сябе фінансава. І мы хочам дапамагаць. Спачатку мы плацілі ў фонды, а потым у нас узніклі пытанні да справаздачаў. І тады мы сабралі каманду з розных краінаў. Да нас далучыліся людзі з высокаю кваліфікацыяй у працы з фінансамі і з вялікім досведам у дабрачынных установах. У выніку з’явіўся праект «I help Belarus».

Мы падышлі да гэтага як да фінансавання стартапаў. Калі нехта да нас звяртаецца па падтрыманне, мы прапаноўваем запоўніць форму са стандартнымі пытаннямі. Мы правяраем сумленнасць тых, хто да нас звярнуўся, і падтрымліваем іх. Гэта адзін кірунак. У ім мы раскрылі некалькі шэрых схемаў, адлавілі некалькіх махляроў. Хоць такой мэты мы не ставілі, хацелі дапамагаць.

А другі кірунак – нашыя ініцыятывы. У нас ёсць прыватныя фундатары, установы і кампаніі, якія нас падтрымліваюць.

Таксама мы чакаем статусу дабрачыннай установы, маем намер каардынаваць размеркаванне дапамогі, якую абвесціла Канада, на ініцыятывы ў Беларусі. Каб мы маглі рэальна пракантраляваць, што сродкі ідуць туды, куды трэба.

У нашай установе ніхто нікому ні за што не плаціць, бо людзі тут усё робяць праз унутраную патрэбу палепшыць стан землякоў у Беларусі», – тлумачыць Аляксандра.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў