«Мяркуем, што ковіду няма». Адвакат Міколы Статкевіча паведаміў пра ягоны стан


Мікола Статкевіч каля ЦВК, 15 траўня 2020.
Фота: Арцём Лява, belsat.eu

Уладзімір Сазанчук, адвакат палітыка Міколы Статкевіча, у эфіры «Белсату» распавёў, як пачуваецца ягоны падабаронны.

Абаронца наведаў палітыка ў СІЗА Жодзіна 25 лютага.

«Ён трошкі перахварэў. І тэмпература была пару тыдняў таму. Мяркуем, што ковіду няма, але яшчэ кашляе часам. Але ў цэлым нармальнае самаадчуванне. Ён бадзёры, сапраўды змагар», – адзначыў Уладзімір Сазанчук.

Мікола Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на Камароўскі рынак у Менску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней яго арыштавалі на 15 содняў. А 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд над палітыкам, які пакараў яго яшчэ 15 соднямі.

30 чэрвеня Мікола Статкевіч меў выйсці на волю, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 15 снежня Мікалаю Статкевічу выставілі новае абвінавачанне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

24 лютага 2021 года дысцыплінарная камісія Менскай гарадской калегіі адвакатаў скасавала ліцэнзію ягонага адваката Уладзіміра Сазанчука.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў