Марыя Калеснікава непакоіцца, што можа застацца без адвакатаў


Марыя Калеснікава
Удзельніца прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава размаўляе з журналістамі па дарозе на допыт у Следчы камітэт. 27 жніўня 2020 года.
Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, якая з верасня застаецца ў зняволенні, выказалася пра ціск на ейных адвакатаў.

Марыя Калеснікава запатрабавала «спыніць ціск, цкаванне, пераслед і палітычную расправу над адным з найлепшых адвакатаў краіны – Людмілаю Казак», паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

«Пазбаўленне Людмілы ліцэнзіі – гэта парушэнне майго права на абарону, ціск на мяне і сістэматычнае супрацьдзеянне аказання мне юрыдычнай дапамогі. Гэта чацвёрты адвакат, які дапамагае мне юрыдычна і за гэта зазнае ціск з боку праваахоўных органаў», – заявіла яна.

Марыя Калеснікава непакоіцца, што можа застацца зусім без абароны, бо юрыдычная дапамога ёй можа быць спалучаная з рызыкай апынуцца ў турме або пазбавіцца ліцэнзіі.

Таксама яна працягвае звяртацца са скаргамі з нагоды ўмоваў утрымання і сваёй крымінальнай справы ў Міністэрства юстыцыі, Генеральную пракуратуру, Дэпартамент выканання пакаранняў. Пры гэтым працаўнікі СІЗА не перадалі ейнага звароту ў Міністэрства юстыцыі, які яна напісала ў сувязі з пазбаўленнем ліцэнзіі адвакаткі Людмілы Казак.

Hавiны
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі (неканчаткова) чатырох адвакатаў. Сярод іх – абаронца Калеснікавай
2021.02.19 15:46

19 лютага Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі чатырох адвакатаў, сярод іх – абаронца Марыі Калеснікавай Людміла Казак.

Раней пазбавілі ліцэнзіі адваката Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку, а ў дачыненні двух іншых адвакатаў палітычнай зняволенай – Іллі Салея і Максіма Знака – распачалі крымінальныя справы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў