ЕЗ і ЗША працягваюць і ўзмацняюць санкцыі, а Польшча патрабуе вызваліць журналістак «Белсату»


Аляксандр Лукашэнка падчас УНС. 12 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Заходнія краіны працягваюць ціск на афіцыйныя ўлады Беларусі. Адпаведныя рашэнні былі апублікаваныя 25 лютага.

Гэтак, Рада Еўразвязу вырашыла працягнуць да 28 лютага 2022 году абмежавальныя меры ў дачыненні да «высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за жорсткія рэпрэсіі і запалохванне мірных дэманстрантаў, членаў апазіцыі і журналістаў у Беларусі, а таксама асоб, адказных за фальсіфікацыю вынікаў выбараў».

Санкцыі працягнутыя ў дачыненні да 88-і чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і сямі кампаніяў. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на паездкі ў ЕЗ і замарожванне актываў. Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕЗ забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі тым, хто знаходзіцца ў санкцыйных спісе.

Hавiны
«Не спадзявацца, што хтосьці вырашыць праблемы за нас». Павел Латушка распавёў пра далейшыя планы
2021.02.25 20:29

У ЕЗ заявілі, што ўважліва сочаць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і працягнуць «падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі».

У ЗША прапануюць узмацніць санкцыі

У сваю чаргу Камітэт па замежных справах палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША аднагалосна ўхваліў рэзалюцыю з заклікам узмацніць уведзеныя раней санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Рэзалюцыя не мае юрыдычнай сілы і носіць рэкамендацыйны характар.

Яна заклікае да далейшых адрасных санкцыяў, узгодненым паміж ЗША, Еўразвязам, Вялікай Брытаніяй, Канадай, іншымі саюзнікамі і партнёрамі ЗША, у дачыненні да беларускіх уладаў.

Hавiны
Стала вядома, хто кіраваў затрыманнямі ў менскай краме «Алмі» 11 жніўня
2021.02.25 19:30

Таксама прапануецца па ўзгадненні з трансатлантычнымі партнёрамі разгледзець увядзенне санкцыяў супраць беларускіх дзяржаўных кампаній, якія парушалі правы сваіх работнікаў у сувязі з іх удзелам у дэмакратычным руху ў Беларусі. Змяшчае рэзалюцыя і заклік перагледзець любую фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі, уключаючы кантракты на закупкі.

Рэзалюцыя таксама заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых па палітычных матывах, да міжнароднага расследавання парушэнняў правоў чалавека падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і да новых свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЕ.

Польшча патрабуе вызвалення журналістак «Белсату»

Польскі сейм асудзіў пазбаўленне волі журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Сейм патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну, Дарʼю і ўсіх палітвязняў, а таксама заклікае міжнародную супольнасць выказаць салідарнасць з беларускім грамадствам, якое змагаецца за сваю свабоду.

«Сейм Рэспублікі Польшча заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь выконваць асноўныя абавязкі перад сваімі грамадзянамі згодна актам міжнароднага права», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Даклад вярхоўнага камісара ААН: У Беларусі – крызіс беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека
2021.02.25 18:55

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мічэль Бачэлет 25 лютага ў Жэневе на 46-й сесіі Рады ААН у справе правоў чалавека прэзентавала справаздачу пра становішча ў Беларусі.

«Падзеі, якія развярнуліся да і беспасярэдне пасля выбараў, прывялі да крызісу беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека», – заявіла спадарыня Бачэлет.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў