Дачка Шутава: Абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду


25 лютага забітага Генадзя Шутава суд Берасцейскай вобласці прызнаў вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэння пакарання». Сведку забойства Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Настасся Баранчук, дачка забітага Генадзя Шутава, сама абараняла ў судзе свайго бацьку-нябожчыка, яна расчараваная такім вынікам суда.

Дачка Генадзя Шутава Настасся супакойвае сястру Аляксандра Кардзюкова Марыну, за імі назіраюць нібыта пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын. Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын у судзе. Сведку забойства Генадзя Шутава Аляксандра Кардзюкова хочуць пасадзіць на 10 гадоў. 19 лютага 2021 года.
Фота: «Белсат»

– У судзе абвінавачванне не даказанае, абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду і не чакала, што дзесяць гадоў дадуць Кардзюкову, бо па факце нічога няма. У любым выпадку мы будзем абскарджваць і чакаць далей, – распавяла «Белсату» Настасся Баранчук.

Пракурор Генадзь Буры. Аляксандра Кардзюкова, сведку забойства Генадзя Шутава, хочуць пасадзіць на 10 гадоў. 19 лютага 2021 года.
Фота: «Белсат»

Дачка Шутава са сваякамі вяла сваё расследаванне гібелі бацькі. Яна кажа, што шмат якія моманты ў судзе не былі ўлічаныя, а працэс ішоў так, як было выгадна баку абвінавачвання.

– Ёсць моманты, якіх не было на судзе, не было шмат якіх сведак. Было пяць чалавек, якія ў момант забойства стаялі каля парапету – выклікалі толькі аднаго. Былі людзі, якія праходзілі міма, іх таксама не паклікалі, яны [абвінавачванне] паклікалі тых, хто быў патрэбны ім. Я думала, што апраўдаюць, бо доказаў ніякіх няма – ні нападу, ні замаху, тым больш на забойства. Гэта поўнае трызненне. Гаўрылаў і Галіцын моцна блыталіся ў словах. Напрыклад, Галіцын казаў, што кроў бацькі на ягоных джынсах аказалася, бо ён грузіў яго ў хуткую, але ёсць відэа, на якім бачна, што ён наагул не дапамагаў. І такіх момантаў шмат, – кажа Настасся Баранчук.

Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын у судзе. Аляксандра Кардзюкова, сведку забойства Генадзя Шутава, хочуць пасадзіць на 10 гадоў. 19 лютага 2021 года.
Фота: «Белсат»

Падчас апошняга слова Аляксандр Кардзюкоў перапрасіў сваякоў Шутава, што ўцягнуў Генадзя ў гэтую справу, але Настасся кажа, што ніякага зла і крыўды на яго не трымае, наадварот, ёй хочацца падтрымаць сям’ю і самога Аляксандра.

Сястра Аляксандра Кардзюкова, Марына, сказала ў размове з «Белсатам»: усе разумеюць, што адбываецца, толькі яна не ведае, як усё гэта растлумачыць сваім бацькам.

Меркаванні
Модны прысуд з асаблівым цынізмам
2021.02.25 13:16

– Я думаю, усе нармальныя людзі, якія ўмеюць думаць, ацэньваць, усе, хто назіраў і назірае за гэтым працэсам, разумеюць, што адбылося. Іншага прысуду быць не магло, хоць, вядома, мы ішлі з надзеяй, што, можа, у кагосьці сумленне пераможа страх, але гэтага не адбылося. Увесь суд быў, на мой погляд, ненармальны, бо ўсё павінна быць наадварот. Я дажыву да таго дня, калі будзе сумленны суд і будзе ўсё як мае быць. Такога абсурду, як адбываецца цяпер, я не бачыла і не чула ніколі пра такое. Проста абралі слабое звяно: мой брат апынуўся не ў тым месцы не ў той час са сваім сябрам. Я ўвогуле не ведаю, як ён трымаецца: ён страціў сябра, і тое, што з ім адбываецца, ён вытрымлівае гэта мужна. Ён выжыве, гэта было зразумела па ягоных апладысментах [пасля выраку Аляксандр запляскаў, так ён паказаў сваё стаўленне да выраку. – Заўв. «Белсату»], але мы спадзяёмся, што хутка гэта ўсё скончыцца, – кажа, не хаваючы слёзаў, Марына, сястра Аляксандра Кардзюкова.

Аляксандр Кардзюкоў, сведка забойства Генадзя Шутава, у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: «Белсат»

Праваабаронца Раман Кісляк наагул не заўважыў у гэтым працэсе правасуддзя, з яго пункту гледжання, гэта быў толькі рытуал.

– Я бачу, што гэта было не правасуддзе, а расправа з боку дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны. Суд не быў незалежным ад выканаўчай улады, фактычна ў нас няма правасуддзя: можна выконваць працэдуры, але, самае галоўнае, у гэтым працэсе не было незалежнага суда, які можа працаваць без ціску ўлады. Відавочна, што ў гэтай справе мы сталіся сведкамі таго, што ў Берасці праводзілася паліцэйская вайсковая аперацыя для нейтралізацыі пратэстоўцаў. Для гэтага былі прыцягнутыя войскі сілаў спецыяльных аперацыяў, якія не мелі навыкаў узаемадзеяння з пратэстоўцамі, з сабой у іх былі пісталеты Макарава. Гэта прывяло да таго, што Генадзя Шутава застрэлілі, – гаворыць Раман Кісляк.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў