У Беларусі +7 новых палітвязняў. Агулам – амаль тысяча


Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў палітвязнямі яшчэ семярых беларусаў. Агулам на 25 студзеня ў Беларусі 995 палітвязняў.

Цяпер зняволенымі з палітычных матываў лічацца.

  1. Генадзь Сяўрук, асуджаны паводле арт. 364 КК РБ за пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў у каментарах у сацыяльных сетках, арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі, арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варажнечы – да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  2. Юрый Чудзіновіч, асуджаны паводле арт. 130 КК за распальванне ў інтэрнэце сацыяльнай варажнечы, арт. 188 КК за паклёп на сацыяльнага педагога – сябры выбарчай камісіі, арт. 174 за ўхіленне ад выплаты аліментаў – да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  3. Дзмітрый Канеўскі, асуджаны паводле арт. 130 КК за распальванне ў каментарах сацыяльнай варажнечы ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі – да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  4. Андрэй Сачанка, асуджаны паводле арт. 364 КК за пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў у сетцы інтэрнэт, арт. 366 КК за пагрозу ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак, – да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Аляксандр Іваноў, асуджаны паводле арт. 364 КК за тэлефонныя пагрозы ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і арт. 391 КК за абразу суддзі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  6. Уладзіслаў Цімашчук, асуджаны паводле арт. 130 КК за выказванні ў сацыяльных сетках, якія распальваюць сацыяльную варажнечу ў дачыненні супрацоўнікаў МУС, да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  7. Руслан Слуцкі, асуджаны паводле ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК за замах на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносінаў – спробу злучыць металічным дротам рэйкі, што магло прывесці да затрыманя руху цягнікоў, а таксама паводле ч. 1 арт. 289 КК за «акт тэрарызму» – падкіданне на аўтамабільную дарогу самаробных металічных шыпоў перад аўтамабілямі, якія ўдзельнічалі ў праўладным аўтапрабегу, у выніку якога былі пашкоджаныя апоны чатырох аўтамабіляў, – да 11 гадоў пазбаўлення волі.

«Кваліфікацыя дзеянняў усіх пералічаных асобаў, а таксама від і памер пакарання былі відавочна непрапарцыйныя і неадпаведныя цяжкасці зробленага, – сцвярджаюць праваабаронцы ў сваёй заяве. – У кожным выпадку зняволенне стала празмерна жорсткай рэакцыяй уладаў на пратэсную актыўнасць грамадзянаў».

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуюць ад уладаў перагледзець прынятыя ў дачыненні згаданых палітвязняў прысуды і неадкладна вызваліць іх, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння яўкі ў суд.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў