Рэдактара «Intex-Press» аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў


Галоўны рэдактар Intex-press Уладзімір Янукевіч.
Фота: Intex-press

Суд пакараў Уладзіміра Янукевіча штрафам 20 базавых велічынь (640 рублёў) і пастанавіў сканфіскаваць на карысць дзяржавы планшэт, паведамляе БАЖ.

Суд Баранавічаў прызнаў Уладзіміра Янукевіча вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавоз з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі».

Уладзімір Янукевіч адзначыў, што справа датычыць не «Intex-Press», а іншага прадпрыемства – ПУП «Цэнтр Рунь», якое займаецца рэкламай. З ягоных словаў, падчас ператрусу ў «Intex-Press» на адным планшэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю.

Рэдактар баранавіцкага выдання кажа, што абскарджваць рашэнне райсуда ён не збіраецца, бо «ў сучасных умовах гэта проста выкінутыя сродкі. А нам трэба ўтрымаць рэдакцыю, на якую працягваецца ціск».

Ціск насамрэч вельмі моцны. 29 снежня ўлады заблакавалі сайт баранавіцкага выдання «Intex-Press». Такі «падарунак» ад Міністэрства інфармацыі выданне атрымала да дня заснавання – 30 снежня.

Прычынай блакавання сайту сталі «парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена». Колькі часу будзе дзеяць гэтае абмежаванне, не пазначана.

А 8 ліпеня ў рэдакцыі сілавікі зладзілі ператрус і сканфіскавалі тэхніку.

Артыкулы
КДБ заявіў пра «шырокамаштабную зачыстку ад радыкальна настроеных». Вынікі нападу на прэсу і актывістаў
2021.07.09 10:33

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў