Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі


Belsat.eu прапаноўвае агляд галоўных падзеяў, звязаных з крызісам вакол Украіны і пагрозай вялікай вайны ў Еўропе, за апошнія некалькі дзён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Антыпуцінскі мітынг у Берліне, Германія. 22 студзеня 2022 года.
Фота: Якуб Падкавяк/ Zuma Press / Forum

Беларусь

Працягваецца перакідванне ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў з Далёкага Усходу пад выглядам вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022», якія маюць адбыцца 10-20 лютага. 25 студзеня ў Беларусь на станцыю «Палонка» у Баранавіцкім раёне прыбылі чарговыя вайсковыя эшалоны – цяпер з артылерыяй і марскімі пяхотнікамі Ціхаакіянскага флоту РФ. Дзе будуць размешчаны гэтыя вайскоўцы – невядома. Раней эксперты «Conflict Intelligence Team» паведамлялі, што некаторыя расейскія падраздзяленні заўважаны не каля палігонаў, заяўленых на вучэнняў, а ў 30-40 км ад украінскай мяжы.

Hавiны
Што трэба ведаць пра вучэнні «Саюзная рашучасць» і звязаныя з імі пагрозы
2022.01.20 10:40

Колькасць расейскіх жаўнераў і тэхнікі, якія будуць перакінуты ў Беларусь, дасюль не агучана. Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас мяркуе, што Расея перакідвае ў Беларусь у 3-4 разы больш сваіх вайскоўцаў, чым падчас вучэнняў «Захад-2021» (у іх удзельнічалі каля 2,5 тысяч расейцаў). Раней Telegram-каналу беларускіх чыгуначнікаў belzhd_live паведамляў, у Беларусь плануецца накіраваць 200 вайсковых эшалонаў з расейскай тэхнікай і жаўнерамі – гэта амаль у 7 разоў больш, чым падчас вучэнняў «Захад-2021».

Даведка
З лістапада 2021 года Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінаю. Заходнія і ўкраінская выведкі лічаць, што Крэмль плануе маштабнае ўварванне, прычым дзеля гэтых мэтаў можа выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі. У студзені 2022 года паміж Расеяй і Захадам распачаліся перамовы аб «гарантыях бяспекі». Масква, у прыватнасці, патрабуе, каб у NATO далі гарантыі не пашырацца на Усход (у тым ліку за кошт далучэння да Альянсу Украіны) і адвялі ўсю вайсковую інфраструктуру ў Еўропе на пазіцыі 1997 года (то бок у тым ліку сышлі з Польшчы ды краінаў Балтыі). Але ЗША і NATO лічаць ультыматум Пуціна непрымальным.

У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША лічаць, што супольныя вучэнні Беларусі і Расеі могуць быць выкарыстаныя для нападу на Украіну з поўначы. Пра гэтую занепакоенасць прадстаўнікі Дзярждэпу на мінулым тыдні праінфармавалі беларускіх дыпламатаў «у прыватным парадку». Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня публічна адрэагаваў на гэты зварот і абвінаваціў ЗША ў «ментарскім тоне»: паводле яго, амерыканцы пагражаюць увесці санкцыі, «калі вы дазволіце Пуціну і Расеі» (што дазволіце – ён не ўдакладніў). Лукашэнка заявіў, што «нам не трэба ніякай вайны», але амерыканцы «падштурхоўваюць нас да гэтых дзеянняў». Ён паведаміў, што ў межах вучэнняў на паўднёвых межах давядзецца разгарнуць цэлы кантынгент беларускай арміі.

Лукашэнка 25 студзеня таксама зацвердзіў рашэння аб ахове мяжы на 2022 год – у рамках гэтага рашэння асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваныя якраз на ўкраінскім кірунку. Але ў Менску не забылі і пра «пагрозу з Захаду». Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо 24 студзеня заявіў, што палякі нібыта хочуць справакаваць беларускі бок «на нейкія меры ў адказ». У прыватнасці, ён сцвярджае, што «польскія сілавікі плануюць, магчыма, захапіць беларускага памежніка». «Я аддаў каманду без папярэджання неадкладна ўжываць зброю», – сказаў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сустрэча расейскіх вайскоўцаў, якія працягваюць прыбываць для ўдзелу ў праверцы сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

25 студзеня Лукашэнка заявіў, што яму і ягоным генералам «вайнушка» не патрэбная, але бяздзейнічаць нельга і правёў паралелі з 41-м годам. «Мы павінны быць гатовыя да любога развіцця падзеяў», – падкрэсліў ён.

Тым часам амбасада ЗША параіла амерыканцам быць пільнымі, пазбягаць публічных дэманстрацыяў, уважлівей сачыць за навінамі і мець планы выезду з Беларусі на выпадак надзвычайнай сітуацыі.

Расея

Паводле апошніх дадзеных украінскай выведкі, Расея размясціла каля ўкраінскай мяжы больш за 106 тысяч жаўнераў – і гэта без уліку Беларусі. Сярод іншага Расея працягвае нарошчваць баявыя магчымасці сваёй групоўкі на акупаваных тэрыторыях Данбасу.

У Крамлі 24 студзеня заявілі, што Украіна можа напасці на так званыя ДНР і ЛНР.

«Пагроза ёсць і цяпер яна вельмі высокая. Яна вышэй, чым раней», – адзначыў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Адначасова пра магчымы наступ украінскага войска паведамілі ў групоўках ДНР і ЛНР. Раней у ЗША заяўлялі, што ў якасці падставы для маштабнага ўварвання Расея можа выкарыстаць правакацыю на Данбасе – напрыклад, сама атакаваць баевікоў ДНР ці ЛНР пад выглядам украінскіх вайскоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тактычныя заняткі на палігоне Галавенькі. Крыніца: mod.mil.rus / Facebook

Прадстаўнікі расейскай улады тым часам працягваюць выступаць з рэзкімі мілітарысцкімі заявамі. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў назваў Украіну выдуманай дзяржавай і заявіў, што, калі б ён быў прэзідэнтам Расеі, то «даўно забраў б Украіну, накіраваў бы туды войскі і навёў парадак». Раней некаторыя дэпутаты Дзярждумы заяўлялі пра неабходнасць аднаўлення Расейскай імперыі і нават прэвентыўнага ядравага ўдару па ЗША.

Напрыканцы мінулага тыдня ў МЗС Вялікай Брытаніі распаўсюдзіла заяву аб тым, што Крэмль ва ўмовах ваеннага канфлікту плануе прывесці да ўлады ва Украіне прарасейскіх палітыкаў. У якасці галоўнага кандыдата на ролю прарасейскага лідара разглядаецца былы дэпутат Вярхоўнай Рады ад партыі «Апазіцыйны блок» Яўген Мураеў . Таксама называліся імёны прадстаўнікоў ураду часоў Віктара Януковіча Мікалай Азараў, Сяргей Арбузаў, Андрэй Клюеў, Уладзімір Сіўковіч. У сваю чаргу Азараў пасля гэтага даў інтэрв’ю беларускім прапагандыстам, дзе заклікаў Беларусь рыхтавацца да правакацыяў з боку Украіны.

Украіна

Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў заклікаў не сеяць паніку: ён падкрэсліў, што па стане на 24 студзеня ля межаў Украіны няма ніводнай ударнай групоўкі расейскай арміі, якая была б гатова ў любы момант пайсці ў атаку. Паводле яго, «рызыкоўныя сцэнарыі ёсць і магчымыя ў будучыні», але на сёння такой пагрозы не існуе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў па выніках паседжання Рады нацыянальнай бяспекі і абароны 24 студзеня, што ўлады гатовыя да ўсяго і прычынаў для панікі няма. Праўда, той жа Зяленскі на мінулым тыдні ў інтэрв’ю «The Washington Post» прызнаў, што Расея можа нанесці ўдар па буйным гарадах – у прыватнасці, па Харкаву.

Камандуючы Аперацыяй аб’яднаных сілаў Аляксандр Паўлюк заявіў у інтэрв’ю «The Times», што, паводле аднаго са сцэнароў, Расея плануе ўварванне на 20 лютага (нагадаем, раней заходнія і ўкраінскія выведкі паведамлялі, што найбольш верагодныя тэрміны нападу – канец студзеня – пачатак лютага). Паўлюк патлумачыў, што лічыць гэтую дату патэнцыйна небяспечнай праз тое, што 20 лютага адбудзецца закрыццё Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Украінскі генерал мяркуе, што Пуцін не хоча сварыцца з кіраўніцтвам Кітаю і азмрочваць вайной важнае для Пекіна спартовае мерапрыемства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Раней агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведамляла, што кіраўнік КНР Сі Цзіньпін мог звярнуцца да Пуціна з просьбай не нападаць на Украіну падчас Алімпійскіх гульняў. Масква ў рэзкай форме зняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Варта нагадаць, што расейска-грузінская вайна ў 2008 годзе адбылася як раз падчас мінулай Алімпіяды ў Пекіне.

Былы лідар «Правага сектару», кіраўнік недзяржаўнага парамілітарнага фармавання «Украінская добраахвотніцкая армія» Дзмітрый Яраш апублікаваў у Фэйсбуку зварот да беларусаў, сфармуляваны ў вельмі рэзкіх выразах. Ён заклікаў грамадзянаў Беларусі зрынуць Лукашэнку або «будзе бяда». Яраш папярэдзіў аб магчымых наступствах удзелу ў вайне супраць Украіны: «Мы, украінцы, паважаем і любім беларусаў, але калі ўдар па нам будзе нанесены з вашай тэрыторыі, мы ператворым ваша «мірнае» халуйскае жыццё ў пекла».

Тым часам кіраўнік прапрэзідэнцкай фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія заклікаў спакойна ставіцца да рыторыкі Лукашэнкі і пагрозе адкрыцця «другога фронту» супраць Украіны. Паводле яго, сітуацыя наконт уварвання штучна нагнятаецца ў межах інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі.

NATO

Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў пра выезд з Украіны чальцоў сем’яў дзяржаўных службоўцаў ЗША і дазволіў, калі яны самі пажадаюць, выезд саміх службоўцаў. Пра аналагічныя захады абвесціла і Вялікая Брытанія. Пазней МЗС Украіны ўдакладніў, што агулам па стане на 24 студзеня аб намеры арганізаваць эвакуацыю чальцоў сем’яў і часткі супрацоўнікаў амбасадаў абвесцілі чатыры дзяржавы: акрамя ЗША і Брытаніі, гэта Нямеччына і Аўстралія.

Аналітыка
Сем’і дыпламатаў эвакуююць з Кіева, амерыканцаў у Беларусі папярэдзілі аб небяспецы. Заўтра вайна?
2022.01.24 17:52

Краіны NATO 24 студзеня абвесцілі, што адпраўляюць дадатковыя караблі і знішчальнікі для размяшчэння ва Усходняй Еўропе. Такім чынам Альянс узмацняе абарону саюзнікаў на фоне нарошчвання Расеяй вайсковых сілаў супраць Украіны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра перакідванне Даніяй у Літву чатырох знішчальнікаў F-16, Нідэрландамі ў Балгарыю – двух F-35. Францыя гатовая накіраваць вайскоўцаў у Румынію. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што NATO будзе працягваць прымаць усе неабходныя меры дзеля абароны сваіх саюзнікаў.

У Пентагоне заявілі, што 8,5 тысяч амерыканскіх жаўнераў прыведзены ў стан павышанай гатоўнасці і могуць быць перакінутыя ва Ўсходнюю Еўропу праз магчымае ўварвання Расеі ва Украіну. Але рашэнне аб накіраванні яшчэ не прынятае, падкрэслілі ў Мінабароны ЗША. Раней газета «The New York Times» паведаміла, што Пентагон сярод іншага прапанаваў прэзідэнту Джо Байдэну варыянт з перакідваннем да 50 тысяч вайскоўцаў у Еўропу, калі сітуацыя моцна пагоршыцца. Аднак пры гэтым размяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў ва Украіне не разглядаецца ні ў адным са сцэнароў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстоўца трымае сцягі Украіны і ЕЗ падчас мітынгу супраць расейскай агрэсіі. Нью-Ёрк, ЗША. 22 студзеня 2022 года.
Фота: Леў Радзін / Zuma Press / Forum

Прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан канстатаваў, што дадзеныя выведкі наконт сітуацыі вакол Украіны вельмі змрочныя, але ён не лічыць, што напад Расеі непазбежны. Разам з тым ён папярэдзіў Крэмль, што ўварванне ва Украіну будзе вельмі крывавай справай і пераўтварыцца для Расеі ў «новую Чачню».

Міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс распавёў, што латвійскі бок у бліжэйшы час адправіць ва Украіну пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Стынгер», якія былі на ўзбраенні ў латвійскай арміі, а таксама індывідуальную экіпіроўку латвійскай вытворчасці і сухія пайкі для жаўнераў. «Стынгеры» гатовая паставіць Кіеву і Літва. Раней 21 і 22 студзеня ЗША накіравалі ва Украіну дзве партыі зброі і боепрыпасаў (паводле медыяў, гаворка ідзе пра гранатамёты і пераносныя ракетныя ўстаноўкі). А Брытанія перадала ўкраінскаму боку 2000 адзінак лёгкай супрацьтанкавай зброі новага пакалення NLAW. Дзясяткі амерыканскіх супрацьтанкавых ракетаў Javelin будуць таксама перададзеныя Эстоніяй. Чэхія ў сваю чаргу плануе накіраваць украінскаму боку боепрыпасы для цяжкой артылерыі.

Размова
Беларусь можа стаць ваенным агрэсарам
2022.01.21 19:21

РР belsat.eu

Стужка навінаў