«Надыходзіць час адступаць». Як мяняецца рыторыка расейскай прапаганды


Ці змянілася рыторыка крамлёўскай прапаганды з пачатку 2022 года на фоне супрацьстаяння з Захадам, і да чаго прапаганда рыхтуе грамадскую думку?

Дзярждэпартамент ЗША ў спецдакладзе паспрабаваў развянчаць асноўныя прапагандысцкія міфы. А незалежныя аналітыкі адзначаюць, што міфаў расейскай прапагандзе ўжо не трэба – на іх змену прыходзіць «чыстая прапаганда агрэсіі». Між тым, палітолаг Зміцер Арэшкін лічыць, што вайны не будзе, а пуцінская прапаганда рыхтуе «адступленне ад наступу», якое і назаве перамогай.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы на вучэннях.
Фота: mil.ru

Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў 20 студзеня спецыяльны даклад аб расейскай дэзынфармацыі. У ім гаворыцца аб вайсковых і разведвальных структурах, сканцэнтраваных на інфармацыйным супрацьстаянні з Украінай. Амерыканскае ведамства развенчвае шэраг асноўных міфаў, якія распаўсюджвае расейская прапаганда:

  • «Расея абараняе этнічных расейцаў ва Украіне».
  • «Змова NATO супраць Расеі. Альянс з самага канца халоднай вайны парушае ўяўныя абяцанні не пашырацца і акружае Расею войскамі».
  • «ЗША хочуць прымяніць хімічную зброю на Данбасе».

    «Украіна як агрэсар. Захад падштурхоўвае Украіну да канфлікту і пазбягае дыпламатыі».
  • «Разгортванне ўласных войскаў ля мяжы з Украінай – гэта перадыслакацыя».

Прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава знайшла ў гэтым дакуменце «пасажы проста нечалавечай хлусні і глупства». А эксперты кажуць аб тым, што крамлёўская прапаганда за апошнія тыдні памяняла наратыў.

«Чыстая» прапаганда агрэсіі

«Міфы 2014 года былі адціснутыя на абочыну інфармацыйнай прасторы, а ім на змену прыйшла ўжо нічым не прыкрытая, “чыстая” прапаганда агрэсіі – не толькі супраць Украіны, але і супраць усяго свету», – піша незалежны аналітык Ксенія Кірылава.

У якасці такой «незамутненай» прапаганды аналітык прыводзіць у прыклад заклік ідэолага Аляксандра Дугіна захапіць усю левабярэжную Украіну.

«Гэта значыць, што Масква заканчвае бясконца зацягнуты працэс еўразійскай інтэграцыі акордам больш рашучых дзеянняў. Калі Вашынгтон не пойдзе на замацаванне нейтральнага статусу Украіны, то – паводле Пуціна – прыйдзецца даць вайскова-тэхнічны адказ. Не хочаце па-добраму, будзе інакш», – сцвярджае Дугін.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: yaplakal.com

А першы намеснік старшыні камітэту Дзярждумы па абароне Аляксей Жураўлёў у эфіры цэнтральнага тэлеканалу крычыць аб тым, як Расея знішчыць заходнія краіны:

«Мы кажам: усё, заўтра вам хана!.. Вы будзеце знішчаныя, цалкам – і Еўропа, і Амерыка… Мы вас знішчым адразу! Вас проста не будзе існаваць».

На тэлебачанні ў адкрытую вяшчаюць аб вайскова-паліцэйскай аперацыі супраць Украіны і яе «прымусе да міру». Гэтыя тэзісы тыражуюцца ў тэлеграм-каналах:

«Па сутнасці, “прымус да міру” Украіны – гэта вайскова-паліцэйская аперацыя дзеля вызвалення мірнага насельніцтва і тэрыторый, ад радыкалаў, якія захапілі ўладу. І пераход нейкай часткі гэтай тэрыторыі пад іншую юрысдыкцыю на аснове свабоднага волевыяўлення грамадзянаў».

Палітолаг: Рыхтуюць выйсце з гэтай паляны

Расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін таксама адзначае змены ў рыторыцы пуцінскай прапаганды, але мяркуе, што грамадства ёю ўжо так перакармілі, што яна не працуе.

«Мне здаецца, гэта ўжо перастае працаваць. Цяпер бы і пра распятага хлопчыка не сталі б успрымаць. Грамадская думка стала стамляцца ад тэмы Украіны. І таму яны паволі рыхтуюць яе да выхаду з гэтай паляны», – кажа Зміцер Арэшкін.

Наш суразмоўца лічыць, што прапаганда цяпер выбудоўвае наратыў, паводле якога пуцінскае «адступленне ад наступу будзе названа перамогай».

«Таму што ідэя наступу на Украіну ўжо, мабыць, пратухла. Можна тры месяцы гэтым спекуляваць, але паўгода – гэта ўжо зашмат. Людзі пачынаюць прывыкаць, пачынаюць разумець, што гэта ўсяго толькі прапаганда…

Маё суб’ектыўнае ўспрыманне кажа, што цяпер пачалі выбудоўваць віртуальную перамогу. Маўляў, не далі развязаць вайну Захаду, не дазволілі, а значыць, Уладзімір Уладзіміравіч перамог. З гэтым выразам на твары і з разгорнутымі сцягамі ён ціхенька ўцягваецца назад», – мяркуе палітолаг.

Палітолаг Зміцер Арэшкін. Скрін відэа праграмы «Вот так».

У тым, што людзям падаецца гэта як вялікае знешнепалітычнае дасягненне, і назіраецца некаторая змена танальнасці, лічыць Арэшкін.

«Гэта значыць, людзям кажуць, што перамога заключаецца не ў тым, што цяпер, маўляў, мы Украіну разнясем на шматкі. Не, перамога заключаецца ў тым, што вайны не будзе. Вось нас Захад падштурхоўваў-падштурхоўваў, а разумны, дальнабачны і мудры Пуцін вайны пазбег. І больш за тое, ён выратаваў свет, балансуе на мяжы ядравай вайны, не дазволіў развязаць яе шалёнаму NATO, з іклоў якога бяжыць атрутная сліна. Прыкладна так», – кажа палітолаг.

«І цяпер Пуцін ужо пачынае баяцца»

Як мяркуе Дзмітрый Арэшкін, імавернасць вайсковага канфлікту паміж Расеяй і Украінай зніжаецца:

«Мне здаецца, гэта блеф, гэта шантаж. Але, вядома, на гэты шантаж Захад вымушаны рэагаваць. Таму што там іншыя адносіны паміж уладамі і насельніцтвам».

Паводле яго, амерыканцам цяпер таксама стала выгадна падкрэсліваць гатовасць да вайны.

«І цяпер Пуцін ужо пачынае баяцца. Што ўкраінцам далі вайсковую дапамогу і яшчэ дадуць, калі што. І калі будзе нагнятанне, NATO размесціць яшчэ войскі. І вось тут у яго надыходзіць час адступаць. Ён жа не дурань лезці на ваенную машыну NATO, якая ў 10 разоў больш магутная. Што б ён там пра гэта ні думаў», – лічыць Дзмітрый Арэшкін.

«Вайны дакладна не будзе. Ну, амаль дакладна…»

На думку палітолага, вайсковая аперацыя з удзелам танкаў, самалётаў і артылерыі малаверагодная, хоць і магчымая («імавернасць невялікая, але яна не нулявая»). А вось узаемных правакацый варта чакаць.

«Абстрэлы, выкраданні, яшчэ што-небудзь – гэта будзе проста абавязкова. І больш за тое, магчыма, гэта будзе ўзмацняцца. У тым ліку – на дыпламатычнай глебе. Напрыклад, чаму б не прызнаць незалежнасць так званых ДНР і ЛНР? І на гэтым фоне – дыверсіі, ідэалагічныя падрывы, падсілкоўванне ўсіх крайніх праяў, для таго каб яны там у меру здольнасцяў расхіствалі сітуацыю. Усё роўна, у які бок. Важна, каб ва Украіне не было стабільнасці», – кажа эксперт.

«Снарады таксама могуць быць нейкія правакацыйныя, невядома адкуль прыляцелі, але пры ўмове, што “нас там няма”. А вайсковую аперацыю без таго, што “мы там ёсць”, даволі цяжка пачаць у цяперашні час. Канвенцыйнай вайны дакладна не будзе. Ну, амаль дакладна…» – робіць агаворку Зміцер Арэшкін.

ЗК/ММ belsat.eu

Стужка навінаў