«Хацеў угаварыць іх сысці». Успаміны таксіста, які падвозіў журналістак «Белсату» на плошчу Пераменаў


Гісторыя стрыму з плошчы Пераменаў, які вялі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, – гэта не толькі кадры і факты, але супадзенні і перасячэнні тысяч лёсаў людзей. Адзін з іх – звычайны менскі таксіст, які ў той дзень, 15 лістапада 2020 года, да апошняга чакаў у суседнім двары сваіх пасажырак – журналістак «Белсату». Чакаў, тэлефанаваў і спадзяваўся, што прарвуцца…

Кіроўца варшаўскага таксі, беларус, які праходзіў сведкам на судзе ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай і праз пагрозу пераследу зʼехаў з краіны.
Фота: ВО / Белсат

«Звязаўся з імі апошні раз гадзіне а трэцяй ці чацвёртай. На тэлефон званіў, бо не было інтэрнэту. Тады яшчэ ўдалося стэлефанавацца. І пасля гэтага – усё, на сувязь дзяўчаты не выходзілі. Але я набіраў і набіраў. Каб сказаць, што з усіх бакоў атачаюць дом амапаўцы і што трэба паспрабаваць неяк выйсці адтуль.

Бо я ведаў характары дзеўчат і меркаваў, што яны будуць там працаваць да апошняга. Але хацеў угаварыць іх сысці адтуль…» – успамінае кіроўца таксі, які папрасіў называць яго Максімам (імя несапраўднае).

З плошчы Пераменаў Максім зʼехаў каля дзявятай, калі даведаўся, што журналістак – ужо дакладна – затрымалі, і што чакаць больш няма каго.

«Баявыя дзяўчаты, настроеныя на працу»

Максім згадвае, што з Кацяй Андрэевай і Дашай Чульцовай пазнаёміўся за некалькі месяцаў да падзеяў 15 лістапада. Расказвае, што, калі ў Менску падчас нядзельных маршаў блакавалі інтэрнэт, замовіць таксоўку праз мабільную праграму было немагчыма.

Фота: ВО / Белсат

«Таму яны проста выхапілі мяне з плыні. Селі ад борту, як кажуць. Там іх цэлая каманда была – чатыры чалавекі. Пакуль ехалі, разгаварыліся з Кацяй. Яна папрасіла нумар тэлефону, і я пакінуў. А пазней, калі было трэба, яна мяне проста набірала. Так што я ўсю іхную каманду памятаю і ведаю ў твар. Калі не Каця з Дашай ехалі, то іншыя людзі», – распавядае мужчына.

Артыкулы
«Я адгаворвала дачку ад журналістыкі, баялася, а цяпер ганаруся». Размова з маці Дар’і Чульцовай
2021.11.15 02:26

Згадвае, што Каця часцей садзілася наперад, Даша – назад. Дарогаю ўвесь час размаўлялі, «як добрыя прыяцелі і знаёмцы».

«Нармальныя, прыгожыя дзяўчаты. Што яшчэ сказаць? Баявыя, настроеныя на працу, патрыёткі сваёй краіны. Праўда, супраць рэжыму… Але ж хто тады быў не супраць? Ну, як іх яшчэ ахарактарызуеш – вельмі пазітыўныя дзяўчаты», – усміхаецца Максім.

«Нічога не прадказвала бяды»

Ён расказвае, што 15 лістапада каля 12-й гадзіны забраў найперш з дому Дашу, потым заехалі па Кацю. Усё было звычайна. І журналісты, і простыя менчукі рыхтаваліся да Маршу смеласці ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі.

«Які ў іх быў настрой? Ну, вы мне цяпер роўна такія ж пытанні задаяце, якія следчы на допыце задаваў, – смяецца Максім. – Ну што, дарогаю пасмяяліся, пагаманілі пра штось – нічога сурʼёзнага. Усё як заўсёды, я ж кажу. Я іх штотыдзень вазіў, калі пратэсты былі. Звычайная паездка. Нічога не прадказвала бяды…» – кажа кіроўца.

Фота: ВО / Белсат

Успамінае, што ён высадзіў дзяўчат каля «свечак» на плошчы з імправізаваным мемарыялам Бандарэнку (пра смерць Рамана Бандарэнкі – жыхара адной з тых «свечак», Беларусь даведалася 12 лістапада, за тры дні да затрымання журналістак «Белсату»). Дамовіліся, што будзе чакаць.

І нават не развітваліся, згадвае кіроўца таксі.

«Рэальна АМАП прабягаў міма»

Максім прыпаркаваўся непадалёку ад пляцоўкі з мемарыялам, але калі сабралася шмат людзей, пераехаў у іншае месца – у суседні двор. Ён меў адтуль добры агляд, бачыў, як падʼехалі аўтазакі, як разганялі, затрымлівалі і атачалі людзей.

«Не, у мяне праблемаў не было. Я стаяў убаку, у двары, проста сядзеў у машыне. Рэальна АМАП прабягаў міма, калі разганялі ўсіх, але канкрэтна да маёй машыны падазрэнняў у іх не ўзнікла», – згадвае таксоўца.

Распавядае, што чакаў да апошняга, бо бачыў, што пасля разгону і затрыманняў амапаўцы ачапілі ўсё дамы.

Артыкулы
«Яна разумела кошт свайго выбару і ні пра што не шкадуе». Журналістка Кацярына Андрэева год як за кратамі
2021.11.15 12:26

«Быў да апошняга, бо меў спадзеў, што яны ўсё-такі выйдуць на сувязь. Недзе пасля восьмай спачатку звязаўся са мной бацька Каці, запытаўся, як справы і ці ёсць якія навіны. А потым ужо пазванілі з рэдакцыі і сказалі, што Дашу з Кацяй усё ж затрымалі. Гэта было а гадзіне дзявятай вечара…» – у голасе суразмоўцы чуецца роспач.

«Я ведаў, на што ішоў»

Той дзень і вечар змянілі і жыццё Максіма. Ён ужо дзесяць месяцаў як таксуе не ў родным Менску, а ў Варшаве. Тлумачыць, што дасведчаныя людзі пасля суда над Кацяй і Дашай настойліва параілі яму пакінуць Беларусь. У справе журналістак «Белсату» Максім праходзіў у якасці сведкі.

Фота: ВО / Белсат

«Зразумела, былі допыты ў следчага. Апроч іншага, пытаўся, ці была пры дзеўчатах нейкая апаратура. Запытваўся, у якіх стасунках я з імі быў. Такое ж пытанне мне і на судзе задалі. Я адказаў пракурорцы: «А ў якіх я цяпер стасунках з вамі, спадарыня?» І тады ўся зала зарагатала.

Калі папраўдзе, уражанні ад суда былі такія, што гэта проста цырк нейкі. Шмат было абсурдных момантаў у плане пытанняў і наагул усяго. Аж да таго, што Кацінага мужа ледзь не выдалілі з залы, бо засмяяўся ўголас, калі следчы задаваў такія вось пытанні», – дзеліцца ўспамінамі Максім.

Артыкулы
«Дзіцячая пляцоўка стала мемарыялам». Жыхар плошчы Пераменаў пра двор, суседзяў і Рамана
2021.11.12 11:59

Ён кажа, што працуе таксістам ужо восем гадоў. І прызнаецца, што ад самай першай паездкі з журналісткамі «Белсату» ўсведамляў рызыку.

«Ведаеце, рызыка тады заўсёды прысутнічала. То бок я ведаў, на што ішоў, і разумеў, якія могуць быць наступствы. А пасля суда – я не буду казаць, хто і якім чынам, – мне проста сказалі: лепш табе зʼехаць», – дадае таксіст.

Працягвае чакаць сваіх пасажырак

Расказвае, што, калі атрымаў позву ў Следчы камітэт, знішчыў усе магчымыя кантакты з мабільніка, а таксама відэа, якія здымаў на тэлефон, чакаючы Кацю і Дашу.

«Цяпер застаецца сачыць за навінамі і працягваць таксаваць», – кажа Максім.

Прызнаецца, што вельмі перажывае за дзяўчат, якія цяпер у калоніі. І – працягвае чакаць сваіх пасажырак. З надзеяй, што – прарвуцца. І выйдуць-такі на сувязь.

Фота: ВО / Белсат

Новы варшаўскі нумар таксіста Максіма маем у рэдакцыі. І чакаем…

5 верасня чакаем на волі

  • 15 лістапада 2020 года ў Беларусі адбыўся марш памяці забітага лукашэнкаўскімі паслугачамі Рамана Бандарэнкі «Я выходжу». Журналісткі «Белсату» вялі жывую трансляцыю падзеяў з аднаго з дамоў на плошчы Пераменаў, куды людзі прыйшлі ўшанаваць памяць загінулага.
  • Мірны марш жорстка разагналі амапаўцы і вайскоўцы. Яны ўжывалі супраць дэманстрантаў святлошумавыя гранаты і вадамёты. Паводле звестак «Вясны», у той дзень ў Менску і іншых гарадах схапілі каля 1300 чалавек.
  • Калі плошчу Пераменаў зачысцілі, а мемарыял Бандарэнку знішчылі – амапаўцы пайшлі па падʼездах і кватэрах. Адкуль вядзецца трансляцыя «Белсату», вылічылі пры дапамозе дронаў. Кацю і Дашу затрымлівалі 10 сілавікоў, якія выламалі дзверы ў кватэру.
  • 17 лістапада Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову асудзілі на 7 содняў адміністратыўнага арышту (арт. 23.34 і 23.4 КаАП). Яны меліся выйсці на волю 22 лістапада. Але ўжо 20 лістапада ім выставілі абвінавачанні ў крымінальным злачынстве паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Праз тры дні журналістак этапавалі ў жодзінскую турму. 24 лістапада іх прызналі палітзняволенымі.
  • 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску назваў Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову вінаватымі і засудзіў на 2 гады калоніі агульнага рэжыму (ч. 1 арт. 342 КК). Журналісткі адбываюць тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі № 4.
  • 5 верасня 2022 года дзяўчаты будуць на волі.
Артыкулы
Як дыктатар Лукашэнка скраў у Дашы два гады жыцця. Выйшаў комікс пра журналістку «Белсату»
2022.01.15 10:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў