24 лістапада Лявон Вольскі дасць канцэрт, прымеркаваны да ўгодкаў Слуцкага паўстання


На сцэне выступяць Лявон Вольскі, салігорскі гурт «Харачакра» і Менскі гурт ZANZIBAR. Канцэрт адбудзецца ў Слуцкім Доме культуры.

Арганізатары імпрэзы атрымалі ад мясцовых уладаў дазвол на яе правядзенне. Аднак пераклалі на арганізатараў абавязак аплаты паслугаў міліцыі і медыкаў, арэнду Дома культуры разам з аплатай камунальных паслугаў. Таксама Дом культуры адмаўляецца даць апаратуру, бо яна нібыта сапсавалася і патрабуе рамонту.

На правядзенне імпрэзы патрэбна каля 2000 рублёў. Каб знайсці патрэбную суму, арганізатары распачалі збор сродкаў. Уваход на канцэрт будзе бясплатны.

«Наша Мэта – зрабіць свята для жыхароў Слуцка і на высокім узроўні адсвяткаваць Дзень герояў. Слуцкае паўстанне – гэта выбітная старонка гісторыі Слуцка і ўсёй нашай краіны. Дзень Герояў 27 лістапада штогод святкуецца беларусамі па ўсім свеце, у Нямеччыне ёсць помнік слуцкім паўстанцам, у Канадзе ёсць дом адпачынку, прысвечаны слуцкім паўстанцам. У Слуцку, на жаль, гэтым гістарычным падзея яшчэ ня надаецца належная ўвага. Таму асабліва важная, Каб случчакі мелі магчымасць ушаноўваць сваіх герояў і памятаць пра гісторыю » – кажа арганізатарка канцэрту Аліна Нагорная, заснавальніца і сябра Рады грамадскага руху «Дзея».

Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстанне – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Героі-случчакі ўступілі ў бой з бальшавікамі за незалежнасць Беларусі. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ў Слуцкім збройным чыне бралі ўдзел да 15-ці тысячаў чалавек, у асноўным – звычайныя сяляне, якія добраахвотна падтрымалі барацьбу за незалежнасць. Нягледзячы на нястачу ўзбраення ды амуніцыі, несуразмерныя колькасныя сілы бакоў, больш за месяц два слуцкія палкі змагаліся з бальшавікамі.

Афіцыйныя ўлады Беларусі ігнаруюць Слуцкі збройны чын, як і ўсё звязанае з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. У сённяшняй Беларусі гэтая падзея несправядліва забытая. Слуцкім паўстанцам улады дагэтуль не ўсталявалі помніку, імёнамі герояў не назвалі вуліцаў беларускіх гарадоў.

ЛП belsat.eu

Стужка навінаў