Як размаўляць з дзецьмі пра гвалт ад людзей у чорным?


Наталка Харытанюк напісала калядную «Казку пра тое, як Святога Міколу забаранялі».

У адным краі забаранілі ўсё белае з чырвоным і чырвонае з белым, а значыць, і святога Міколу, які прыляцеў у горад, каб стварыць свята. Яго абкружылі бусікі, і чалавек у чорным крыкнуў у рацыю «Працуем!». Рэаліі, якія нагадваюць падзеі на беларускіх вуліцах, пісьменніца Наталка Харытанюк ператварыла ў казку, каб патлумачыць дзецям тое, што яны маглі бачыць апошнія два гады.

Малюнкі з кніжкі ад ілюстратаркі Лізаветы Ганчаровай. Фота прадастаўлены аўтаркай казкі Наталкай Харытанюк

Сюжэт нарадзіўся летась, калі пісьменніца прачытала ў навінах, што ў Менску адбыліся затрыманні падчас марафону Санта-Клаусаў.

«Я была ў шоку, хоць дно ў нас штодня прабівалася глыбей і глыбей. Я проста не магла асэнсаваць гэтага абсурду. І тады з’явілася ідэя: а што, калі б сілавікі натрапілі на сапраўднага святога Міколу?» – згадвае Наталка Харытанюк.

Аналітыка
Эксперты: Улады намагаюцца перанесці свой страх на грамадства, бо іначай рэалізаваць сваю ўладу яны не могуць
2021.12.04 17:00

Так паўстала калядная гісторыя пра святога Міколу, дакументы якога – завіруха, пра хлопчыка Міхала і смелых жыхароў гораду, што трапілі ў пастку да людзей у чорным. Да Калядаў кніга выйшла ў электронным фармаце ў польскім выдавецтве KEW (Калегіум Усходняй Еўропы). Наталка Харытанюк, якая выхоўвае сына Багдана, думае, што размаўляць з дзецьмі пра супрацьстаянне дабра і зла цяпер асабліва важна:

«Вельмі балюча, калі вы апынаецеся ў горадзе і бачыце, як людзі ў чорным хапаюць жанчын, выцягваюць людзей з аўтобуса. Ты не можаш заплюшчыць вачэй свайму дзіцяці. За два гады беларускія дзеці нагледзеліся гвалту, яны нават пачалі гуляцца ў амапаўцаў і пратэстоўцаў. Гэтыя ўспаміны ўжо застануцца з імі назаўжды і могуць перарасці ў бездапаможнасць або, наадварот, у агрэсію. Таму дарослым трэба размаўляць з дзецьмі шчыра і адкрыта, паказваць сілу дабра. І хоць яно пакуль не перамагае ў рэальнасці, але маральная перавага заўжды на светлым баку разам з такімі мудрымі персанажамі, як наш святы Мікола».

Малюнкі з кніжкі ад ілюстратаркі Лізаветы Ганчаровай. Фота прадастаўлены аўтаркай казкі Наталкай Харытанюк

Як паказаць сучаснае зло ў казцы? І ці не стане для дзяцей яшчэ большаю траўмаю пабачыць на старонках кнігі чорныя балаклавы? Ілюстратарка Лізавета Ганчарова, якая перажыла брутальнае затрыманне і 15-дзённы арышт, адышла ад рэальнасці і выявіла цёмную сілу ў вобразе ненажэрных ваўкоў ды чартоў розных масцяў.

«Я адразу пагадзілася ілюстраваць казку, бо гісторыя мне блізкая. Безумоўна, мой траўматычны досвед паўплываў на тое, як выглядаюць адмоўныя персанажы. Я бязлітасна малявала дэманічных істотаў – чорную армію, якая захапіла казачны горад. Пры гэтым у малюнках няяўна прачытваюцца вобразы амапаўцаў, элементы іхнай формы, падобныя да дручкоў мячы, занесеныя снегам аўтазакі», – зазначае мастачка.

Hавiны
Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг
2021.11.20 14:00

Пры ўсёй трывожнасці тэмы гэта ўсё ж добрая чароўная казка, напоўненая яркімі колерамі і калядным настроем. Ствараючы святочную атмасферу, Лізавета натхнялася скандынаўскай эстэтыкай і ўлюбёным серыялам «Мэрлін» паводле легендаў пра караля Артура. А ў маляваных вулачках і дамках лёгка пазнаць краявіды Берасця – роднага гораду аўтаркі кнігі. І, вядома ж, важна было дэталёва стварыць вобраз святога Міколы:

«Мы хацелі, каб гэта быў не Санта-Клаус, не камерцыйны вобраз добрага святога, які прыносіць падарункі, а сярэднявечны магічны персанаж. Святога Міколу добра ведаюць у вёсках, ён заўжды вандруе з падарожнікамі, апякун дзяцей і студэнтаў – вельмі важны ў беларускай культуры ды шанаваны ў маёй сям’і. У казцы ён атрымаўся наш, беларускі», – распавядае пісьменніца.

Малюнкі з кніжкі ад ілюстратаркі Лізаветы Ганчаровай. Фота прадастаўлены аўтаркай казкі Наталкай Харытанюк

Над кнігаю працавала каманда беларусаў з розных гарадоў: аўтарка Наталка Харытанюк жыве ў Батумі, ілюстратарка Лізавета Ганчарова – у Львове, а дызайнерка Parečka і рэдактар Макс Шчур – у Празе. Электронная кніга выйшла па-беларуску, па-англійску і па-ўкраінску, бліжэйшым часам дададуць і грузінскі пераклад. Налета плануюць выдаць арыгінал у выглядзе папяровай кнігі.

Артыкулы
Маўчаць ці каяцца? Як не згубіць сябе, калі ГУБАЗіК вымагае пакаянняў
2021.10.18 10:33

«Пераклады сталі магчымыя, бо людзі з розных куткоў Еўропы адгукаліся і прапаноўвалі нам сваю дапамогу. Гэтак аўтапераклад на англійскую адрэдагаваў Шамаль Ратнаяка з Лондану, а па-ўкраінску казку ўвасобіў кіеўскі літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі, – распавядае пісьменніца. – Нам важна, каб пра беларускія падзеі даведаліся ў краінах, куды сёлета пераехала шмат беларусаў. Для грузінаў, напрыклад, казка будзе сугучная яшчэ і таму, што ў іх таксама белы ды чырвоны колеры сцяга».

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

Стваральніцы кнігі спадзяюцца, што казка будзе цікавая і дарослым беларусам. Чаму яна вучыць?

«Мне не хацелася фальшывага энтузіязму, таму ў казцы няма магіі, з дапамогай якой дабро перамагае зло. У маёй гісторыі зло знішчае самое сябе, і гэта, магчыма, самае верагоднае развіццё падзеяў для беларусаў, – разважае пісьменніца Наталка Харытанюк. – І яшчэ адна рэч, якой мы вучымся разам з хлопчыкам Міхалам, які саромеецца атрымліваць падарунак, не вывучыўшы вершу. Не трэба сябе залішне вінаваціць, што мы чагосьці не заслужылі, а варта навучыцца бачыць тое, што мы маем».

Наталка Харытанюк — злева. Фота прадастаўлена аўтаркай кнігі

«Рэпрэсіі ў краіне сталі рэальнасцю для шмат якіх беларускіх сем’яў, і я думаю, з дзецьмі трэба шчыра размаўляць пра тое, што ёсць такая сіла, якая адбірае ў іх бацькоў. Але казка падорыць і надзею. Калі я прачытала яе, мне стала цёпла на душы, з’явілася гэтае адчуванне з дзяцінства, што ўсё будзе добра. Я хацела б, каб беларусы, якія прачытаюць гэтую гісторыю на Каляды, таксама ўзрушыліся, каб у іх узняўся калядны дух», – кажа мастачка Лізавета Ганчарова.

Набыць кнігу на трох мовах можна ў «Google Play Books»

АД, belsat.eu

Стужка навінаў