Слава нованароджанаму Збаўцу! Топ-10 беларускіх калядных спеваў


«Абудзіся, чалавеча: дзеля цябе Бог стаў чалавекам… Будзем з радасцю святкаваць надыход нашага збаўлення», пісаў святы Аўгустын, і гэтыя думкі адпавядаюць настрою ўсіх калядных песняў: як народных калядак, гэтак і прафесійных твораў.

Прапануем вам наш топ-10 беларускіх спеваў на Каляды: і вельмі папулярных, і не надта вядомых. Гэта нават не 1 % беларускіх калядак, але ўсе яны перадаюць сэнс вялікага свята і пачуцці тых, хто святкуе: удзячнасць, радасць і веру ў перамогу святла.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

З гэтага ліку хіба што агульнабеларускі хіт – гэта «Зорка Бэтлеемска», што ўжо хутка загучыць па ўсёй краіне. З асабліва актуальнымі апошнія два гады словамі:

Устань жа, не спазніся прывітаць Дзіцятка.

Да жыцця ачніся, беларусе-братка.

Магчыма, самая хуткая (усяго 8 радкоў), але пры гэтым не менш прыгожы твор, якая канспектыўна распавядае ўсю гісторыю Божага Нараджэння – традыцыйная калядка «Святы вечар».

Незвычайным чынам праславіў калядку «Ночка ціхая» малады віцебскі рымска-каталіцкі біскуп Алег Буткевіч: ён зайграў на гітары і праспяваў яе аднойчы ў эфіры мясцовага тэлеканалу.

Галоўная гераіня кранальнай песні – Багародзіца, у вусны якой аўтар як бы ўкладае перажыванні ўсіх беларускіх жанчын за лёс сваіх дзяцей.

Сусветную класіку «Звон звініць» («Jingle Bells») праспяваў па-беларуску гурт «Палац».

Звон звініць, звон звініць,

Звон звініць званчэй.

Не знайсці ў цэлым свеце

Тых званоў грамчэй.

Вядомы гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч напісаў у 1998 годзе «Баладу пра святога Мікалая» – зварот да дзяўчынкі, якая чакае свята, падарункаў і чароўную калядную ноч.

Летась гурт «NaviBand», які ў 2017 годзе выступаў ад Беларусі на «Еўрабачанні», выканаў па-беларуску песню «Happy Christmas» Джона Ленана са шматлікімі адсылкамі да змагання беларускага народу за свабоду.

Шчаслівых Калядаў!

Прэч смутак і страх!

Няўзгоды й нядолі

Развеюцца ў прах!

Шчаслівых Калядаў!

Год новы ідзе,

Наш вецер свабоды

Яднае людзей.

Шчаслівых Калядаў,

Мы разам, сябры!

Цяпло нашых сэрцаў

Растопіць муры!

Спяваюць песні на Каляды не толькі біскупы, але і святары ды манахі. У гэтым выпадку гэта традыцыйная вясёлая і бадзёрая калядка ад манахаў-кармелітаў пад акампанемент бубна, акардэона і гітары:

Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем,

Заспявалі песню, што і мы пяем.

Слава на вышынях, слава на вышынях

І спакой на зямлі.

Традыцыйную англійскую калядку «Першае Раство» выдатна выканаў па-беларуску гурт «Прадвеснік».

Маргарыта Ляўчук разам з палітычным блогерам і актывістам з Рудабелкі Андрэем Павуком (знакаміты гумарыстычны дуэт «Красная зелень») віншуюць усіх са святамі вядомым песняроўскім хітом «Каляда».

Музыкі Алесь Чумакоў і Таццяна Ячная запісалі цэлы канцэрт вядомых еўрапейскіх калядных песняў (англійскіх, іспанскіх, фінскіх, польскіх, ўэльскіх, шатландскіх ды ірландскіх) па-беларуску і спяваюць іх, віншуючы людзей у цэрквах ды касцёлах па ўсёй Беларусі.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў