Палітычны аглядальнік пра прычыны аб’яўленай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным: «Гэта пошук грошай»


Аляксандр Лукашэнка запланаваў на 29 снежня сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў праграме «Студыя Белсат» падзяліўся сваім бачаннем матывацыі чарговага візіту ў суседнюю краіну, а таксама паразважаў пра ўзаемаадносіны паміж кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаваў.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, такія сустрэчы хоць і адбываюцца рэгулярна пад Новы год, цяперашняя сустрэча ў першую чаргу звязаная з тым, што Лукашэнку патрэбныя грошы.

«Гэта не пошук сімвалаў для Аляксандра Лукашэнкі, гэта пошук грошай. Фармальна 3,5 мільярда долараў просіць Менск у Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, але там камандуе Расея, таму гэта фактычна запыт да Масквы. Грошы вельмі патрэбныя, таму што прыблізна такую суму па замежных пазыках Менск павінен выплаціць у наступным годзе, а ў 2023 годзе яшчэ больш – каля 4 мільярдаў долараў. Таму паколькі крэдыторам апошняй надзеі засталася Расея, то гэты запыт будзе звернуты да яе».

Палітычны аглядальнік мяркуе, што ў Лукашэнкі вялікія шанцы на атрыманне дапамогі, бо апошнім часам адносіны паміж кіраўніцтвам абедзвюх краінаў палепшыліся.

«Нейкі час таму казалі, што зноў заіскрыла ў двухбаковых дачыненнях, Пуцін там нейкія каменьчыкі кідаў у беларускі агарод, беларускі рэжым «Камсамолку» разграміў, але цяпер, мне здаецца, што Лукашэнка з большага пераканаў Пуціна ў самым галоўным: ён не хоча сыходзіць з улады, ён, я думаю, нягледзячы на рэферэндум, хоча ўседзець у сваім крэсле як мінімум да 2025 года. Пуціну гэта, відаць, не вельмі падабалася, але такое адчуванне, што Лукашэнка яго пераканаў. Але адносіны паміж краінамі заўсёды былі з падвоеным дном, таму ўсялякае можа быць».

Hавiны
Напрыканцы года Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным
2021.12.24 15:24

Узгадаў у размове палітычны аглядальнік і прызначэнне новым амбасадарам Расеі ў Беларусі Барыса Грызлова. На думку Аляксандра Класкоўскага, новы прадстаўнік Расеі будзе настойваць на выкананні інтэграцыйных абавязкаў.

«Ён тытан учорашняга дня, але важны момант у тым, што ён набліжаны чалавек да Пуціна. Безумоўна, гэта чалавек большай вагавай катэгорыі, чым цяперашні расейскі амбасадар. Гэтая чахарда адлюстроўвае нейкую непаслядоўнасць і сумбурнасць у расейскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі. Некаторыя кажуць, што другі Бабіч прыязджае. Але я думаю, што Грызлоў будзе больш тонкімі метадамі дзейнічаць, але, канечне, ягоная задача – гэта прасоўваць інтэграцыю. Лукашэнка падпісаў 28 саюзных праграмаў, але ранейшы досвед паказвае, што Менск потым заўсёды пачынае адкручвацца ад нейкіх дыскамфортных абавязкаў, казаць, што трэба яшчэ гэтае пытанне прадумаць, абсмактаць, адсунуць, што дом будаваць трэба з падмурку, а не з даху. Я думаю, што Грызлоў тут будзе прэсінгаваць і прыціскаць, каб беларускія ўлады больш спраўна выконвалі гэтыя інтэграцыйныя абавязкі».

Аналітыка
«Цяжкавік» пад інтэграцыю і рэферэндум. Што азначае прызначэнне новага амбасадара РФ у Беларусі?
2021.12.23 19:08

Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што калі яшчэ летась Пуцін быў рады памяняць Лукашэнку на больш зручнага для сябе кіраўніка Беларусі, то цяпер ён ад гэтых планаў адмовіўся. І галоўная прычына ў змене планаў Расеі – гэта сур’ёзны канфлікт Лукашэнкі з Захадам.

«Лукашэнка для Пуціна не самы ідэальны партнёр. Лукашэнка мае рэпутацыю ў Маскве хітрага партнёра, які можа не трымаць свае словы, слізкага партнёра, а пасля выбараў 2020 года яго яшчэ і таксічным пачалі называць, бо ўзніклі вялікія праблемы з легітымнасцю. У ідэале Пуцін, напэўна, хацеў бы больш паслухмянага мець чалавека на чале Беларусі, але каго і якім чынам сюды прасунуць? Відавочна, што Лукашэнка ўпёрся, сыходзіць са сваёй пасады не будзе, і Пуцін мусіць з гэтым мірыцца, бо вялікі плюс Лукашэнкі для Масквы – гэта тое, што ён ніколі не сыдзе на Захад».

Цалкам размову з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім можна паглядзець у праграме «Студыя Белсат».

Аб’ектыў
Праект Канстытуцыі будуць узгадняць з Крамлём?
2021.12.23 22:21

ВК belsat.eu

Стужка навінаў