«Новае зло прарасло». Пісьменнік Саша Філіпенка ў лісце да Анэ Франк распавёў, чым падобныя Амстэрдам 1942-га і Менск 2021-га

Нямецкая газета «Süddeutsche Zeitung» і польская «Gazeta Wyborcza» 24 снежня апублікавалі «Каляднае эсэ» беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі да Анэ Франк. Аўтар змясціў ліст па-расейску ў Facebook, а «Белсат» пераклаў яго на беларускую мову.

Анэ Франк (1929-1945) – габрэйская дзяўчынка, нарадзінка Нямеччыны, пасля прыходу Гітлера да ўлады хавалася з сям’ёй ад нацысцкага тэрору ў Нідэрландах. Аўтар знакамітага «Дзённіка Анэ Франк» – дакументу, які выкрывае нацызм, перакладзены на многія мовы свету. Гэтая кніга адразу стала сусветным бестселерам – не толькі з за сваёй пранізлівай інтанацыі, але і галоўным чынам таму, што здолела абʼяднаць у лёсе адной дзяўчынкі мільёны чалавечых трагедый, звязаных з нацысцкім генацыдам. Анэ Франк і яе сямʼя лічацца аднымі з самых вядомых ахвяр нацызму.

Анэ Франк. Фота: annefrank.org

«Дарагая Анэ,

я пішу табе гэты калядны ліст… з тваёй кватэры. Тут ты калісьці пачала весці свой дзённік – зараз ужо знакаміты. Сюды ты ўжо ніколі не вярнулася.

Як я патрапіў у тваю хату? Цяпер тут творчая рэзідэнцыя. Пісьменнікі з усяго свету спыняюцца ў цябе ў гасцях, як правіла, на месяц. Твая спальня застаецца зачыненай, гардзіны ў ёй назаўжды зашморгненыя, але ў астатнія пакоі вярнулася жыццё: на кухні працуе радыё, у ваннай па-ранейшаму вельмі няёмкі душ, а за акном гасцінай – сквер, у якім раніцай спяваюць папугаі. У цябе шумныя суседзі, але чытаючы твой дзённік, я разумею, што ў сховішчы ты марыла аб галасах за сцяной, і таму зараз я нават рады, што ўвесь час чую тваіх суседзяў. Перад лесвіцай, што вядзе да ўваходных дзвярэй тваёй кватэры – чатыры камяні з імёнамі, якія нагадваюць мінакам, што ў гэтым доме жылі ты, твая сястра і твае бацькі. Не ведаю, ці паставілі падобныя шыльды іншым габрэям, якіх сагналі з твайго раёну ў нямецкія лагеры, але калі так – значыць тут іх можа быць трынаццаць тысяч. Суседнія вуліцы, якія некалі насілі імёны мясцовых рэк, пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны перайменавалі ў гонар Чэрчыля, Рузвельта і Сталіна. У 1956 годзе, калі Савецкі Саюз здушыў антыкамуністычнае паўстанне ў Венгрыі, ад імя Сталіна вырашылі адмовіцца. Я расказваю табе пра гэта толькі таму, што, здаецца, недзе там, у глыбіні мінулага стагоддзя, крыецца адказ на пытанне, чаму сёння я ў цябе ў гасцях…

Вызваліўшы нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры, напрыклад Бухэнвальд, у Савецкім Саюзе палічылі, што баракі, у якіх утрымліваліся зняволеныя, яшчэ спатрэбяцца. Іх разабралі на дошкі, вывезлі ў Расею і з гэтых жа дошак, нібы мэблю з IKEA, ізноў сабралі баракі, толькі зараз ужо ў сістэме ГУЛАГу. Здавалася б, усе гэтыя сараі трэба было сімвалічна спаліць, ці пакінуць у выглядзе мемарыялаў, але людзі, якія ў 1939 году ўступілі ў Другую Сусветную вайну сябрамі Нямеччыны, добра разумелі: баракі яшчэ спатрэбяцца. Разумеў гэта і, напрыклад, пракурор Рудэнка, які прадстаўляў Савецкі саюз на Нюрнбэргскім трыбунале. Чаму менавіта гэтага чалавека Масква дэлегавала для суда над нацыстамі? Магчыма, таму што Рудэнка асабіста падпісваў пратаколы «троек», гэта значыць у 30-я гады наўпрост удзельнічаў у сістэматычных пазасудовых пакараннях у СССР. Пракурор Рудэнка добра ведаў і разумеў прыроду і механізмы генацыду, звяртаючыся да суддзяў, пракурор ведаў, пра што гаворыць. Там, у Нюрнбэргу, чалавецтва назаўжды асудзіла адно зло, але не асудзіла тых, хто разам з баракамі нібы вывез у Савецкі Саюз парасткі нянавісці, скрыжаваў гэтую нянавісць з нянавісцю савецкай і новае зло прарасло…

У сваім дзённіку ты апісваеш жыццё Амстэрдама пры нацыстах – у лісце да цябе я хачу апісаць жыццё Менску пры лукашыстах, жыццё еўрапейскай сталіцы, у якой у 2021 годзе нельга прайсціся, напрыклад, у майцы амстэрдамскага «Аяксу», бо яна бел-чырвона-белая, а Лукашэнка ненавідзіць гэтыя колеры гістарычнага нацыянальнага сцяга Беларусі. Прыйшоўшы да ўлады, ён замяніў гэты сцяг на стары савецкі. Мусіць, ты думаеш, што я перабольшваю, але вось толькі факты. Да пятнаццаці сутак арышту былі прыгавораны: хлопец, які вывесіў у акне сцяг Канады; дзяўчына, якая надзела бел-чырвона-белыя шкарпэткі; мужчына, які забыўся на балконе скрынку ад тэлевізара (яна была белая з чырвонай паласой) і жанчына, якая раздавала мінакам бела-чырвоную пасцілу. Арыштаваныя людзі, якія ў знак пратэсту выстаўлялі ў вокнах дзіцячыя малюнкі і нават чыстыя белыя аркушы паперы. Як некалі ў тваім Амстэрдаме, абсурд і жорсткасць кіруюць зараз у Беларусі. У Амстэрдаме 1942 года было небяспечна быць габрэем, у Менску 2021 года – вольным чалавекам.

У 2020 годзе сорак тысяч беларусаў прайшлі праз турмы. Расказваючы аб умовах утрымання ў беларускіх турмах, яны справядліва сцвярджалі, што ўвесь час падвяргаліся катаванням. Дзясяткі былі забітыя, сотні тысяч, як і я, пакінулі краіну. У дзень, калі я пішу табе гэты ліст, у Беларусі адмянілі канцэрт у памяць аб ахвярах Галакосту, бо Лукашэнка баіцца масавых сходаў людзей. Гэтымі днямі жыхарку Менску прыгаварылі да 15 сутак арышту за пастаўленую на падваконне свечку ў памяць аб забітым лукашыстамі год таму Рамане Бандарэнку. У гэтыя дні, калі я пішу табе калядны ліст, людзі, якія засталіся ў Беларусі, як некалі ў акупаваным Амстэрдаме, штодня баяцца арышту. Прычынай затрымання можа стаць усё што заўгодна: каментар у сеціве, «няправільная» музыка ў аўтамабілі, або «няправільныя» кнігі ўдома. Памятаеш, ты пісала ў дзённіку: «Баюся за што-небудзь брацца – а раптам гэта забаронена?» – ты пісала не толькі пра Амстэрдам 1942 года, але і пра Менск 2020-га і 2021-га. Запэўніваю цябе, Анэ, калі ў гэтыя дні хто-небудзь у Беларусі захоча выставіць у акне тваю фатаграфію – чалавека гэтага неадкладна арыштуюць, бо кожны дзень лукашысты знішчаюць волю і памяць. Лукашэнка хоча кантраляваць нават асабістае жыццё. Як калісьці фашысты, лукашысты пераследуюць людзей і за сексуальную арыентацыю – у сваёй гомасексуальнасці яны патрабуюць прызнавацца на камеру ў аддзяленні міліцыі. Нельга супрацьстаяць злу, нельга патрабаваць справядлівасці, нельга нават памінаць нявінна забітых. Адзін з лукашэнкаўскіх міністраў прыбраўся ў форму НКУС, іншыя абмяркоўваюць будаўніцтва канцлагера для «лібералаў», на зачыненых судах, як і дзевяноста гадоў назад, яны выносяць апанентам улады варʼяцкія прысуды: Сяргей Ціханоўскі – 18 гадоў, Віктар Бабарыка – 14 гадоў, Марыя Калеснікава – 11 гадоў…

А Еўропа, нягледзячы на ўсё, што я апісваю, бяздзейнічае. Санкцыі, якія ўводзяцца супраць Лукашэнкі – хутчэй касметычныя, «выхаваўчыя». Пасля года гуманітарнай катастрофы ў цэнтры кантынента самыя сурʼёзныя крокі – некалькі пакетаў малаэфектыўных абмежаванняў, «крайняя занепакоенасць» і «глыбокая заклапочанасць». Назіраючы, як мільёны беларусаў на працягу года самааддана змагаюцца за свае элементарныя правы, Еўропа так і не вырашаецца ўмяшацца, упадабаючы адгарадзіцца сцяной і разлічваючы, верагодна, што парасткі дыктатуры скрозь яе не прарастуць.

Ты маеш рацыю, Анэ, «пасля кожнай вайны заўсёды кажуць: гэта ніколі больш не паўторыцца, вайна – такі жах, любой цаной трэба пазбегнуць яе паўтарэння. І вось людзі зноў ваююць адно з адным, і ніколі не бывае інакш. Пакуль людзі жывуць і дыхаюць, яны павінны ўвесь час сварыцца, і як толькі надыходзіць мір, яны зноў шукаюць сваркі». І ў канцы 2021 года мы бліжэй да вайны і канцэнтрацыйных лагераў, чым да міру. І я пішу табе гэты ліст з тваёй кватэры, бо не ведаю, калі вярнуся і ці вярнуся дадому».

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны