Непрафесіяналізм і неадэкватнасць Уладзіміра Макея. Куды Лукашэнка разварочвае дыпламатаў?


Дыктатар Беларусі надумаў перанакіраваць дыпламатаў. Маўляў, калі на Захадзе не любяць незаконнага кіраўніка з Менску, не прызнаюць яго, уводзяць санкцыі, дык мы пойдзем на Усход яшчэ далей. Тым часам здарыўся дзіўнаваты напад на беларускага дыпламата ў Лондане. Што ў гэтай падзеі не так? Як напад будзе скарыстаны прапагандаю? У сюжэце праграмы «ПраСвет» каментуюць былыя беларускія дыпламаты Валер Кавалеўскі ды Павел Мацукевіч а таксама палітолаг Павел Усаў.

Напад на беларускага консула ў Вялікай Брытаніі. Дыпламат сцвярджае, што мае страсенне мазгоў, выбітыя зубы і зламаны нос. На пазней апублікаваным відэа моманту збіцця няма.

На наступны дзень Міністэрства замежных справаў заяўляе, што напад здзейснілі прадстаўнікі згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Арганізатары акцыяў салідарнасці беларускай дыяспары паведамілі, што не маюць дачынення да збіцця, і нагадалі, што ўсе іхныя мітынгі маюць выключна мірны характар. Былы дыпламат Валер Кавалеўскі таксама ўпэўнены, што суполка не мае да гэтага дачынення, але дапускае, што гэта мог быць побытавы выпадак:

«Абсалютна недарэчна і неадэкватна тое, што МЗС адкрывае рот, каб выказваць нейкую крытыку на адрас дыяспары, замест таго каб выказацца сапраўды аб тых падзеях, якія адбываліся ў Беларусі супраць беларусаў».

«Белсат» звязаўся з затрыманым у той вечар мужчынам. Ён распавёў, што падчас акцыі паставіў перад амбасадай ёршык і гігіенічны сродак з надпісамі «зубная шчотка» і «зубная паста». Праз 4 гадзіны пасля акцыі Арцём – імя змененае – са знаёмымі пастанавіў спраўдзіць, ці засталася інсталяцыя перад амбасадаю.

«Яе там не было. У той момант, калі мы падышлі да амбасады, там ужо стаялі 4 чалавекі. Калі я пабачыў, што нічога каля дзвярэй няма, я запытаў: «Ці пачысцілі вы ўжо зубы?» Пасля чаго ў мой бок пачаліся агрэсіўныя паводзіны з боку работнікаў амбасады. Пачалі абражаць маіх бацькоў, маю сям’ю ў цэлым, мяне», – распавядае Арцём.

Тады мужчына даў поўху работніку амбасады. Але Арцём сцвярджае, што гэта быў не консул. А мужчыну з разбітым носам, які выходзіў з амбасады, ён пабачыў, калі ўжо быў у кайданках.

Павел Мацукевіч, былы дыпламат, аналітык Цэнтру новых ідэяў:

«Людзі, магчыма, робяць ужо гэта ад бяссілля. Паўтара года шукаць нейкай справядлівасці і спадзявацца на лепшае… Зрываюць такім чынам злосць. Але апраўдваць гэта, вядома, нельга».

Раней ужо закідвалі бульбай амбасаду Беларусі ў Літве, амбасаду ў Бельгіі замазвалі чорнаю фарбаю. Расейскія анархісты кінулі дымавую шашку ў беларускую амбасаду ў Маскве.

Павел Мацукевіч, былы дыпламат, аналітык Цэнтру новых ідэяў:

«Дыяспара глядзіць на дыпламатаў, на амбасаду як на пэўнае прадстаўніцтва зла. А беларускія дыпламаты банальна асцерагаюцца ўласна грамадзянаў, якія жывуць у гэтых краінах. Уявіць нешта горшае мне як дыпламату цяжка».

Расследаваннем збіцця дыпламата ў Лондане займаецца брытанская паліцыя. А вось справа прапаганды – выкарыстаць гэты выпадак. Гэтак, праўладны мітынг сабраўся каля амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску. Між іншага з патрабаваннем распачаць следства… Якое і так распачалі.

Павел Усаў, палітолаг:

«Гэта будзе тлумачыцца як агрэсія Захаду ў дачыненні пляцовак, што беларускія дыпламаты ў небяспецы і Захад фактычна сам змушае рэжым ды Беларусь да закрыцця дыпламатычных пляцовак і замарожвання адносінаў».

Падзеі адбываюцца на фоне заявы МЗС Беларусі пра скарачэнне колькасці дыпламатаў на Захадзе.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі:

«Мяняецца свет у цэлым. З’яўляецца шмат новых выклікаў, пагрозаў, на якія неабходна рэагаваць у тым ліку і нашай краіне».

А перанакіраваць дыпламатычную місію пастанавілі ў Кітай, Індыю ды афрыканскія краіны.

Павел Усаў, палітолаг:

«Але на сённяшні момант эканамічныя адносіны з Кітаем можна акрэсліць як дэструктыўныя для беларускай гаспадаркі і рынку, бо мы залежныя ад кітайскіх крэдытаў, залежныя ад тых кантрактаў, якія заключаныя з кітайскім бокам аб мадэрнізацыі розных сегментаў беларускай гаспадаркі і таксама энергетыкі. У перспектыве гэта можа прывесці да вельмі драматычных з’яваў. І прыкладаў таму шмат, калі абрыналіся будынкі, дахі».

Індыя ды афрыканскія краіны вабяць Лукашэнку золатам, дыяментамі і нафтаю, што там можна здабыць. Гэтак, раней Беларусь здабывала нафту ў Венесуэле.

Павел Усаў, палітолаг:

«У глабальным сэнсе Лукашэнка намагаецца ўбудавацца ў знешнепалітычную стратэгію Расеі, якая менавіта там актывізуе сваю прысутнасць. Афрыка на сённяшні момант – адна з зонаў актыўнай дзейнасці Расейскай Федэрацыі. Там ёсць і наёмнікі, вагнэраўцы».

Доўга шукаць новыя кадры для працы на Усходзе не будуць. Міністэрства папросту перакіне дыпламатаў з заходніх беларускіх амбасадаў.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай:

«Гэта падкрэслівае непрафесіяналізм і ў прынцыпе неадэкватнасць Макея як кіраўніка дыпламатычнай службы. Папросту ўзяць чалавека, у якога адпаведныя веды культурныя, краінавыя, моўныя веды ў Еўрапейскім Звязе, і перакінуць яго кудысьці далёка, у краіны далёкай дугі – гэта папросту страціць той патэнцыял, які накопліваўся гадамі».

Дыпламатычныя адносіны Беларусі з Захадам і так напружаныя пасля скрадзеных выбараў, рэпрэсіяў ды прымусовай пасадкі «Ryanair». Еўрапейскія краіны адклікалі некалькі амбасадараў з Менску – Беларусь адказала тым жа. Толькі ў выніку тыя, каго помста Лукашэнкі рэальна закране, – гэта беларусы, якія застаюцца ўва ўсё большай ізаляцыі ад навакольнага свету.

Яна Шэк для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: DIDOR SADULLOEV / Reuters / Forum; Nikolai Petrov / TASS / Forum

Стужка навінаў