Дык працуюць санкцыі ці не? Што адбываецца з беларускім транзітам праз Балтыю

Крыніца «Белсату» кажа, што неразгружаныя цягнікі маюць вяртаць з краінаў Балтыі назад у Беларусь. У Літве разгарэўся скандал, бо Беларусь абыходзіць санкцыі. Высвятляем, што адбываецца з транзітам беларускіх тавараў праз балтыйскія парты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года. Фота: Белсат

Латвія забараніла транзіт, Эстонія апраўдваецца, Літва расследуе, Лукашэнка пагражае

Урад Літвы не пайшоў у адстаўку, хоць прэм’ерка гэта дапускала. Праз скандал з транспартаваннем грузаў «Беларуськалію», які працягнуўся пасля ўвядзення санкцыяў Злучаных Штатаў, звальняюць толькі дырэктара Літоўскай чыгункі. Транзіт працягваецца, бо чыгунка атрымала аванс на некалькі месяцаў наперад.

Але гэта наўрад ці канец гісторыі: пытанне пра лёс міністраў, як кажа дарадца прэзідэнта Літвы, не закрытае. Урадавая камісія для правярання стратэгічных прадпрыемстваў бачыць пагрозу нацыянальнай бяспецы ў супрацы чыгункі з «Беларуськаліем». Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы адмаўляе існаванне такой пагрозы.

Беларускі калій штурхае сусветныя цэны

Сейм абураецца таемнымі перамовамі намесніка міністра замежных справаў з «Беларуськаліем». У кантэксце гэтага скандалу загучала і тэма кантрабанды беларускіх цыгарэтаў, істотная частка якой адбываецца праз чыгунку. Пытанні для расследавання ўжо сфармулявалі, частка Сейму хацела склікаць адмысловы камітэт, але на галасаванні прапанову адхілілі. Абмеркаванне тэмы працягваецца, бо разрыў дамовы чыгункі з «Беларуськаліем» можа каштаваць сотні мільёнаў еўраў. Прэм’ерка абяцае, што рашэнне прымуць цягам трох тыдняў.

Порт Клайпеды пастанавіў часова прыпыніць перавал беларускіх нафтапрадуктаў. Кіраўніцтва порту не стала выказваць недаверу дырэктару праз абыход санкцыяў Беларуссю (кажа проста пра «брак камунікацыі»). Дырэктар жа шкадуе аб страце прыбыткаў.

Аляксандр Лукашэнка і Раман Галоўчанка ўжо прыгразілі Літве захадамі ў адказ, калі пад забарону трапіць транзіт беларускіх угнаенняў. Лукашэнка паабяцаў закрыць транзіт паміж Літвой і Украінай, а Галоўчанка – спыніць беларускі экспарт у Літву.

«Беларуськалій» пагражае судамі Літве

Латвія забараніла перавозіць чыгункаю ўсе грузы ад беларускіх кампаніяў, што трапілі пад санкцыі. Латышская мытня не прапусціла ў краіну нафтапрадуктаў з Беларусі. Паводле звестак міністра замежных справаў Літвы, Латвія прыпыніла перавоз беларускіх калійных угнаенняў прынамсі да 15 студзеня. Падзеі ў Латвіі адбываюцца на фоне павелічэння колькасці спробаў нелегальна мінуць мяжу з боку Беларусі.

Праз Эстонію транзіт працягваецца. МЗС Эстоніі апраўдвае гэта тым, што санкцыі Еўразвязу не распаўсюджваюцца на дамовы, заключаныя да 25 чэрвеня 2021 года, а пры выкананні абмежаванняў «важна сачыць, ці пералічаныя прадукты і групы тавараў у дадатку да пастановы Еўразвязу ў якасці дазволеных тавараў, і правяраць таварныя коды».

Грузы вяртаюць назад?

Паводле чытача «Белсату», знаёмага з сітуацыяй на латышскай чыгунцы, неразгружаныя грузы падсанкцыйнага калію і нафтапрадуктаў маюць вяртаць назад у Беларусь, на станцыю «Слуцк». Звязацца з адказнымі прадстаўнікамі «Беларуськалію» і «Белнафтахіму» не ўдалося.

На згаданай станцыі «Слуцк» «Белсату» патлумачылі, што наўрад ці грузы пашлюць да іх: гэтая станцыя транзітная. Са Слуцку накіравалі да станцыі «Калій», што бліжэй да Салігорску.

На «Каліі» ж «Белсату» сказалі, што пра такія планы не чулі і грузы з Балтыі пакуль не вярталіся. Калі будуць вяртацца то месца вяртання вызначае не кіраўніцтва канкрэтнай станцыі ды не перавознік, а адпраўнік. І калі грузы сапраўды вернуць, то адпраўнік мае пастанавіць, куды іх перанакіраваць, бо грузы трэба ўсё ж прадаць, а не проста выгрузіць у Беларусі.

«Санкцыі працуюць» і «санкцыі эфектыўныя» – гэта розныя пытанні

Раз вакол абыходу санкцыяў адбываецца такая «шуміха», то значыць, санкцыі працуюць, тлумачыць «Белсату» дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. Сам механізм дзеіць.

Андрэй Казакевіч. Фота: Svaboda.org

«Але ці будуць санкцыі эфектыўныя, ніхто не ведае, – кажа Казакевіч. – Усё гэта будзе відаць толькі з практыкі ўжывання. Цяпер мы не можам прадказаць, наколькі паслядоўным будзе выкананне санкцыяў з боку Еўразвязу, як не можам і прадказаць, ці змогуць улады Беларусі пераарыентавацца на іншыя рынкі або знайсці схемы ці шчыліны, каб усё роўна гандляваць з Еўразвязам».

Пытанняў, дадае эксперт, пакуль больш, чымся адказаў. Але ў Літве актыўна абмяркоўваюць, як абмежаваць увоз падсанкцыйных тавараў і ўсе магчымасці абыходу санкцыяў. Літва і так увяла дадатковыя абмежаванні ў дачыненні Беларусі, «займае праактыўную пазіцыю».

«Што датычыць іншых краінаў, то шмат што будзе залежаць ад таго, дзе краіна месціцца, – мяркуе палітолаг. – Краіны, якія перажылі цягам гэтага года рэальныя пагрозы сваёй бяспецы з боку Беларусі, найперш праз міграцыйны крызіс, Літва і Польшча, але таксама і Латвія, будуць больш заклапочаныя праблемамі ў Беларусі, больш паслядоўныя ў санкцыях. Далёкія краіны, напэўна, будуць значна менш матываваныя».

Казакевіч адзначае: шмат што залежыць і ад таго, наколькі змогуць адстойваць сваю пазіцыю найбольш уцягнутыя ў канфлікт краіны, наколькі здолеюць дамагчыся паслядоўнай палітыкі на еўрапейскім узроўні.

Яшчэ сем еўрапейскіх краін далучыліся да пятага пакета санкцый супраць беларускага рэжыму

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны