Як Лукашэнка дапамагае Пуціну ваяваць


Аляксандр Лукашэнка дапамагае Пуціну ваяваць супраць Украіны. Аднак ці дастаткова Крамлю таго, што робіць для яго менскі дыктатар? Украінская вайсковая выведка апублікавала інфармацыю пра тое, што Расея рыхтуе правакацыі на аб’ектах крытычнай інфраструктуры Беларусі. Са словаў украінскіх прадстаўнікоў, гэта патрэбна, каб канчаткова ўцягнуць Беларусь у вайну. У вайну, у якую Беларусь і так ужо ўцягнуў рэжым Лукашэнкі. Паводле інфармацыі Мікалая Халезіна пад расейскія ваенныя патрэбы цяпер працуюць беларускія прадпрыемствы. Ці сапраўды правакацыя магчымая і як менавіта яна можа выглядаць?

Расея рыхтуе тэракты ў Беларусі, заяўляе ўкраінская выведка. Падаць плануецца ўсё так, каб перакласці віну на ўкраінцаў або на прадстаўнікоў краінаў NATO. Нібыта яны будуць пераапранутыя ў форму беларускіх спецслужбоўцаў. Гэтак, заяўляюць ва ўкраінскай выведцы, Крэмль плануе ўцягнуць Беларусь у вайну.

«Пакуль ідзе вайна, пакуль расейскія войскі знаходзяцца ў Беларусі і пакуль Расея гатовая ўцягнуць у гэтую вайну Беларусь, пагрозы правакацыі будуць заставацца, – упэўнены палітолаг Павел Усаў. – Могуць змяняцца схемы, могуць змяняцца аб’екты, але сутнасны падыход Расеі да сітуацыі ў Беларусі і да сітуацыі ва Украіне не зменіцца».

Біць будуць па аб’ектах крытычнай інфраструктуры, заяўляе ўкраінская выведка. Нібыта ўжо нават вядомае дакладнае месца – БелАЭС.

Магчымасць правакацыяў на тэрыторыі Беларусі каментуе ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў:

«Атамная станцыя – наўрад ці. А вось пазбавіць Беларусь, тут зноў вяртаемся да нафтаперагоннага заводу, і паставіць у поўную залежнасць Беларусь ад Расейскай Федэрацыі праз нафту, газ… […] Гэта можа быць штосьці, звязанае з гібеллю вялікай колькасці людзей. Напрыклад, выбух у гандлёвым цэнтры. І потым, як было модна ў 2014 годзе ў расейскіх прапагандыстаў, пасля кожнага тэракту знаходзіць візітку Яраша, «Правага сектару».

Займаецца гэтым нібыта расейская ФСБ. Беларускі ж КДБ толькі ёй дапамагае. Калі так, то гэта чарговы доказ таго, што Лукашэнка больш нічога не вырашае, але за грошы гатовы зрабіць нямала.

«Сёння на першы план выйшла тэма імпартазамяшчэння. Пра гэта мы шмат гаворым. Гэта добра разумеюць і на самым высокім узроўні – і ў вас, і ў нас. Задача складаная, але ад яе развязання шмат у чым залежыць будучыня нашых краінаў», – упэўнены Алег Жданаў.

Пад гэтак званае «імпартазамяшчэнне», напрыклад, стратны «Гомсельмаш» атрымае крэдыт – 105 мільярдаў расейскіх рублёў, альбо больш чым 1,5 мільярда долараў. Афіцыйна прадпрыемства будзе вырабляць «складаныя тэхнічныя вузлы» – рэдуктары і скрыні пасуванняў для тэхнікі «Ростсельмашу». Насамрэч – «Гомсельмаш» зоймецца рамонтам расейскай вайсковай тэхнікі. Пра гэта, са спасылкай на інсайдараў з прадпрыемства, у сваім тэлеграм-канале паведаміў дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін. Паводле ягоных словаў, ужо дамоўлена пра 12 відаў прадукцыі. Але падобная сітуацыя не толькі на «Гомсельмашы», кажа Халезін.

«Калі ўзяць Гомельскі ж радыёзавод, то яны выконваюць рамонт рэактыўных сістэм залпавага агню «Град», яны дальнабойныя гаўбіцы Д-40 рамантуюць, яны самаходныя артылерыйскія сістэмы рамантуюць. Для Беларусі ідзе толькі 10 % іх працы, усё астатняе гэта экспарт, але ў асноўным гэта экспарт у Расею», – кажа дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін.

«Грады», а разам з імі і рулі для мінамётаў, і накіравальныя дэталі «Ураганў», магчыма, будзе вырабляць Жлобінскі БМЗ, піша Халезін. Уся Беларусь цяпер працуе на расейскую вайсковую прамысловасць.

«Прыкаладам, там ММЗ – Магілёўскі металургічны завод: яны запрасілі карданныя валы з узмоцненай супрацьміннай абаронай. БМЗ – там ужо ніхто не хавае, што вырабляюць «Грады» і рулі для мінамётаў. Нават падшыпнікавы завод – ім даручана пашырыць спектр высоканагружных падшыпнікаў, якія выкарыстоўваюцца для ваенпраму», – кажа Мікалай Халезін.

«А чым кепска?» – напэўна, думае Лукашэнка. Прадпрыемствы, якія праз санкцыі і адсутнасць рынку збыту амаль стаялі колам, цяпер запусцілі вытворчасць, а праз гэта захавалі і працоўныя месцы. А тое, што на беларускіх палігонах зараз трэнуюцца 9 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, разам з мабілізаванымі, дык гэта рэгіянальная групоўка войскаў для нібыта агульнай бяспекі.

«Пуцін вельмі злуецца. Яму напляваць, колькі загіне беларусаў, якія страты зазнае беларуская армія, – мяркуе вайсковы эксперт Алег Жданаў. – Ён гатовы, дарэчы, уводзіць падраздзяленні «Расгвардыі», каб проста дапамагаць здушыць пратэсты, калі такія будуць сярод цывільнага насельніцтва. Яму важна, каб хтосьці выступіў на ягоным баку ў гэтай вайне. Таму ён спрабуе даціскаць Лукашэнку. Лукашэнка робіць усё, каб паказаць, што ягоная армія не можа на сённяшні дзень ваяваць у такім аб’ёме, як патрабуе Пуцін».

Рэжым Лукашэнкі суўдзельнічае ў вайне супраць Украіны з першага дня. Ад першых расейскіх ракетаў, якія паляцелі з беларускіх палігонаў, да тэлевізійнай прапаганды, якая ўжо мала чым адрозніваецца ад расейскай. Пры гэтым амаль палова беларусаў дагэтуль не падтрымлівае вайны, развязанай Расеяй, заяўляе брытанскі «Chatham House». І толькі пятая частка апытаных лічыць, што беларускія вайскоўцы будуць у ёй удзельнічаць. Зразумела, крамлёўскія сацыёлагі пільна сочаць за гэтымі вынікамі ды спадзяюцца: імаверная правакацыя можа змяніць агульны настрой.

«Для таго, каб мы маглі ўжо дакладна разумець, калі гэта можа адбыцца, патрэбныя дзве рэчы. Перш за ўсё, скончыцца інфармацыйная падрыхтоўка, калі прапаганда будзе ўжо значна больш агрэсіўнай у дачыненні да ўкраінцаў, каб стварыць вобраз людаедаў. Другі момант – гэта ўжо гатовыя вайсковыя сілы на мяжы з Украінай. Бо не можа быць так, што правакацыя – а толькі праз месяц адбудуцца нейкія вайсковыя дзеянні. Гэта адбываецца вельмі хутка», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Калі Беларусь уцягнуць у вайну, тысячы лукашэнкаўскіх вайскоўцаў наўрад ці вернуцца жывымі. Адказ будзе жорсткі, папярэджвае Украіна: затрымліваць агрэсара будуць проста на мяжы.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў