Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 24 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 274-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец на фоне стрэлу з 130-міліметровай гарматы М-46 недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў заставалася нязменнай сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што прыкметаў фармавання наступальнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі не выяўлена.

Між тым намеснік кіраўніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў заявіў, што ў вайне супраць Украіны гатовыя ўзяць удзел ад 10 да 15 тысяч чалавек з асабовага складу сілавых структураў Беларусі. Паводле Громава, у першую чаргу такая лічба звязаная з высокім грашовым забеспячэннем за ўдзел у так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі. Пры гэтым гатовасць саміх беларускіх войкаў да ўварвання ва Украіну ацэньваецца як нізкая.

Тым не менш, 24 лістапада, пасля дзевяці месяцаў вайны, украінскае камандаванне звярнулася да беларусаў, папярэдзіўшы, што расейскія спецслужбы рыхтуюць на тэрыторыі РБ правакацыі, накіраваныя на ўцягванне краіны ў вайну. ЗСУ просяць беларусаў быць пільнымі, каб не дазволіць кіраўніцтву краіны ўцягнуць іх у братазабойчую вайну з украінцамі.

Аналітыка
Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні
2022.11.24 12:30

На поўначы Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў фіксуюцца артылерыйскія абстрэлы Узброенымі сіламі РФ памежных населеных пунктаў Украіны. У прылеглых раёнах Белгародскай вобласці РФ праціўнік утрымлівае падраздзяленні сваіх войскаў для правядзення дэманстрацыйных дзеянняў, што вымушае ЗСУ трымаць адпаведныя сілы на поўначы Харкаўскай вобласці.

Тэлеграм-канал «Иди и смотри» сцвярджае, што ўкраінскі бок будуе ўмацаванні на поўначы Харкаўскай вобласці. Паводле крыніцы, некалькі лініяў дотаў ужо ўзведзеныя на поўнач ад мястэчка Золачаў і непасрэдна каля мяжы з РФ, а таксама будуюцца доты і бліндажы каля памежнага пункту «Гоптаўка». 

Разам з тым у паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, дзе непасрэдна праходзіць лінія фронту, працягваюцца пазіцыйныя баі. Міністэрства абароны Расеі піша пра зрыў украінскай атакі ў ваколіцах сяла Бераставое. Расейскі вайсковы карэспандэнт Сямён Пегаў паведамляе пра штурмавыя дзеянні ЗСУ каля Арлянкі.

Украінскі Генштаб піша, што расейцы на гэтым адцінку фронту засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў па пазіцыях ЗСУ.

На захадзе Луганскай вобласці, паводле расейскага камандавання, былі сарваныя атакі Збройных сілаў Украіны ў бок населеных пунктаў Плашчанка і Чырвонапапоўка. Пегаў піша, што ўкраінскія сілы атакавалі каля Навасёлаўскага, імкнучыся перарэзаць чыгуначную галіну і адцінак дарогі Н-26.

Афіцэр так званай народнай міліцыі ЛНР Андрэй Марачка мяркуе, што ЗСУ за бліжэйшыя 5–7 дзён плануюць аднавіць наступ на гарады Сватава і Крэмінная на Луганшчыне.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці працягвалі наступаць расейскія вайскоўцы. Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля паселішчаў Андрэеўка, Бахмут, Кляшчэеўка, Краснагораўка, Мар’інка, Азаранаўка, Вопытнае і Якаўлеўка.

Салдат гатуе каву на пазіцыі мінамётнага разліку недалёка ад Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра цяжкія пазіцыйныя баі ў ваколіцах Бахмуту, а таксама пра поспехі расейцаў на захадзе ад Зайцава (ваколіцы Салядару), Пегаў – пра працяг штурму войскамі РФ Мар’інкі.

Украінскія вайскоўцы, у сваю чаргу, контратакавалі каля Валадыміраўкі, Паўлаўкі і Урэмаўкі на паўднёвым участку фронту.

Інтэрактыўная карта вайны ва Украіне «Deepstatemap» фіксуе нязначныя поспехі расейцаў на поўдзень ад Бахмуту.

У Запарожскай вобласці, са словащ расейскага камандавання, была сарваная атака ЗСУ ў бок населенага пункту Лэваднае.

Пра наземныя аперацыі па лініі фронту ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе, пры гэтым праціўнікі працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары.

Генштаб ЗСУ паведаміў, што за содні было знішчана каля 310 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ за дзевяць месяцаў вайны ва Украіне дасягнулі 85 720 чалавек.

Таксама 24 лістапада стала вядома пра чарговы абмен ваеннапалоннымі – гэтым разам у фармаце 50 на 50.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў