Ва Украіне стварылі працоўную групу ў справе спартовых санкцыяў. Пагутарылі пра яе з Аляксандрам Апейкіным


Для сталага ўдзелу ў групе наконт спартовых санкцыяў ва Украіне запрасілі і прадстаўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці: кіраўніка Аляксандра Апейкіна, а таксама ягоных калегаў Міхаіла Залеўскага і Анатоля Котава. З украінскага боку выступілі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксей Дніпроў, намеснік міністра моладзі і спорту Андрэй Чэснакоўрадніца міністра замежных справаў Вікторыя Расная, алімпійскі чэмпіён, народны дэпутат Украіны Жан Белянюк, таксама дэпутатка, прызёрка Алімпійскіх Гульняў Вольга Саладуха, іншыя народныя дэпутаты Украіны, прадстаўнікі Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі, паралімпійскага спорту.

Даведка
Александр Апейкин, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Вынікі першага паседжання ва Украіне спадар Апейкін падсумаваў у размове з карэспандэнтам «Белсату».

– Што значыць у кантэксце сустрэчы тэрмін «мадэрнізацыя санкцыяў»?

– Мадэрнізацыя азначае ўдасканаленне, узмацненне санкцыяў і кантроль за імі. То бок мы разумеем, што спартовы свет вельмі разнастайны. І шмат у якіх федэрацыях ёсць прабеларускае, прарасейскае лобі. Цяпер назіраем тэндэнцыю, калі некаторыя федэрацыі, а нават і Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ды Алімпійскі камітэт Расеі працягваюць падтрымліваць допуск сваіх атлетаў да міжнародных спаборніцтваў, не зважаючы на вялікія абмежаванні ды пагрозы дыскваліфікацыяў. І робяць гэта нават яшчэ тады, калі вайне канца не відаць. А якраз мадэрнізацыя санкцыяў – гэта стварэнне такіх захадаў, якія дазваляюць ужываць абмежавальныя дзеянні ад імя ўрадаў краінаў.

То бок гэта не толькі санкцыі ад Міжнароднага алімпійскага камітэту ці міжнародных федэрацыяў, гэта яшчэ і прыпыненне руху таталітарных рэжымаў праз дзяржаўныя структуры, што прадугледжвае ўжо і эканамічныя, і візавыя абмежаванні. Калі Арына Сабаленка едзе на турнір і мы не можам нічога з гэтым зрабіць, бо турнір прыватны і яна выступае там індывідуальна як прадстаўніца Беларусі, а не нейтральная спартоўка, але ейная грамадзянская пазіцыя ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі, як мы ведаем, лаяльная, то будзем разглядаць магчымасць анулявання ейнай візы. І тым самым задзеяць санкцыі, якіх не могуць увесці ні міжнародныя федэрацыі, ні Міжнародны алімпійскі камітэт. Каб не было гэткіх шчылінаў санкцыйных, бо яны насамрэч існуюць. Мы ведаем, што так ці інакш працягваюць выступаць і беларускія, і расейскія спартоўцы, падпісанты ліста за Лукашэнку і тыя, хто падтрымлівае вайну, сваіх «братушак баявых». Такіх атлетаў на міжнароднай арэне быць не павінна, і мы распрацавалі сістэму эфектыўных санкцыяў. Але ў той жа час імкнемся як мага хутчэй легалізаваць спартоўцаў, якія выступілі супраць вайны, супраць дыктатуры, і прасоўваем іхны ўдзел у спаборніцтвах. Якраз сістэма эфектыўных санкцыяў прадугледжвае допуск спартоўцаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю.

Арына Сабаленка падчас турніру «Guadalajara Open», 19 кастрычніка 2022 года.
Фота: HENRY ROMERO / Reuters / Forum

– У паведамленні сказана, што група будзе працаваць на пастаяннай аснове. Значыць, хтосьці з Беларускага фонду спартовай салідарнасці павінен увесь час быць ва Украіне?

– Не, працоўная група засядае ў асобныя дні. Гэта могуць быць онлайн паседжанні. Аналагічная група працуе і ў Польшчы. А супольныя паседжанні з абмеркаваннем найбольш актуальных пытанняў прызначаюцца раз ці два разы на месяц. Група гэтая будзе працаваць над чорнымі спісамі спартоўцаў, якія прапануем і Міжнароднаму алімпійскаму камітэту, і ўрадам краінаў. Падамо свае крытэрыі, свае погляды на допуск тых ці іншых атлетаў з Беларусі альбо Расеі. Вельмі вялікі крок здзейснены, бо гэта камісія з удзелам, падкрэслю, дзяржаўных арганізацыяў, дзяржаўных структураў Украіны. І для нас вялікі гонар, што мы атрымалі запрашэнне ўзяць удзел у дзейнасці такой структуры.

– Першыя канкрэтныя вынікі можна чакаць у наступным годзе?

– Не, не, гэта будзе ў снежні, ужо найбліжэйшымі днямі даслоўна. Адбудзецца паседжанне, якое распрацуе пакет прапановаў. Яны будуць прапанаваныя на разгляд Камітэту спорту Вярхоўнай Рады, які вынесе гэтыя прапановы на абмеркаванне ўсёй Вярхоўнай Рады. Будуць выдавацца пастановы парламенту Украіны, якія пройдуць праз розныя дзяржаўныя структуры: МЗС, Раду нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і гэтак далей. Такім чынам будуць зацвярджацца і санкцыйныя спісы, і прапановы аб допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў. То бок стварэнне гэтай працоўнай групы – ініцыятыва Украіны адысці ад пасіўнай канцэпцыі «байкот», якая не стварае нейкай ініцыятыўнай турбулентнасці. А тут гаворка менавіта пра актыўную пазіцыю Украіны. Лічу, што гэта паспяховы крок. І вельмі своечасовы. Думаю, паспеем унесці канкрэтныя прапановы да паседжання выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту, што адбудзецца 6 снежня.

Сам факт стварэння такой працоўнай групы ёсць сведчаннем таго, што нас пачулі.

– Вы выступаеце ўжо як палітыкі ці як функцыянеры, інтарэсы якіх абмежаваныя выключна спортам?

– Спорт сам па сабе – гэта такая вялікая палітыка. І ў такіх умовах, у якіх мы цяпер ёсць, і ў якіх застаюцца беларусы, беларускі спорт, мы вымушаныя час ад часу абмяркоўваць і каляпалітычныя пытанні. То бок мы ўжо падчас усіх гэтых візітаў і сустрэчаў, усіх гэтых працоўных працэсаў рэпрэзентуем усю Беларусь як краіну. Беларусаў як нацыю. Бо немагчыма, прыехаўшы ў Дзярждэпартамент ЗША, казаць, што я тут проста нейкі спартовы функцыянер, менеджар, мая справа маленькая, калі ўздымаюцца пытанні сапраўды палітычнага ўзроўню. Але размова, натуральна, ідзе пра палітыку ў спорце, пры гэтым не выходзячы на абшар глабальнай палітыкі. За яе не чапляемся.

Hавiны
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі
2022.11.24 17:05

Гутарыў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў