Прысуд гітарысту «Крамбамбулі» і рэзалюцыя аб правах чалавека ў Беларусі. Рэпрэсіі за 24 лістапада

Больш за два гады ў Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Амаль не бывае дня без навінаў пра новыя затрыманні, суды або катаванні палітвязняў. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін дзень 24 лістапада.

Уладзіслаў Плюшчаў. Фота: by_culture/Telegram

Гітарысту «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіславу Плюшчаву прысудзілі 3 гады калоніі. Тры месяцы таму Плюшчава ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі з канфіскацыяй яго асабістага аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у памеры 6 400 рублёў. Цяпер музыку абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 188 («Паклёп») і ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»). З улікам папярэдняга прысуду дзяржабвінаваўца запрасіла для палітвязня тры гады зняволення і 300 базавых велічыняў штрафу – столькі і прызначыў суддзя Андрэй Млечка.

Берасцейца Сяргея Нікіцюка асудзілі на тры гады калоніі за каментар пра Лукашэнку і перасланы фотаздымак бюлетэня з рэферэндуму. Нікіцюка асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паведамляецца, што мужчына ва «Вконтакте» пакінуў каментар «Трепло» на адрас Лукашэнкі. Суд палічыў гэты каментар публічнай абразай. Таксама 27 лютага ён даслаў у тэлеграм-бот рэдакцыі «NEXTA» фота бюлетэня для галасавання на рэферэндуме.

Палітык Статкевіч пасля ШІЗА трапіў у медчастку з пнеўманіяй. Ягоная жонка: «Я не хвалююся – я крычу»

Затрыманы грэка-каталіцкі святар Віталь Быстроў. Ён служыць грэка-католікам з парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах. Святара ўжо затрымлівалі ў лістападзе 2020 года, тады ён атрымаў 10 содняў арышту паводле арт. 23.34 КаАП.

У Менску вынесены прысуд жыхарцы Светлагорска Наталлі Зорынай за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1. арт. 342 КК). Суддзя Міхаіл Макарэвіч пастанавіў прызначыць ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») на тры гады.

24 лістапада ў Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы палітвязня Максіма Лацунцэвіча, бацькі семярых дзяцей. Яго абвінавачваюць паводле арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы»), а таксама паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК. Мужчына быў затрыманы 29 верасня 2021 года ў межах «справы Зельцара».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне распрацоўшчыка студыі «ICON GAMES» Валерыя Буйвідовіча. Паводле сілавікоў, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя каментары». На « пакаянным» відэа Валерыя прымушаюць назваць свой заробак.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў «тэрарыстычны спіс» – там з’явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек. Гэта Максімаў Дзяніс, Талкачоў Сцяпан, Супрунчык Іван, Хрыстафораў Ігар, Ганчарык Павел, Фісюк Сяргей, Быкаў Андрэй. Цяпер у ім 958 чалавек, з іх 213 – беларусы.

Instagram-старонка праекту «Август2020», дзе распавядаліся гісторыі людзей, якія пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў, прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі сайт і сацсеткі анархісцкага рэсурсу «Прамень».

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны