«Хай IKEA пералічыць грошы для палітвязняў». Кампанію абвінавацілі ў выкарыстанні працы зняволеных беларусаў


Шведскую кампанію IKEA абвінавацілі ў выкарыстанні прымусовай працы беларускіх зняволеных. Там заявілі, што ніякіх доказаў таму няма, але паабяцалі правесці праверку. Што вядома пра скандал, ці мусіць IKEA несці адказнасць і што кампанія можа зрабіць у гэтай сітуацыі?

Крама IKEA у Кракаве.
Фота: pixabay.com

Нямецкая газета «Die Tageszeitung» разам з французскімі расследавальнікамі з «Disclose» апублікавала артыкул пра дзейнасць шведскай кампаніі ў Беларусі. У матэрыяле сцвярджаецца, што IKEA супрацоўнічала з беларускімі пастаўляльнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных, у тым ліку палітвязняў.

«Каля паловы буйных беларускіх пастаўляльнікаў IKEA за апошнія 10 гадоў мелі дачыненне да калоніяў, і такую супрацу можна дакладна пацвердзіць агулам для 10 кампаніяў», – гаворыцца ў артыкуле.

Расследавальнікі сцвярджаюць, што з беларускіх калоніяў IKEA праз сваіх партнёраў атрымлівала не толькі нейкія дэталі, але і цалкам гатовыя вырабы. У прыклад прыводзіцца ПК-5 у Івацэвічах. На галоўнай старонцы сайту гэтай установы паведамляецца, што свае тавары яны прадаюць як у Беларусі, гэтак і за мяжою.

«Нашая арганізацыя – гэта натуральныя матэрыялы, высокая якасць і вялікі выбар мадэляў. На сёння мы з’яўляемся стабільным і паспяховым прадпрыемствам на ўнутраным рынку Рэспублікі Беларусь і за яе межамі (Расея, Францыя, Нямеччына і інш.)», – гаворыцца на сайце калоніі.

Міністэрства ўнутраных справаў даўно наладзіла бізнес на зняволеных. Створаны адпаведны сайт, дзе можна знайсці ўсё, што вырабляюць за кратамі. Тут і мэбля, і адзенне, і сметніцы, і сувеніры, і нават клюшкі ды хакейны рыштунак з лагатыпам «Дынама».

«Мы ў калоніях нічога не набывалі»

У расследаванні згадваецца, у прыватнасці, «Віцебскдрэў». Прадпрыемства супрацоўнічала з IKEA і нібыта купляла дошкі ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2.

У «Віцебскдрэве» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. Там распавялі, што сапраўды супрацоўнічалі з IKEA, але не наўпрост: толькі пастаўлялі дэталі для тых, хто рабіў мэблю для шведскага рэтэйлера.

«У калоніях мы нічога не набывалі. У нас вытворчасць на пачатковым узроўні. Самі мы мэблю не вырабляем, але вырабляем дэталі, напрыклад, драўняныя пліты. У нас іх закуплялі і Польшча, і Вугоршчына, і Нямеччына, і Расея. Сваю прадукцыю мы сертыфікавалі паводле стандартаў IKEA – гэтага ад нас патрабавалі пакупнікі», – сказалі ў «Віцебскдрэве».

На прадпрыемстве таксама прызналіся, што супраца з Еўропай спынілася пасля пачатку вайны ва Украіне.

«З Еўропай наогул ніякага супрацоўніцтва няма. З Расеі IKEA сышла. Быў дзень ікс, і пасля яго ўсё спынілася», – падсумавалі ў «Віцебскдрэве».

«Прыкметных адхіленняў не выяўлена»

IKEA з абвінавачваннямі не пагадзілася. У адмысловай заяве адзначаецца, што кампанія падчас працы з Беларуссю праводзіла аўдыт пастаўляльнікаў, але «прыкметных адхіленняў не выяўлена».

«Мы расследуем прэтэнзіі. Зараз у нас няма доказаў таго, што пішуць медыі. На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы ясна разумеем, што парушэнням правоў асобы, такім, як прымусовая і кабальная праца, не месца ў нашым бізнесе», – падкрэслілі ў IKEA.

Кампанія запэўніла, што калі б заўважыла штосьці падазронае, неадкладна б правяла расследаванне і прыняла б неабходныя захады.

«Мы маглі б прапанаваць IKEA ўнесці грошы ў фонд для палітвязняў»

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у каментары для «Белсату» сказаў, што тэарэтычна да IKEA сапраўды маглі трапіць тавары, зробленыя з удзелам беларускіх зняволеных. Ён растлумачыў, што кампанія патрабуе ад сваіх пастаўляльнікаў выконваць пэўныя стандарты і мяркуе, што ейныя партнёры пасля падпісання дамоваў сумленна будуць трымацца гэтых стандартаў.

«Фізічна пракантраляваць, падманвае беларускі пастаўляльнік ці не, IKEA не можа. Я ўпэўнены, што гэты кантроль на ўзроўні самой IKEA папярова-дакументальны. IKEA не будзе праводзіць следства, высвятляць, ці сапраўды тая або іншая дзеравяка прыйшла ад гэтага вытворцы, а ён яе ўзяў тамака ці тамака», – кажа Кныровіч.

У гэтым сэнсе, паводле яго, IKEA можа пазбегчы адказнасці, бо са свайго боку ўсе свае працэдуры кампанія выканала.

«У IKEA будуць чыстыя рукі, таму што яна скажа: хлопцы, ну, мы ўсе пратаколы выканалі, усе неабходныя працэдуры са свайго боку зрабілі, а тое, што беларускі пастаўляльнік пайшоў на падман, гэтага мы пазбегчы не можам, мы зрабілі ўсё, што ў нашых сілах», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

Кныровіч, калі быў за кратамі, працаваў у калоніі на дрэваапрацоўванні. Кажа, што даведацца, для каго зняволеныя штосьці вырабляюць, немагчыма.

«У паперах гэта былі нейкія прыватныя беларускія пакупнікі, але, натуральна, шлях паміж IKEA і калоніяй – там тры нейкія кампаніі стаялі б паміж імі. Не для таго, каб схаваць, а таму што такая завядзёнка ў Беларусі», – распавёў бізнесовец.

Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Адначасова ён адзначыў, што ў такой буйной кампаніі, як IKEA, няма карысці ад выкарыстоўвання нявольніцкай працы, бо шкода ад скандалу перакрые ўсю магчымую выгаду.

«Калі мы гаворым пра абвінавачанні, у нас мусяць быць непасрэдныя доказы, якія пацвярджаюць гэтыя абвінавачанні. IKEA заведама не зацікаўленая ў такіх скандалах. Для яе сацыяльная адказнасць не пусты гук, бо гэта сусветная кампанія, якая працуе на развітых рынках, і наступствы скандалу больш страшныя, чым нейкая дробная выгада ад такога роду супрацы», – падкрэсліў бізнесовец.

Ён заклікаў дачакацца вынікаў праверкі. Калі нейкія парушэнні з боку IKEA пацвердзяцца, то адказныя супрацоўнікі мусяць быць пакараныя, а сама кампанія магла б выплаціць кампенсацыю, мяркуе Кныровіч.

«Мы маглі б прапанаваць IKEA унесці грошы ў фонд кампенсацыі для палітвязняў. Трэба дзейнічаць сістэмна, і каб вынік быў сістэмны, а не проста эмацыйны. Гэта будзе па-беларуску, нармальна, карэктна, інтэлігентна», – упэўнены Аляксандр Кныровіч.

Студыя «Белсат»
Скандал з IKEA: у продажы знайшлі мэблю, зробленую беларускімі палітвязнямі ў турме. Вечаровы эфір за 21 лістапада
2022.11.21 20:33

На мінулым тыдні беларускі актывіст Пятро Маркелаў, які вучыцца ў Чэхіі, правёў акцыю пратэсту ў мэблевай краме IKEA ў Празе. На сваёй старонцы ў Facebook ён апублікаваў спіс прадпрыемстваў, якія, на ягоную думку, супрацоўнічалі з IKEA. «Калі вы ведаеце таго, хто там працаваў ці працуе, я гатовы заплаціць $ 3000 за праўдзівыя доказы таго, што матэрыялы, якія пастаўляліся калоніямі, выкарыстоўваліся для вытворчасці прадуктаў IKEA», – напісаў Маркелаў.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў