«Жанчына сама правакуе мужчыну». І яшчэ 15 памылковых меркаванняў пра гвалт


25 лістапада пачынаецца сусветная акцыя: 16 актыўных дзён супраць гвалту над жанчынамі. Мы ведаем яго відавочныя формы, калі справа датычыць фізічных праяваў. Але не ўсе разумеюць, што гвалт – гэта не толькі калі адзін чалавек збівае другога. Вось 16 памылковых меркаванняў, якія дасюль існуюць у нашым грамадстве.

1. Няправільна, што дні супраць гвалту накіраваныя на абарону жанчын: мужчыны таксама могуць быць ахвярамі гвалту

Вядома, ад гвалту не абаронены ніхто. Але праз патрыярхальныя перажыткі ў беларускім грамадстве жанчына застаецца ў больш небяспечным становішчы, радзей гаворыць пра свой стан і звяртаецца па дапамогу, часцей робіцца ахвяраю праз гендарную няроўнасць. У Беларусі кожная трэцяя жанчына пацярпела ад гвалту, і гэта шмат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мастачка Катрын Ненашава слухае мужчыну падчас свайго перформансу «Паспрачайся са мной», падчас якога распавядае людзям на вуліцах аб праблеме гвалту ў сям’і падчас ізаляцыі ад каронавіруса. Санкт-Пецярбург, Расея. 11 траўня 2020 года.
Фота: Антон Ваганаў / Reuters / Forum

2. Гвалт над жанчынаю – справа самой жанчыны

Паводле справаздачы Сусветнай арганізацыі здароўя, гвалт над жанчынай павялічвае выдаткі сістэмы аховы здароўя, бо пацярпелыя жанчыны часцяком маюць патрэбу ў дапамозе, у тым ліку і ў той, якая дорага каштуе. Даследаванні таксама паказваюць сувязь паміж узроўнем гвалту над жанчынамі ды агульным гвалтам у краіне. Гэтак, жорсткае абыходжанне з жанчынамі ў грамадстве – адзін з самых надзейных фактараў прагнозу для гвалту на дзяржаўным і міждзяржаўным узроўні.

Артыкулы
«Яна гатовая ўвесь боль жанчын браць на сябе». Вольга Шпарага пра затрыманне Вольгі Гарбуновай
2021.11.23 12:16

3. Калі жанчына кажа не, яна мае на ўвазе так

Не значыць не незалежна ад полу чалавека, які гэта кажа. Згода – калі чалавек кажа так. Маўчанне, няўпэўненасць ці адсутнасць адказу – гэта не згода і не можа трактавацца як згода. Дзеянні без згоды, асабліва сексуальныя, – гэта гвалт.

4. Проста трэба паважаць сябе і не дазваляць кепска з сабой абыходзіцца

У сітуацыю гвалту можа трапіць любая жанчына, і не абавязкова мусяць быць перадумовы. Гэта можа быць як раптоўны акт агрэсіі ад незнаёмага чалавека, так і дзеянні ў сям’і ці ў сяброўскай кампаніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Johis Alarcon / Panos Pictures / Forum

5. Калі не б’е, то і пра гвалт няма чаго гаварыць

Існуе вялікая колькасць відаў гвалту, акрамя фізічнага. Гэта эканамічны і рэпрадуктыўны гвалт, сексуальны гвалт і прымус, цкаванне, кантроль паводзінаў, ізаляцыя, крыкі, лаянка, абразы, пагрозы, нецэнзурныя выказванні, запалохванне, ізаляцыя, маргіналізацыя, дыскрымінацыя ды іншае.

6. Гвалту можна пазбавіцца, калі жанчына проста сыдзе ад агрэсара

Ёсць сітуацыі, калі жанчына залежыць ад агрэсара эканамічна, баіцца помсты ў дачыненні сябе ці дзяцей, асуджэння, не мае псіхалагічнага падтрымання сям’і ці сяброў або проста не мае куды сысці.

7. Не разарвала стасункаў пасля першага ўдару – значыць, яе ўсё задавальняе

Псіхалагічная агрэсія і ціск нарастаюць. Гэта адбываецца паступова і можа цягнуцца некалькі месяцаў. Потым адбываецца «разрадка» агрэсара, калі ён ужывае фізічны гвалт. А затым наступае раскаянне, што дае памылковую надзею жанчыне на тое, што гвалт не паўторыцца. Але тым часам жанчына ўжываецца ў ролю ахвяры.

8. Тое, што адбываецца ў сям’і, – справа сям’і

Гвалт караецца законам незалежна ад таго, мае ён месца на дварэ ці ў хаце. Тое, што ў Беларусі не прынялі Закону супрацьдзеяння хатняму гвалту, пагаршае прававы стан ахвяры, але не пазбаўляе агрэсара адказнасці за пабоі, цялесныя пашкоджанні, катаванні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Konkov / TASS / Forum

9. Выносіць смецце з хаты на агульнае абмеркаванне сорамна

Насамрэч жанчыны часцяком сутыкаюцца з рэакцыяй кшталту «трэба быць па-жаночы мудрай і прамаўчаць», «сама вінаватая» ці «бачылі вочы, што рукі бралі». Калі жанчына ведае, што сутыкнецца з асуджэннем, то ёй значна складаней заявіць пра сітуацыю, у якой яна апынулася, а самастойна супрацьстаяць гвалту ў яе можа не быць рэсурсаў.

10. Трэба было не чакаць, пакуль ён цябе паб’е, а сыходзіць

Часцяком фізічны гвалт ідзе поруч з псіхалагічным, і, калі агрэсар падымае руку на ахвяру, у гэты момант яна можа быць ужо псіхалагічна зламаная пагрозамі, крытыкай, ізаляцыяй, кантролем.

Hавiны
Супраць гвалту і злачыннасці. Як спынялі кровапраліцце апошнія тысячы гадоў ад Грэцыі да Афрыкі
2021.08.12 19:16

11. Варта захоўваць сям’ю дзеля дзяцей

Вядома, калі ў дзіцяці навідавоку здаровыя стасункі паміж бацькамі, то ў яго больш устойлівая псіхіка і фармуюцца адэкватныя ўзоры ўзаемадзеяння з грамадствам. Але калі малое робіцца сведкам гвалту, то гэта можа нанесці псіхалагічную шкоду і дзіцяці. Да таго ж дзеці таксама часта робяцца ахвярамі ў сям’і, дзе здараецца гвалт. Таму папулярны выраз «дзецям патрэбная поўная сям’я» не мае пад сабою грунту.

12. «Жанчына сама правакуе мужчыну на гвалт»

Толькі агрэсар мае несці адказнасць за гвалт. Ні кароткая спадніца, ні вечаровыя шпацыры ў парку, ні яркі макіяж альбо нешта іншае не можа стаць нагодаю вінаваціць ахвяру ў тым, што над ёй учынілі гвалт. Да таго ж абвінавачанне ахвяры ёсць адною з формаў паўторнай віктымізацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: YARA NARDI / Reuters / Forum

13. Да гвалту найбольш схільныя людзі з нізкім сацыяльным статусам і алкагольнаю залежнасцю

Гвалт здзяйсняюць людзі любога сацыяльнага статусу, узроўню адукацыі, эканамічнага становішча, розных прафесіяў, месца жыхарства… Так, пры алкагалізме чалавеку складаней кантраляваць эмоцыі і дзеянні, але гэта не стоадсоткавы і не адзіны паказальнік гвалту.

14. Калі дзяўчына адмовіла хлопцу, а ён працягвае хадзіць за ёю, падпільноўваць каля дому ці працы, – гэта рамантычна

Сталкінг – гэта адзін з відаў гвалту, калі агрэсар пераследуе ахвяру. Такі від не прапісаны ў беларускім заканадаўстве, і ахвяра не можа ніяк законна спыніць гэтага пераследу. Але гэты псіхалагічны ціск можа шкодзіць ахвяры ды цягнуцца не адзін год. Дабіцца забароны на набліжэнне праз суд без фізічных праяваў гвалту ў Беларусі амаль немагчыма.

Гісторыі
«Я прыдумала зрабіць самы жаночы пратэст». Жанчыны распавялі, чаму захацелі заводзіць дзяцей у Беларусі
2021.10.14 08:30

15. Мужчыны не ўмеюць асэнсоўваць і гаварыць пра свае пачуцці, іх варта лекаваць пяшчотаю

Насамрэч патэрны, кшталту «ты мусіш быць моцны», «хлопцы не плачуць», так званая таксічная мускуліннасць, якія навязваюцца хлопчыкам з дзяцінства, могуць нашкодзіць іхнаму эмацыйнаму развіццю. Але гэта не апраўданне гвалту. Агрэсару трэба ізаляцыя ад ахвяры і тэрапія, бо адною пяшчотай ахвяра сітуацыю не выправіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Nanna Heitmann / Magnum Photos / Forum

16. У Беларусі гвалт караецца законам, і гэтага дастаткова

На вялікі жаль, у беларускім заканадаўства не прапісаныя шмат якія віды гвалту, а таксама адсутнічае алгарытм супрацьдзеяння гвалту. Калі жанчына выклікае міліцыю, то мужчыну могуць забраць у пастарунак на некалькі гадзінаў ці аштрафаваць, аднак потым ён зноў выходзіць на волю і можа адпомсціць жанчыне. У 2018 годзе Лукашэнка спыніў абмеркаванне Закону супрацьдзеяння хатняму гвалту, які распрацоўвалі МУС і гендарныя ўстановы. Гэта не дало пераадолець праблему замкнёнага кола гвалту.

Інтэрв’ю
Ці будзе месца жанчынам у новай Беларусі? Адказ не такі відавочны
2021.03.08 09:20

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў