Дзяржслужбоўца: Кіраўніцтва мае спісы тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў


«Белсат» пагутарыў з дзейнаю работніцаю дзяржаўнай установы пра атмасферу на працы і вымушаныя звальненні. Імя суразмоўцы змененае дзеля бяспекі.

«У нас у сістэме гучных звальненняў не было. Людзей прымушалі на ўласнае жаданне пісаць заявы. Людзі самі ўсё бачаць і сыходзяць. На іхныя месцы вельмі некампетэнтныя людзі прыйшлі, нават на кіроўныя пасады. Начальніка ўпраўлення некалькі месяцаў таму прызначылі такога, што цяжка ўявіць, як такое магчыма. Чалавек у гэтай галіне працаваў літаральна год. Цяжка растлумачыць прычыну такога прызначэння. Начальнік зусім непадрыхтаваны. Замест яго мусіла працаваць навучаная жанчына, ёй абяцалі гэтую пасаду. У мяне ёсць падазрэнне, што кіраўніцтва мае спісы тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Мы хоць і чыноўнікі, але ў нас даволі аднадушнае разуменне праблемы. Калі 10 жніўня мінулага года выйшлі на працу, мы былі ў шоку ад лічбаў, якія пачулі. Я ў людзей проста спытала, хто галасаваў за Лукашэнку. З 12 чалавек за яго прагаласаваў адзін».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Цяпер чыноўнікі сталі часцей даносіць кіраўніцтву адно на аднаго. Зніклі шчырыя размовы паміж калегамі. Нашую суразмоўцу заўважылі на пратэстах і данеслі пра гэта кіраўніцтву.

«У калектыве ёсць стукацтва, на мяне ў свой час хтосьці данёс, што я хадзіла на пратэсты. Мяне выклікалі, прапрацоўвалі, але дасюль працую. Сама здзіўляюся. Я падазраю, што данёс нехта не з майго ўпраўлення.

Гісторыі
«Людзі разумеюць, што іх закормліваюць за маўчанне». Як выжываюць дзяржаўныя прадпрыемствы
2021.08.31 13:38

Вольга адзначае, што пасля выбараў працы ў ейным упраўленні паменшала. Гэтаму, кажа жанчына, паспрыяла даручэнне Савету Міністраў, згодна з якім ад яе перасталі патрабаваць публікацыяў шмат якіх статыстычных звестак. Бо інфармацыю прадстаўнікі ўлады пастанавілі проста схаваць ад беларусаў.

«Цяпер выконваем толькі неабходную працу, усё па даручэннях зверху, ніякай ініцыятывы, як раней. Я працую ў статыстыцы. Памяняліся падыходы, усё пазакрывалі. Шмат якія пытанні сталі закрытыя для карыстальнікаў. Раней мы шмат на сайце публікавалі, цяпер шмат чаго там не знойдзеце. Асабліва што да замежнага гандлю, вытворчасці. Было адпаведнае даручэнне ад Савету Міністраў. Усе разумеюць, што гэта не можа працягвацца доўга. Перспектыўная моладзь сыходзіць.

Узмацніўся і ідэалагічны кантроль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Леся Пчолка / Белсат

«Ведаю, што манітораць сацыяльныя сеткі. Людзей выклікаюць. Асабліва пасля жніўня-2020, калі хтосьці лайкі ставіў на здымку з бел-чырвона-белым сцягам. Кіраўніцтва выклікала цэлае ўпраўленне, каб прыбіралі і не рабілі гэтага надалей».

Нашая суразмоўца звяртае ўвагу, што ў чыноўнікаў знікла жаданне працаваць якасна.

«Любое даручэнне можна выканаць, прыклаўшы галаву, або закрыць пытанне фармальна. Раней я магла пры выкананні даручэння больш уключыць галаву і нешта дадаваць ад сябе, нейкія лічбы, аналіз зрабіць глыбейшы. Цяпер працую больш фармальна».

Такім чынам чыноўнікі выказваюць свой пратэст, кажа Вольга. А ці глядзяць яны дзяржаўнае тэлебачанне? Адкуль чэрпаюць інфармацыю?

«Я не ведаю нікога сярод сваіх калегаў, хто б глядзеў дзяржаўнае тэлебачанне. Некалькі разоў чула, што выпадкова хтосьці наткнуўся і адразу стаў плявацца. Тэлеграм-каналы чытаем».

Але за выказваннямі Лукашэнкі ў калектыве сочаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

«Нават кіраўнікі адкрыта смяюцца, абураюцца з некампетэнтнасці і лухты».

Вольга лічыць, што, каб чыноўнікі масава звольніліся з працы, мусіць мяняцца агульная сітуацыя ў краіне.

«Многія мае калегі выходзілі на пратэсты, адкрыта выказвалі сваю пазіцыю. Мы цывільныя чыноўнікі, мы такія ж людзі, як дактары, настаўнікі. Мы ўсё выдатна разумеем. Так, працуем пакуль. Але калі сітуацыя будзе мяняцца, то будзем гатовыя падтрымаць пратэст».

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў