Украіна распачала спецаперацыю для ўмацавання мяжы з Беларуссю


У раёны, якія мяжуюць з Беларуссю, накіраваныя 8500 вайскоўцаў і паліцэйскіх. Гэта робіцца з мэтай перадухілення магчымых спробаў мігрантаў трапіць з тэрыторыі Беларусі ва Украіну, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

Украіна распачала спецаперацыю для ўмацавання мяжы з Беларуссю.
Фота: Дзяржаўная памежная служба Украіны

Увечары 23 лістапада Украіна распачала спецыяльную памежную аперацыю «Палессе» на мяжы з Беларуссю. Праводзіць яе Дзяржаўная памежная служба супольна з сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Узброенымі сіламі Украіны і іншымі рэзервамі.

Мэта аперацыі – узмацненне аховы і абароны ўкраінскай мяжы і недапушчэнне міграцыйнага крызісу.

Украіна распачала спецаперацыю для ўмацавання мяжы з Беларуссю.
Фота: Дзяржаўная памежная служба Украіны
Украіна распачала спецаперацыю для ўмацавання мяжы з Беларуссю.
Фота: Дзяржаўная памежная служба Украіны

 

На сённяшні дзень на ўкраінска-беларускай мяжы захоўваецца пагроза перанакіравання плыні мігрантаў на Захад праз Украіну, і таму праваахоўныя органы ўжо цяпер прымаюць меры дзеля ўзмацнення сістэмы аховы мяжы на гэтым участку, зазначае першы намеснік старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Уладзімір Нікіфарэнка.

«Для далейшага рэагавання на магчымае ўскладненне сітуацыі супольна з дзяржаўнымі структурамі ўзгодненае правядзенне супольнай спецыяльнай памежнай аперацыі і распрацаваны адпаведны план», – зазначыў Нікіфарэнка.

Hавiны
Украіна ўзмацняе абарону на мяжы з Беларуссю
2021.11.10 11:16

На мяжы для патрулявання і маніторынгу будуць актыўна прымяняцца авіяцыя, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, а таксама тэхнічныя сродкі назірання. На памежнай тэрыторыі на дарогах, якія вядуць да мяжы, будуць выстаўляцца кантрольныя пасты, запланаваныя праверкі аўтобусных і чыгуначных станцыяў, правядзенне прэвентыўных мерапрыемстваў у населеных пунктах памежжа.

Украіна распачала спецаперацыю для ўмацавання мяжы з Беларуссю.
Фота: Дзяржаўная памежная служба Украіны

Раней Кіеў абвяшчаў пра пачатак аперацыі «Сцяна», які прадугледжвае ўсталяванне адмысловых інжынерных збудаванняў на мяжы з Расеяй і Беларуссю. На мяжы з Беларуссю ўжо распачалі нацягваць калючы дрот і металічныя сеткі, паведамляла раней Дзяржаўная памежная служба Украіны.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў