Стыў Розэнберг пра інтэрв'ю з Лукашэнкам: «Мы са спадаром Лукашэнкам гаварылі пра дзве розныя Беларусі»


Руская служба BBC запісала падкаст з брытанскім журналістам Стывам Розэнбергам пра інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Belsat зрабіў падборку самых цікавых момантаў з размовы.

Пра ўражанні ад інтэрв’ю з Лукашэнкам

Першы раз я зрабіў запыт на інтэрв’ю з Лукашэнкам у 1999 годзе. Гэта значыць, 22 гады таму я зрабіў першы запыт, і давялося чакаць два дзесяцігоддзі. І вось атрымалася. Ён зайшоў у залу, мы селі, «лёгкай размовы» (small talk) перад пачаткам не было, і мы пачалі. Якія ўражанні? Зразумела, што ён спрабаваў мяне збіць з панталыку. У самым пачатку, калі я перабіў яго ў першы раз, ён сказаў: «Я пра гэта пагавару, не хвалюйцеся, не хвалюйцеся». Я сказаў, што не хвалююся, але проста хачу ведаць, чаму паклікалі мігрантаў у Беларусь. Потым ён час ад часу пераходзіў з «вы» на «ты», звяртаўся да мяне на «ты», што было даволі дзіўна для мяне. Я не ведаю, гэта знак непавагі, ці ён проста такі чалавек.

Аляксандр Лукашэнка дае інтэрв’ю для BBC. 19 лістапада 2021 года.
Фота: president.gov.by

Аб паводзінах Лукашэнкі

Ён, як я думаю, працаваў на ўнутраную аўдыторыю, хацеў, каб беларускія тэлегледачы бачылі «сапраўдны твар Захаду» ува мне, што я такі дрэнны, што я запусціў гэтыя вадамёты на мяжы, што я на мяжы пагражаю нацыянальнай бяспецы Беларусі і гэтак далей. Гэта было чакана. Я проста спрабаваў у гэтым інтэрв’ю неяк спакойна рэагаваць на гэта. Такое адчуванне, што ён спрабаваў пастаянна адцягнуць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі і стварыць такую карціну, што Беларусь акружаная ворагамі: Літва, Эстонія, Латвія, НАТА. Ён хацеў паказаць, што я ўвасабленне гэтага калектыўнага Захаду. Я спрабаваў спакойна неяк рэагаваць.

Пра беларускія дзяржаўныя СМІ

Я пагадзіўся адказаць на адно пытанне Беларускага дзяржаўнага тэлебачання пра ўражанні ад інтэрв’ю. Мяне павялі ў іншую кропку ў гэтым будынку, я думаў, што там будзе адзін карэспандэнт, А там цэлы прэс падыход падрыхтавалі.

Але вядома, беларускія дзяржаўныя СМІ спрабавалі выкарыстоўваць кожнае слова, каб паказаць, што ён такі моцны, ён такі вялікі, і я такі маўклівы. Я бачыў тое, што яны паказалі з інтэрвʼю: я там сяджу ў асноўным маўчу, ківаю галавой ці слухаю. Гэта значыць, такога дыялогу няма. Яны змантавалі, яны падзялілі па тэмах: уцекачы, палітычная сітуацыя ў Беларусі, адносіны з ЕЗ. І яны змантавалі ўсе мае пытанні, якія я задаваў, разам, а потым уключылі яго вельмі доўгі адказ. Гэта значыць атрымаўся маналог Лукашэнкі, а не дыялог. Шкада, але чакана.

Сумесная прэс-канферэнцыі Пуціна і Лукашэнкі па выніках расейска-беларускіх перамоваў 9 верасня 2021 году ў Маскве.
Фота: kremlin.ru

Пра стасункі з Расеяй

Калі я задаваў пытанні аб Расеі, ён трошкі раздражняўся. Я сказаў, што хачу ў яго спытаць пра Пуціна – «Спытаеце мяне пра мяне». Відавочна, гэтая тэма – стасункі з Расеяй – даволі далікатная для яго. Ён вельмі хутка разгарнуў размову да Захаду, да заходніх пагрозаў, пачаў казаць аб Другой сусветнай вайне, вельмі эмацыйна сябе паводзіў і я не вельмі разумеў, пры чым тут Другая сусветная вайна, калі гаворка ідзе аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Гэта было эмацыйна, але не па тэме.

Пра сітуацыю на мяжы

Мы прыйшлі і ўбачылі, што група мігрантаў, мужчын, кідае камяні, цэглу, палкі, элементы памежнай загароды ў бок польскіх сілавікоў. Бачылі, як мігранты спрабавалі ламаць памежныя платы. Такое адчуванне, што гэта была спроба справакаваць адказ з боку Польшчы. Стаялі беларускія жаўнеры і нічога не зрабілі для таго, каб спыніць гэтых мігрантаў, якія штурмавалі мяжу. Я падышоў да аднаго афіцэра і спытаў, чаму яны не ўмешваюцца, ён адказаў: «Я не камандзір».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты збіраюцца падчас снегападу ў транспартна-лагістычным цэнтры 23 лістапада 2021 года.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Жанчыны і дзеці сядзелі ззаду, але, натуральна, паколькі выкарыстоўваўся слёзатачывы газ, гэта паўплывала на ўсіх. Але відавочна было, што гэты адказ з боку Польшчы быў справакаваны дзеяннямі мігрантаў. І я запытаўся ў спадара Лукашэнкі: «Гэта нармальна – штурмаваць мяжу? Ён сказаў, што гэта нармальна, але ён сказаў, што я ўзяў гэта ўсё з кантэксту. І пачаў распавядаць, што гэта Польшча вінаватая, таму што нейкі польскі афіцэр даў зразумець мігрантам, што калі яны пройдуць прама да гэтага КПП, то яны змогуць падаць заяву, што хочуць у Еўропу. Але ніхто з мігрантаў мне такое не казаў. Такое адчуванне, што гэта ўсё было запланавана.

На прэс падыходзе пасля інтэрв’ю мяне спыталі журналісты: »А вы лічыце сябе ахвярай польскіх сілавікоў?« Я сказаў, што не. Я там знаходзіўся, я бачыў. Мне і тады здалося, што гэта было зрэжысавана, і гэта была правакацыя.

Пра Беларусь праз год пасля выбараў

Трэба сказаць, што адна справа быць брытанскім журналістам у Беларусі, і зусім іншая справа быць беларускім журналістам, які крытыкуе ўладу ў Беларусі. Гэта розныя рэчы. Але я памятаю, што было ў мінулым годзе, і бачыў, што было ў гэтым годзе. Летась усе, з кім мы гаварылі, лёгка размаўлялі, хацелі мець зносіны з намі, не баяліся гаварыць. Пасля выбараў 2020 года адчувалася свабода. У гэты раз жыццё ішло, крамы працавалі, рэстараны працавалі, людзі хадзілі па вуліцах, але такое адчуванне, што людзі не хочуць ці трошкі баяцца з намі мець зносіны. Мы працавалі свабодна на мяжы, у нас не было праблем, мы размаўлялі, з кім хацелі, але адчувалася, што абстаноўка і атмасфера зусім іншыя. Хоць у інтэрв’ю спадар Лукашэнка казаў, што ўзровень яго падтрымкі ўжо не 80%, як ён сцвярджаў у мінулым годзе, а 87%, ці нават 90%. Гэта неяк не спалучаецца з той карцінай, якую мы бачылі. Людзі не так ахвотна з намі размаўлялі на камеру, як у мінулым годзе. Апаненты ўлады баяцца.

Здымак з праекту «Нябачная траўма».
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Прагноз далейшых падзеяў у Беларусі

Я ўжо даўно прыйшоў да высновы, што рабіць прагнозы аб тым, што будзе адбывацца ў Расеі, Беларусі, ва Украіне – гэта вельмі складана. Усё, што я магу сказаць, мне здалося, што ў гэтым інтэрв’ю мы са спадаром Лукашэнкам гаварылі пра дзве розныя Беларусі. У яго прадстаўленні Беларусь – гэта такая краіна, дзе яго любяць, усе нармальна, і ўсе ворагі і здраднікі ўжо ўцяклі або сядзяць. У мяне трошкі іншае ўяўленне аб тым, што адбываецца. Калі ён так верыць, што ў краіне яго ўсе любяць, мне здаецца, што гэта не вельмі спалучаецца з рэальнасцю. І я не ведаю, да чаго гэта прывядзе ў выніку. Паглядзім.

ВК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў