«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў


Па дзяржпрадпрыемствах Беларусі ідзе чарговая хваля звальненняў з палітычных матываў. Работнікі з розных сфераў і куткоў краіны паведамляюць пра звальненні на падставе адмысловых спісаў.

Адных звальняюць за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, іншых – за меркаваны ці пацверджаны ўдзел у акцыях пратэсту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

Раней такія рэпрэсіўныя кампаніі з масавымі звальненнямі праводзіліся ў дзяржаўных ведамствах і міністэрствах. Цяпер надышла чарга і дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Найлепшыя спецыялісты ў сферы»

Як паведамляюць чытачы «Белсату», адбыліся звальненні на канцэрне «Белнафтахім». Звольнілі ў тым ліку чатырох кіраўнікоў аддзелаў. Спачатку супрацоўнікаў прасілі напісаць заявы пра звальненне на ўласнае жаданне.

«Дырэктару была пастаўленая задача звольніць паводле артыкулу. Аднак ён адказаў, што гэта найлепшыя спецыялісты ў сферы і іх няма за што звальняць», – паведамляюць былыя працаўнікі канцэрну.

Гісторыі
«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды
2021.04.06 14:47

Аналагічная сітуацыя і ў сферы адукацыі.

Як распавёў «Белсату» адзін з чытачоў, у Менскім гарвыканкаме і Міністэрстве адукацыі складаюць спісы педагогаў, у тым ліку і школьных настаўнікаў, якія падпісаліся за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў.

«З усімі будуць у абавязковым парадку не працягнутыя кантракты. А пры магчымасці звольненыя паводле артыкулу», – кажа чытач.

Паводле яго, некаторых настаўнікаў ужо маглі звольніць.

Звальняюць нават дырэктараў

Пра маштаб рэпрэсіяў супраць нелаяльных працаўнікоў сведчаць звесткі ад тэлеграм-каналу «Ник и Майк». У некаторых арганізацыях у спісах на звальненне два-тры чалавекі, у некаторых – нашмат болей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

«Кваліфікацыя работнікаў не мае значэння, звальняюць нават тых, чыя пасада ў адзіным экзэмпляры. Кім іх заменяць – не зразумела», – піша тэлеграм-канал.

Гэтак, паводле яго, на пачатку лістапада ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва былі выкліканыя дырэктары дзяржаўных будаўнічых арганізацыяў, якіх «запрашалі паасобку і спісы на рэпрэсіі дыктавалі».

Гісторыі
«Людзі разумеюць, што іх закормліваюць за маўчанне». Як выжываюць дзяржаўныя прадпрыемствы
2021.08.31 13:38

Па 50 прэтэндэнтаў на звальненне налічылі на «Белавіі» і ў менскім Оперным тэатры, 100 – на барысаўскім заводзе медпрэпаратаў, а на менскай «Камунарцы» – нават каля 300 з 1453 асобаў агульнай колькасці працаўнікоў.

Па 20 спецыялістаў трэба звольніць з Нацбанку, Полацкіх электрасетак і з РУП «Белэнергасеткапраект», з РУП РНТЦ цэнаўтварэння – шэсць.

Сярод ужо звольненых – генеральны дырэктар «Менскметрабуду», намеснік дырэктара НДІ «Будэканоміка», намеснік начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Маскоўскага раёну Менску, намеснік дырэктара і кіраўніца кантакт-цэнтру «Белінвестбанку», начальнік з «Менаблпаліва». Інфармацыя пра некаторых з іх ужо знікла з сайтаў прадпрыемстваў, якімі яны кіравалі.

Звальняюць людзей таксама з «Беларусбанку», цэментнага заводу ў Крычаве, Лукомскай ДРЭС, «БелОМА». Свае спісы склалі для Інстытуту генетыкі, Нацыянальнага гістарычнага музею і Нацыянальнай бібліятэкі. Закранулі звальненні Мытны камітэт, рэдакцыю газеты «Могилевские ведомости», «Рагачоўгаз».

«Гэта ўсё моцна ўразіла Лукашэнку»

Логіку ўладаў у арганізацыі такіх масавых звальненняў «Белсату» патлумачыў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Кіроўная вярхушка, відавочна, хоча зрабіць сістэму больш маналітнай. Лукашэнку ў жніўні 2020 года ўразіла, што ягоная сістэма, вертыкаль, дзяржаўныя структуры аказаліся не такія яму адданыя, як, магчыма, яму здавалася», – адзначыў ён.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Аглядальнік нагадаў, што цэлы шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў быў на мяжы страйку, адбываліся масавыя сходы.

«Гэта ўсё моцна ўразіла Лукашэнку. І ён зрабіў практычныя высновы, якія не аднойчы артыкуляваў, што мы, маўляў, вычысцім усіх, хто вагаўся, хто хаваўся пад плінтусам у важны момант. Збольшага гэтыя кадравыя чысткі на кіроўным узроўні прайшлі ўжо ў дзяржаўных структурах, а цяпер дайшла ўжо чарга да прадпрыемстваў і да шараговага складу. Гэта планамерны працэс», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Страхуюцца перад рэферэндумам

Тое, што такія масавыя звальненні адбываюцца ў сітуацыі, калі «нібыта пратэстаў няма, усіх запалохалі», аглядальнік звязвае з падрыхтоўкай канстытуцыйнага рэферэндуму.

«Гэта таксама момант турбулентнасці. Важна, каб усё прайшло гладка, каб у адны вароты была гульня. І з гэтага гледзішча таксама страхуюцца», – мяркуе эксперт.

Не выключае ён і таго, што разам са звальненнем нелаяльных улады спрабуюць перамагчы праблему залішняй колькасці людзей на прадпрыемствах і схаванага беспрацоўя.

«Закручваць гайкі і далей»

Пры гэтым Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што ўсе дзеянні рэжыму пасля жніўня 2020 года, накіраваныя на захаванне і цэментаванне сітуацыі, «па вялікім рахунку дэструктыўныя, бо яны ідуць не на карысць Беларусі, не на карысць інтарэсам грамадства, не на карысць развіццю краіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

«Але ў кароткатэрміновай перспектыве мы бачым, што рэжым дамагаецца сваіх мэтаў. Сапраўды ўдалося ўзяць сітуацыю пад каўпак. Павысіць узровень страху да такіх вышынь, што людзі баяцца не толькі на вуліцу выходзіць, але й камент ці лайк паставіць. Так што, на сённяшні дзень кіроўнай вярхушцы, відаць, здаецца, што яна дзейнічае абсалютна правільна: калі гэта працуе, то трэба закручваць гайкі і далей», – падкрэсліў аглядальнік.

Інтэрв’ю
Алег Шанюк, былы працаўнік БМЗ: Малявалі маё будучае жыццё ў канаве
2021.11.24 11:44

МГ belsat.eu

Стужка навінаў