Што новага «накапаюць» на беларусаў сілавікі? Глядзім на новы ўказ пра сачэнне за інтэрнэтам


Беларускіх правайдараў і мабільных аператараў указам 18 кастрычніка забавязалі выкарыстоўваць для ўзаемадзеяння з сілавікамі адмысловую інфармацыйную сістэму. Сачэнне могуць загадаць паставіць і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Чаго сілавікі яшчэ не ведаюць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dennis Skley / Flickr, CC BY-ND 2.0

У рэйтынгу свабоды інтэрнэту «Freedom House» Беларусь адносяць да несвабодных краінаў. Беларусі даюць 28 балаў са 100 – крыху лепш за Узбекістан, крыху горш за Судан, аж на 5 балаў больш за Расею. За год Беларусь страціла ў рэйтынгу 3 балы, Расея – 7. Падобна, налета Беларусь страціць яшчэ больш балаў.

18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які дае органам аператыўна-вышуковай дзейнасці права патрабаваць ад дастаўцаў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў ставіць сачэнне – інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння з сілавікамі. За сістэму адказнае нядаўна створанае на загад Лукашэнкі УП «Цэнтр лічбавага развіцця» – былы Інстытут дастасоўных праграмных сістэмаў пры Міністэрстве сувязі. Уладальнікам і аператарам сістэмы прызначанае УП «БелДІЭ». Сілавікі мусяць мець кругладзённы і бясплатны доступ да праграмы сачэння, абмежаванняў ва ўказе фактычна няма.

Сілавікі і так маюць доступ шмат да чаго

Яшчэ пасля пратэстаў 2010 года беларускія сілавікі атрымалі доступ да звестак мабільных аператараў пра месца перабывання абанентаў у цікавы ім час. Сотні людзей выклікалі на допыты, бо іхныя тэлефоны «засвяціліся» там, дзе былі мітынгі.

Тэлефанаванні і ведамкі могуць лёгка перахапіць. Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі ці старшыня Следчага камітэту даўно могуць даць санкцыю на праслухоўванне любога абанента. Сілавікі маюць права выкарыстоўваць праграмы-шпіёны. Лукашэнка асабіста намякае сваім чыноўнікам, што за імі сочаць.

Парады
Тэлефон шмат ведае пра вас. Ці здасць ён вас КДБ?
2021.05.04 12:56

Сілавікі могуць без падставы ўламіцца з ператрусам у офіс замежнай IT-кампаніі. А значыць, і здабыць звесткі кампаніі, калі тыя не зашыфраваныя. Сілавікі могуць скрасці звесткі візавага цэнтру. Да банкаўскай інфармацыі беларусаў сілавікі, падобна, маюць поўны доступ. Не кажучы ўжо пра гісторыю наведвання сайтаў, якую правайдары абавязаныя захоўваць з 2015 года.

Дык чаго сілавікі яшчэ не могуць?

Сэрвісы, якія адмовяцца ставіць сачэнне, могуць заблакаваць у Беларусі. Можна ўявіць, што для некаторых сэрвісаў гэта будзе дастатковаю пагрозаю, каб даць сілавікам доступ да звестак сваіх кліентаў, але буйныя міжнародныя кампаніі, імаверна, могуць ахвяраваць параўнальна невялікім і небагатым беларускім рынкам, каб не трапіць у скандал. Напрыклад, Facebook і Telegram не сталі выконваць патрабаванняў нават расейскіх уладаў – Facebook цяпер заблакаваны ў Расеі, Telegram у Расеі беспаспяхова спрабавалі заблакаваць цягам двух гадоў.

Ды правайдары і шмат якія беларускія кампаніі, імаверна, пагодзяцца на ўмовы сілавікоў, як могуць пагадзіцца і расейскія – мо нават і кітайскія (ім не звыкаць).

ВІДЭА
Ці магчымы ў Беларусі татальны лічбавы кантроль над грамадствам?
2021.03.19 17:05

Беларуская абсерваторыя інтэрнэту лічыць, што раней сачэнне праз інтэрнэт-рэсурсы і базы звестак было толькі патэнцыйнаю пагрозай, але цяпер беларускія сілавікі збіраюцца сур’ёзна заняцца гэтым на сталай аснове. Указ толькі дапаўняе ўжо існыя нормы і пашырае «без таго неабмежаваныя паўнамоцтвы сілавікоў у сачэнні за грамадзянамі».

На думку Абсерваторыі, сілавікоў будуць цікавіць звесткі пра пакупнікоў інтэрнэт-крамаў і карыстальнікаў сэрвісаў дастаўкі ежы, службаў таксі і каршэрынгу, геалакацыі карыстальнікаў. Магчыма нават звесткі з «разумнага дому» або галасавога памочніка, калі дастаўцы гэтых паслуг пагодзяцца паставіць сачэнне. Кантраляваць дзеянні сілавікоў могуць толькі іншыя сілавікі.

«Наколькі я зразумеў, раней звесткі ад аператараў атрымліваліся на запыт, не аўтаматызавана, – кажа «Белсату» прадстаўнік Кіберпартызанаў. – У новым указе ад аператараў трэба адкрыць свае базы аўтаматызаванаму доступу ААЦ і КДБ. Гэта павысіць эфектыўнасць працы карных органаў. Наколькі я зразумеў, гаворка не пра новыя звесткі».

Кіберпартызаны якраз дэманструюць, што татальнае сачэнне праз высокія тэхналогіі можа павярнуцца супраць сілавікоў і рэжыму. Хакеры могуць узломваць базы сілавікоў, раскрыць адрасы сілавікоў і паслухаць іхныя размовы, нават перашкодзіць расейскім планам нападу на Украіну. Чым больш законы Беларусі нагадваюць кіберпанк-антыўтопію, тым больш і дзеянні хакераў нагадваюць фантастычныя фільмы.

Інтэрв’ю
Як спецслужбы сочаць за людзьмі? Распавядае генерал-маёр СБУ
2022.02.18 10:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў