Новым прэм’ерам Брытаніі стане Рышы Сунак – 42-гадовы фінансіст індыйскага паходжання


Вечарам 23 кастрычніка Борыс Джонсан вырашыў не выстаўляць сваю кандыдатуру на лідара Кансерватыўнай партыі і новага прэм’ера Злучанага каралеўства. Днём 24 кастрычніка стала вядома, што Пэні Мордант таксама не будзе балатавацца – адзіным кандыдатам застаўся Рышы Сунак. Ён аўтаматычна стане лідарам партыі і новым прэм’ерам – імаверна, ужо заўтра гэта фармальна зацвердзяць.

Паводле звестак BBC, кандыдатуру Рышы Сунака падтрымалі 188 дэпутатаў-кансерватараў са 100 неабходных, а Пэні Мордант – толькі 27. Борыс Джонсан заяўляў, што меў падтрымку 102 дэпутатаў, але BBC налічыла толькі 57.

Прэм’ер-міністарка Злучанага Каралеўства Ліз Трас падала ў адстаўку 20 лістапада, прабыўшы на пасадзе рэкордна кароткі тэрмін: 44 дні. Яна анансавала новыя выбары цягам тыдня з гэтай заявы.

Выбары не ўсеагульныя: гэта партыя выбірала сабе новага лідара, які аўтаматычна становіцца прэм’ерам. Меркавалася, што пасля вылучэння кандыдатаў шырокае кола чальцоў партыі (звыш 172 тысяч) будзе выбіраць у онлайн-галасавані між двума самымі папулярнымі сярод дзейных дэпутатаў кандыдатамі.

Але кандыдат застаўся толькі адзін. І вось што пра яго вядома.

  • Рышы Сунак нарадзіўся 12 траўня 1980 года ў Саўтгэмптане ў сям’і лекара і фармацэўткі. Ягоныя бацькі індыйскага паходжання (панджабцы), але яны перабраліся ў Брытанію з Усходняй Афрыкі, куды дзядулі і бабулі Сунака эмігравалі з сучасных Індыі і Пакістану. Рышы Сунак мае малодшых брата і сястру.
  • Ён стане першым прэм’ерам індыйскага паходжання ў гісторыі Злучанага каралеўства і першым вернікам-індуістам на гэтай пасадзе. Выхадцы з краінаў паўднёвай Азіі, якія былі калоніямі Брытаніі, складаюць цяпер каля 5 % насельніцтва Каралеўства.
Рышы Сунак (у цэнтры) падчас мінулых выбараў літара Кансерватыўнай партыі. Дарлінгтан, Вялікая Брытанія. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Rishi Sunak / Twitter
  • Сунак жанаты на дачцэ індыйскага мільярдэра, 42-гадовай Акшаце Мурці, якую называлі найбагацейшай жанчынай Каралеўства. Пара мае дзвюх дачок.
  • Сунака крытыкавалі за тое, што кампанія «Infosys», у якой ягоная жонка мае 0,91 % акцыяў, працягвала працу ў Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, але ўжо ў красавіку 2022 года кампанія закрыла расейскі офіс.
Акшата Мурці і Рышы Сунак у індуісцкім храме «Bhaktivedanta Manor». Альдэнгэм, Вялікая Брытанія. 18 жніўня 2022 года.
Фота: Rishi Sunak / Twitter
  • Сунак вучыўся ў прыватнай школе і падпрацоўваў афіцыянтам на летніх вакацыях, скончыў Лінкальнаўскі каледж пры Оксфардскім універсітэце, затым атрымаў ступень магістра эканамічнага кіравання (MBA) у Стэндфардскім універсітэце.
  • Пачаў кар’еру аналітыкам у інвестыцыйным банку «Goldman Sachs», потым працаваў у буйных хэдж-фондах.
  • У 2015 годзе быў выбраны дэпутатам Палаты грамадаў ад Кансерватыўнай партыі ў акрузе на поўначы Ангельшчыны. У першыя гады быў чальцом камітэту асяроддзя, харчавання і сельскіх справаў. Падтрымаў выхад Злучанага каралеўства з Еўразвязу.
  • У 2017 годзе быў перавыбраны ў парламент, стаў ужо парламенцкім памочнікам міністра ў справах жытла і мясцовага самакіравання ва ўрадзе Тэрэзы Мэй.
  • У 2019 годзе падтрымаў кандыдатуру Борыса Джонсана, у ягоным урадзе стаў галоўным сакратаром казначэйства (пасада, падобная да намесніка міністра фінансаў).
Hавiны
У Брытаніі прыдумалі, як вярнуць Джонсана ва ўладу і не раскалоць кансерватараў
2022.10.23 21:31
  • У 2020 годзе стаў канцлерам казначэйства – міністрам фінансаў. Гэта адбылося якраз перад прыходам у Каралеўства пандэміі каронавірусу. За тое, як ён спраўляўся ў час пандэміі, яго крытыкавалі, але ён захаваў пасаду і пэўную папулярнасць сярод кансерватараў. Таксама на час ягонай працы канцлерам казначэйства прыпаў крызіс, выкліканы аднаўленнем пасля пандэміі і вайной ва Украіне.
  • 5 ліпеня 2022 года Сунак падаў у адстаўку і раскрытыкаваў урад, які, як лічыў Сунак, не спраўляўся з крызісам. У тыя дні ў адстаўку падала прыблізна траціна міністраў і сакратароў міністраў Каралеўства – трываў скандал, звязаны з іншым прызначэнцам Джонсана. Праз два дні і сам Джонсан пайшоў у адстаўку.
Брытанскі дэпутат Рышы Сунак на сустрэчы з супартыйцамі. 26 жніўня 2022 года. Норвіч, Вялікая Брытанія
Фота: Rishi Sunak / Twitter
  • У ліпені 2022 года трывалі выбары новага лідара Кансерватыўнай партыі. Сунак выйшаў у фінал, але яго перамагла Ліз Трас. Тады Сунак быў самым папулярным кандыдатам сярод дэпутатаў-кансерватараў, якія выбіралі фіналістаў, але ў апошнім раўндзе галасавалі ўжо шараговыя чальцы партыі, якія аддалі перавагу Трас.
  • Трас прабыла на пасадзе прэм’еркі 44 дні. У час тых выбараў, дзе Сунак саступіў Трас, ён прапаноўваў больш асцярожныя эканамічныя захады і выступаў якраз супраць таго, што ў выніку прывяло да абвалу, які стаў адной з прычынаў сыходу Трас. З прыходам Сунака на пасаду прэм’ера «Financial Times» піша пра большую ўпэўненасць у эканамічных справах Брытаніі.
  • Сунак наўрад ці спадабаецца Крамлю. Напрыклад, ён заклікаў выключыць Расею з «Вялікай дваццаткі» да спынення вайны ва Украіне, а партнёраў у G20 – да калектыўных высілкаў у спыненні «агідных паводзінаў» Уладзіміра Пуціна, адказнага за забойствы ўкраінцаў.
  • Апазіцыя крытыкуе выбар Сунака: у звычайных брытанцаў не было магчымасці прагаласаваць. Таксама апазіцыя звязвае Сунака з крызісам, што адбыўся ў час, калі ён быў міністрам фінансаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў