«Рызыкоўны эксперымент». Абнародаваны законапраект аб Усебеларускім народным сходзе


Апублікавалі і вынеслі на ўсеагульнае абмеркаванне законапраект аб Усебеларускім народным сходзе. Пакуль ад ідэі выбіраць кіраўніка краіны на УНС улады адмовіліся. «Белсат» разам з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім разбіраўся, навошта рэжыму гэты сход і ці наважацца дэлегаты на імпічмент Лукашэнкі.

VI Усебеларускі народны сход у Менску. 11 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Тэму Усебеларускага народнага сходу апошні раз абмеркавалі на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам на мінулым тыдні. Тады ён сказаў, што сход мае мець не толькі паўнамоцтвы, прадугледжаныя Канстытуцыяй, але і нейкія іншыя. Шмат хто з гэтых словаў зрабіў выснову, што гэта акурат пра адмену ўсенародных выбараў прэзідэнта ды ягонае прызначэнне на УНС. Але ў абнародаваным законапраекце пра гэта нічога не гаворыцца. Што праўда, як адзначыў у размове з «Белсатам» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, рэжыму нічога не замінае ў любы час унесці гэткую папраўку:

«Гэта яшчэ законапраект, ён яшчэ будзе абмяркоўвацца, і не выключана, што нейкую псеўдаініцыятыву ад імя нібыта грамадскасці могуць унесці. Маўляў, а давайце, каб не разгойдваць сітуацыі, будзем абіраць прэзідэнта праз Усебеларускі народны сход. Мне здаецца, сам Лукашэнка для сябе гэтыя пытанні не вырашыў, ён рэдка калі мысліць на доўгую перспектыву».

На думку эксперта, цяпер Лукашэнка шкадуе, што не прасунуў ідэі кулуарнага абрання прэзідэнта:

«Ён, відаць, пачаў пра гэта задумвацца, асабліва пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне. Калі б раней яна грымнула, можа, і ў праект Канстытуцыі гэта ўнеслі б, а цяпер ён, відаць, шкадуе. Бо ён убачыў, што, як ні заціскай гайкі, усё-ткі могуць быць новыя трыгеры (антываенныя пратэсты падчас рэферэндуму), якія падчас электаральнай кампаніі могуць ягоны рэжым пахіснуць. Дапускаю, дарэчы, што да 2025 года ўсялякае яшчэ можа здарыцца. Можа, яшчэ перайграюць усё, і прэзідэнцкія выбары 2025 года правядуць не ўсенародна, а праз выбары вось гэтым міжсабойчыкам».

Ці магчымы імпічмент?

Паводле законапраекту аб Усебеларускім народным сходзе, дэлегаты надзеленыя правам, у прыватнасці, прапаноўваць змены ў Канстытуцыю, ініцыяваць прыняцце законаў і правядзенне рэферэндумаў, разглядаць пытанне легітымнасці выбараў ды імпічменту прэзідэнта. Апошнія два пункты прапісаныя вельмі падрабязна. Але Аляксандр Класкоўскі сумняваецца, што старанна адфільтраваны сход наважыцца на нейкую рэвалюцыю, а згадванне гэтай працэдуры – толькі шырма, каб паказаць, што тут дэмакратыі нібыта больш, чымся на Захадзе:

«Нават сённяшні так званы парламент захоўвае права імпічменту. Зразумела, што цяперашні парламент фармуецца такім чынам, што дэпутаты дэ-факта прызначаюцца з лаяльных людзей, таму мы бачылі, што за ўсе гады існавання ніякіх бураў, ніякай фронды фактычна не было. Такім жа стэрыльным, мяркуючы з праектаў, будзе і УНС: такі вось міжсабойчык выключна лаяльных людзей».

Усебеларускі народны сход будзе складацца з наменклатуры, кіраўнікоў выканкамаў, дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадскай супольнасці. Але што рэжым будзе лічыць грамадскаю супольнасцю, можна толькі гадаць: гэты панятак прапішуць у адпаведным законе, які яшчэ рыхтуецца. Лукашэнка раней казаў, каго ён бачыць «грамадскаю супольнасцю». Гэта «прадстаўнікі моладзевых і ветэранскіх арганізацыяў, прафсаюзаў, саюзу жанчын», то бок скрозь праўладныя арганізацыі накшталт БРСМ і «Белай Русі». Але нават такія «правераныя» людзі могуць узбунтавацца, папярэджвае Класкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэта ў пэўнай ступені рызыкоўны эксперымент для Лукашэнкі. Нібыта прадугледзелі, каб гэта была лаяльная структура, але ўзнікае рызыка двоеўладдзя ў нейкай крытычнай сітуацыі. Калі Лукашэнка застанецца, напрыклад, толькі старшынём УНС і прызначыць нейкага пераемніка, то пераемнік можа пачаць сваю гульню. А можа, і ўзбунтуецца гэты УНС, бо ў крызісныя моманты можа назірацца раскол элітаў, калі яны дакладна адчуюць, што ўжо «Акела прамахнуўся» і трэба шукаць новага гаспадара. Таму тут ёсць пэўны момант рызыкі, адчуваецца, што Лукашэнка сам не ўпэўнены ў тым, як будзе працаваць гэтая канструкцыя», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

«Пятае кола ў возе»

Уся гэтая ідэя з Усебеларускім народным сходам задумвалася як механізм перадачы ўлады, заўважае Аляксандр Класкоўскі. Але падзеі ў Казахстане, і вайна ва Украіне, мякка кажучы, не дадаюць упэўненасці, што гэта слушны крок. Класкоўскі не выключае, што для кансерватара Лукашэнкі ідэальна было б наагул нічога не мяняць:

«Ён у сітуацыі жыццёвай драмы. Ён доўга думаў, як яму выкруціцца і стварыць нейкі механізм для пераемнасці ўлады, бо ён разумее, што не вечны, таму прыдумалі канструкцыю з пятым колам у возе. Гэта ўсё распрацоўвалася да казахстанскіх падзеяў, і я думаю, што ў пэўнай ступені Лукашэнка трымаў у галаве вось гэты варыянт Назарбаева, а калі пераемнік Назарбаева яго кінуў, груба кажучы, і адціснуў ад усялякага ўплыву на дзяржаўную ўладу, ужо позна было нешта перайграваць. Фіяска Назарбаева і пачатак вайны ва Украіне ўзмацнілі сумневы Лукашэнкі, ці правільна ён зрабіў, пайшоўшы на гэтую палітычную рэформу».

Аперацыя «пераемнік»

Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу, што дзякуючы Усебеларускаму народнаму сходу Лукашэнка можа наважыцца на аперацыю «пераемнік»: заняць пасаду старшыні сходу, а крэсла прэзідэнта аддаць асобе са свайго атачэння.

«У кожным разе, калі ён будзе заставацца пры ўладзе, ён зойме крэсла старшыні УНС. Інтрыга ў тым, ці захоча ён пайсці на аперацыю «пераемнік», прызначыць, так бы мовіць, тэхнічнага прэзідэнта праз імітацыю выбараў. Ведаючы ягоную натуру, можна схіляцца да прагнозу, што наўрад. Ён пастараецца захаваць у сваіх руках абедзве пасады, бо ён нікому не давярае, нават блізкаму атачэнню, ён  гэта прагаворвае раз-пораз. Калі давядзецца яму балатавацца на выбарах 2025 года, натуральна, гэтыя выбары будуць паводле самага жорсткага сцэнара праведзеныя, у рэжыме спецаперацыі, без усялякай альтэрнатывы», – адзначае аналітык.

Класкоўскі падсумаваў, што Лукашэнка хоча заставацца ва ўладзе «да апошняй фізічнай магчымасці».

Аб’ектыў
Усебеларускі народны сход будуць прызначаць?
2022.10.22 22:25

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў