«Беларусаў і маскалёў не прымаем». Палякі тройчы адмовілі беларусу ва ўездзе ў краіну


Беларуса, які 22 кастрычніка спрабаваў заехаць у Польшчу з тэрыторыі Украіны, тройчы разварочвалі польскія памежнікі. Адмовы працаўнікі Памежнай аховы Польшчы тлумачылі фармальнаю прычынай, а заявы беларуса з просьбаю надаць міжнародную абарону проста ігнараваліся. Пасля трэцяй спробы трапіць у Польшчу хлопец пачуў ад памежнікаў: «Беларусаў і маскалёў мы не прымаем». Мы звязаліся з беларусам, якога выштурхнулі з мяжы. 

«Не, ты нікуды не паедзеш»

Як расказаў «Белсату» хлопец (папрасіў пра ананімнасць), ён легальна жыве ва Украіне з 2018 года – мае від на жыхарства. Ягоны бацька – грамадзянін Украіны. Яшчэ да пачатку вайны беларус падаваўся на атрыманне ўкраінскага грамадзянства, але дакументаў у яго не прынялі, бо меў беларускі пашпарт неналежнай серыі.  Падчас вайны тэрмін дзеяння пашпарта наагул скончыўся. 

Як сцвярджае наш суразмоўца, вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць пашпарт, ён не можа, бо ў 2020 годзе даведаўся, што трапіў у спіс невыязных праз абмежаванні з ваенкамату. Да таго ж у жніўні 2020 года пад рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі трапіў ягоны брат (адбываў за кратамі содні), таму вяртанне ў Беларусь магло скончыцца або мабілізацыяй у войска, або затрыманнем.

Памежная ахова Польшчы.
Фота: strazgraniczna.pl

Акурат гэта маладзён і тлумачыў польскім памежнікам 22 кастрычніка на пераходзе Мэдыка – Шэгіні. Прычым тройчы. За кожным разам прасіў надаць яму міжнародную абарону.

«У першай чарзе стаяў пяць гадзінаў. На кантролі перадаў дакументы і кажу, што падаюся на міжнародную абарону. Яны ніяк не адрэагавалі і павялі да старэйшага, а па дарозе ўжо такім тонам казалі: «Не, ты нікуды не паедзеш». І мне далі адмову, з фармальнай прычыны, што пашпарт пратэрмінаваны. Хоць я тлумачыў ім, што прыехаў да іх з іншай прычыны: атрымаць міжнародную абарону», – расказаў «Белсату» хлопец.

Другім разам просьбу пра міжнародную абарону напісаў на аркушы паперы па-польску і зноў прабіўся ў чаргу да пункту пропуску. Не спрацавала. Гадзіну чакаў старэйшага, але калі той прыйшоў, проста вывеў беларуса, аддаў пашпарт, адмову на заезд і сышоў. Ужо без усякіх тлумачэнняў. Беларус быў здзіўлены, бо меркаваў, што атрыманне абароны на польскім баку будзе «справаю тэхнікі»…

«Ты ж разумееш: законаў цяпер няма…»

Пасля другой адмовы маладзён звязаўся з юрыстам і валанцёрамі ініцыятывы «Партызанка», а потым ізноў стаў у чаргу на польскі пераход. На той момант памежнікам ужо тэлефанавала вядомая беларуска-польская актывістка Яна Шостак, спрабуючы развязаць сітуацыю. Памежнікі мітусіліся, але ў выніку – адмова.

«Маю заяву з просьбаю пра міжнародную абарону яны проста ігнаравалі. Прычым уся змена, не было ніводнага чалавека, які паспрабаваў бы разабрацца. Відаць было, што яны ўсё добра разумеюць, але проста ўсе маўчаць», – кажа беларус, якому адмовілі ва ўездзе ў Польшчу.

Ужо ўначы хлопца вывелі на нейтральную зону на мяжы і, цяпер ужо афіцыйна, перадалі ўкраінскім памежнікам:

«Я сказаў, што нікуды не пайду.  Тады ўжо пачалі крычаць. Пагражалі збіццём, казалі, што кінуць у вязніцу. Падыходзілі розныя людзі: хтосьці крычаў, хтосьці тлумачыў. Калі старэйшыя пайшлі, то сапраўды прагучаў выраз пра беларусаў і маскалёў. Калі я казаў пра міжнародную абарону, на якую маю права паводле закону, прагучала такая фармулёўка, што, маўляў, ты ж разумееш, што законаў цяпер няма. Ведаеце, вялікі спектр эмоцыяў там быў. Але яны ўжо не саромеліся і не падбіралі словаў».

Хлопец вымушаны быў вярнуцца ва Украіну.

Яна Шостак: Чакаем афіцыйнага адказу

Беларуска-польская мастачка і актывістка Яна Шостак называе тое, што адбылося з беларусам на ўкраінска-польскай мяжы, скандалам і кажа пра першы «pushback» у дачыненні беларусаў з боку польскіх памежнікаў. Прынамсі такі беспадстаўны і грубы.

«Тры розныя працаўнікі выставілі яму адмовы… Паводзілі сябе незаконна тры разы і на просьбы прыняць дакументы на статус абароны адказвалі фізічным выштурхваннем у бок украінскай мяжы, кажучы, што «беларусаў і маскалёў не прымаем», – напісала Яна Шостак на сваёй старонцы ў Facebook.

Яна Шостак.
Фота: СФ / Белсат

У гэтым выпадку, заўважае актывістка, не дапамаглі нават ейныя «ўпартасць і кампетэнцыя». На 20 званкоў да памежнікаў ёй адказалі толькі аднойчы. Кіраўніца адной са зменаў заявіла, што «заява пра абарону прымаецца ад кожнага, хто будзе яе прасіць». Вось так.

Як расказала Яна Шостак «Белсату», на ейную просьбу да справы ўжо падключыліся дэпутаты польскага Сейму. Развязаць праблему дапамагае дэпутатка Уршуля Зеліньска. Але патрабуецца і інфармацыйнае падтрыманне медыяў.

«Мы таксама адправілі ліст Памежнай ахове Польшчы і чакаем афіцыйнага адказу. Калі атрымаем, беларус, які цяпер на тэрыторыі Украіны, будзе рабіць чарговую спробу», – кажа Яна Шостак. Яна спадзяецца, што праблема развяжацца найбліжэйшым часам.

Згодна з польскім і міжнародным заканадаўствам, у сітуацыі, калі чалавек просіць на мяжы міжнароднай абароны (статусу ўцекача), нават калі не мае дакументаў, памежная служба абавязаная даць магчымасць мінуць мяжу, каб пазней разгледзець пытанне пра наданне такога статусу.

Беларускі свет
Яна Шостак: «Буду крычаць да канца рэвалюцыі і яшчэ адзін дзень»
2022.02.15 19:05

Дзякуючы намаганням @partyzanka_official і Free Belarus Center, а таксама @sviatlanatsikhanouskayaoffice 25 кастрычніка маладому чалавеку ўдалося падаць дакументы на міжнародную абарону на тым жа пагранпераходзе.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў